Общество


Аляксандр Яўгенаў,

У Расію яны выправіліся ў чэрвені. У Сянно вярнуліся ў лістападзе: без капейкі ў кішэні, з падарваным здароўем і велізарнымі маральнымі выдаткамі. Як Алег і Сяргей (імёны зменены) лічаць самі, ім яшчэ пашанцавала. "Прыгоды" ў Расіі маглі скончыцца куды больш трагічна.

Рашэнне паехаць "падзарабіць" прыйшло спантанна. Сабраўшы апошнія грошы, выправіліся ў Віцебск, дзе іх чакаў знаёмы, які меў кантакты з чалавекам, абяцаўшым працаўладкаваць у Маскве на будоўлі. З абласнога цэнтра аўтобусам за ноч дабраліся да "першапрастольнай". Аднак на Беларускім вакзале ва ўмоўленым месцы браткоў-беларусаў ніхто не сустрэў. Сталі чакаць: гадзіну, дзве, чатыры… Нервовасць дайшла да піку, калі да іх падышоў незнаёмец. "Работу шукаеце? А адкуль вы? Дзе працавалі? Што ўмееце?" — пасля непрацяглай размовы прапанаваў: "Магу працаўладкаваць на цагельным заводзе ў Дагестане. Праца фізічна нялёгкая. Але можна зарабіць добрыя грошы. Да таго ж умовы пражывання, харч, як у санаторыі".

Хлопцы не паспелі раскрыць рот, каб сказаць пра грошы, якіх не было на праезд, як іх апярэдзілі: "Зараз едзем на Казанскі вакзал. Там забяром іншых шчасліўчыкаў — і за горад, дзе нас чакае аўтобус. Праезд, харч на дарогу — бясплатна. Ну, а там заробіце, купіце ўсё, што душа пажадае. Каўказ — багаты край". Пакуль пераязджалі да Казанскага вакзала, віцебскі знаёмец нашых землякоў некуды знік. Алег і Сяргей у Дагестан выправіліся ў адпаведнасці з раскладам.

Па дарозе час падумаць быў. Думкі раіліся розныя, у тым ліку нядобрыя, трывожныя. Яны ўзмацніліся раніцай у Махачкале, дзе новых работнікаў сустракаў нехта Арслан, як ён прадставіўся, гаспадар цагельнага завода. Агледзеў кожнага, пералічыў усіх і забраў пашпарты. …

Трывожныя думкі не давалі спаць і родным Алега і Сяргея. Праз тыдзень пасля ад’езду хлопцаў, яны звярнуліся ў раённы аддзел унутраных спраў з заявай. Маўляў, паехалі ў Маскву, аб сабе нічога не паведамляюць працяглы час. Міліцыя распачала пошукі, якія вынікаў не далі. А ў хуткім часе па факце знікнення людзей раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.

Як знайсці людзей, якія паехалі ў Маскву, трапілі ў Дагестан, нідзе не рэгістраваліся? Нават білет на праезд не куплялі. У касах чыгуначных вакзалаў Беларусі пры набыцці білета за межы краіны патрабуецца пашпарт. А тут, паехалі ў белы свет.

"Як толькі нас прывезлі на завод, я зразумеў — папалі! Гэта не прадпрыемства, а зона! — расказвае зараз землякам Сяргей. — Тэрыторыя завода — абнесена высокай глухой сцяной, рабочыя — бы тыя палонныя: худыя, пахмурыя. Усюды шныраць ахоўнікі".

Улучыўшы момант, Сяргей праслізнуў у кабіну КамАЗа, загружанага цэглай, выбраўся па-за тэрыторыю завода. Выйшаў на дарозе праз дзясятак кіламетраў. Але куды ісці? Як дабірацца на радзіму без пашпарта, без грошай? Сяргея злавілі, вярнулі назад. Моцна збілі і папярэдзілі — у наступны раз за такое пакаранне будзе куды больш строгім. Не толькі паўшчувалі і вадзіцеля аўтамабіля.

І ўсё ж Сяргей не апусціў рукі, не зламаўся духам. Назаўтра ён зноў збег з тэрыторыі завода. Ноч блукаў, пад раніцу выйшаў паўжывы ад стомы і пабояў на дарогу, спыніў папутны аўтамабіль. Яму пашанцавала. За рулём сядзеў Набі, мясцовы жыхар, які мае цесныя камерцыйныя сувязі з Беларуссю — штогод набывае бульбу ў Брэсцкай вобласці. Набі рызыкнуў пасадзіць бегляка ў машыну, даць прытулак. Больш за тое, патэлефанаваў у Сянно родным Сяргея, паабяцаў завезці на радзіму восенню, калі зноў паедзе за бульбай. "Мяне не прымушалі працаваць. Я па ўласнай ініцыятыве, з удзячнасці дапамагаў Набі ў гаспадарцы", — эмоцыі захлістваюць Сяргея.

Дагестанец стрымаў слова і прывёз нашага земляка ў Беларусь. Сяргей змог паведаміць пра сябе родным самастойна. А 8 лістапада прыехаў поездам Брэст — Віцебск. У Багушэўску Сяргея сустракалі не толькі родныя, а і супрацоўнікі міліцыі, раённага аддзела Следчага камітэта.

…Алега таксама сустракалі ў Багушэўску 5 лістапада амаль тым жа складам. Вышуковыя дзеянні па факце прапажы людзей вяліся ў Беларусі, Расіі. Вынікаў яны не прынеслі. Сам Алег не прымаў ніякіх захадаў, каб вырвацца з няволі. Але лёс зміласцівіўся над ім. На завод перасталі падаваць газ, які выкарыстоўваецца для абпальвання цэглы, і нявольнікаў адпусцілі, выплаціўшы мінімальную суму грошай. Працу Алега за паўгода ацанілі ў 10000 расійскіх рублёў, якіх толькі і хапіла, каб вярнуцца ў Сянно.

"Мы жылі на тэрыторыі завода ў цесных бараках: ні табе бялізны, ні памыцца, ні адпачыць. Кармілі кашай, да якой зрэдку дадавалі курыцу на 20-30 чалавек", — успамінае Алег. Яго рукі да гэтага часу захоўваюць сляды працы: чырвоныя, шурпатыя ад пастаяннага дотыку да гарачай цэглы.

Дарэчы, на цагельным заводзе працавала шмат беларусаў, у тым ліку быў мужчына з Багушэўска. Не ўсе яны атрымалі "вольную" як Алег.

У раённым аддзеле Следчага камітэта так пракаменціравалі гэты факт — заявы аб прапажы жыхароў Багушэўска не паступалі.

На бяскрайніх расійскіх прасторах губляюцца сотні і тысячы людзей. Перадача АНТ "Жди меня" ўзнікла не на пустым месцы. Але нават яна толькі мазок на вялікім трагічным палатне рэальнасці. Скажам больш, расійскія праваахоўныя органы, грамадскія праваабарончыя арганізацыі не хаваюць: у краіне існуе цэлая сістэма, з дапамогай якой людзей падманам вывозяць на паўночны Каўказ, дзе эксплуатуюць як рабоў.

Алег і Сяргей заракліся ездзіць на заробкі ў Расію. Ці стануць іх "прыгоды" ўрокам для іншых нашых землякоў?