Общество


Вольга Давідоўская,

У пачатку ХХ ст. у Віцебску налічвалася больш за 300 вуліц і завулкаў. Цэнтральныя, перыферыйныя, гандлёвыя, прамысловыя, вузкія, звілістыя – яны мелі свой характар і сваю гісторыю. Напэўна, самай "адукаванай" вуліцай таго часу можна назваць вуліцу Гогалеўскую, бо змяшчаліся на ёй самыя розныя навучальныя ўстановы. Атрымаць сярэднюю, вышэйшую, прафесійную адукацыю асобам мужчынскага і жаночага полу прапаноўвалі дзве гімназіі, два інстытуты, два вучылішчы, мастацкая школа. Толькі на Гогалеўскай быў такі багаты "выбар"!

Віцебск. Марыінская жаночая гімназія. Паштоўка пачатку ХХ ст.

Вуліца Гогалеўская з’явілася на карце горада ў пачатку ХХ ст. Тады яна злучала Саборную плошчу (зараз плошча Свабоды) і плошчу Магілёўскага рынку (зараз частка плошча Перамогі). Гэты ўчастак пачаў фарміравацца як гарадская магістраль у XIX ст. і спярша быў вядомы як вуліца Вялікая Магілёўская (назва звязана з напрамкам вуліцы, якая ў канцы пераходзіла ў тракт на Магілёў). У пачатку ХХ ст. вуліца была перайменавана ў гонар вядомага рускага пісьменніка М.В. Гогаля. Нарэшце, у 1961 г. вуліца Гогалеўская набыла імя У.І. Леніна і стала працягам ужо існуючай магістралі з такой назвай. А ўчастак былой Гогалеўскай паміж сучасным будынкам па вуліцай Леніна, 12 і вуліцай Калініна існуе зараз як праезд Гогаля.

Адной з першых навучальных устаноў, якая з’явілася на Гогалеўскай вуліцы, была жаночая Марыінская гімназія. Яна пачала дзейнічаць у 1866 г. і змясцілася ва ўласным будынку непадалёку ад дамбы праз Ручай (сёння на гэтым месцы знаходзіцца будынак банка па адрасе: вул. Леніна, 17). Гэта была першая ў Віцебску навучальная ўстанова для асоб жаночага полу, якая давала сярэднюю адукацыю. Атрымаць яе маглі прадстаўніцы розных саслоўяў і веравызнанняў. Выпускніцам выдаваўся атэстат на званне хатняй настаўніцы, а тыя, хто атрымліваў узнагароды (медалі ці кнігі), мелі права без экзаменаў паступаць на педагагічныя курсы.

Жаночая Марыінская гімназія ў Віцебску дзейнічала да 1918 г. Пасля яе закрыцця ў будынку на Гогалеўскай змясціліся іншыя, савецкія, навучальныя ўстановы. У 1924 г. тут знаходзіліся 2‑я школа 1‑й ступені і 7‑я школа 2‑й ступені, у канцы 1930‑х гг. – 13‑я школа, пасля Вялікай Айчыннай вайны – прафесійна-тэхнічнае вучылішча №37 імя Шмырова. На жаль, у 1975 г. будынак быў знесены.

Будынак Марыінскай гімназіі ў 1950-я гг. Фотаздымак К.В. Дурыхіна

Другой па часе з’яўлення навучальнай установай на Гогалеўскай было 1‑е гарадское 4‑класнае вучылішча, якое давала пачатковую адукацыю для хлопчыкаў і дзейнічала ў 1897-1918 гг. Змяшчалася вучылішча ў мураваным трохпавярховым будынку, узведзеным на Гогалеўскай у канцы XIX ст. (зараз дом № 24 па вуліцы Леніна, у якім месціцца вячэрняя школа №10). Выхаванцы атрымлівалі агульныя звесткі па геаметрыі, арыфметыцы, геаграфіі, гісторыі, прыродазнаўству, чыстапісанні, чарчэнні, маляванні. Пры жаданні можна было авалодаць прафесійнымі навыкамі на кавальска-слясарным ці сталярна-такарным аддзяленнях рамеснага класа. Сярод навучэнцаў вучылішча былі знакамітыя ў будучым мастак Марк Шагал (1887-1985), скульптар Осіп Цадкін (1888-1967) і інш.

Былы будынак 1-га гарадскога вучылішча. Фотаздымак: evitebsk.com

У 1897 г. на вуліцы Гогалеўскай з’явілася мастацкая школа-студыя Ю. Пэна – першая падобная навучальная ўстанова ў Віцебску і на Беларусі. Юры (Іегуда) Пэн (1854-1937) – расійскі і беларускі жывапісец, педагог, вядомы як першы настаўнік Марка Шагала. "Школа рисования и живописи художника Пэна" размяшчалася ва ўласнай кватэры мастака. (Будынак не захаваўся. На сучасным будынку на вуліцы Леніна, 30, што знаходзіцца на месцы дома Ю. Пэна, устаноўлена мемарыяльная дошка). Школу-студыю Пэна наведвалі такія сусветна вядомыя ў будучым майстры, як мастак Марк Шагал, скульптар Осіп Цадкін, мастак і архітэктар Эль Лісіцкі. Вучнямі Ю. Пэна былі таксама скульптар Оскар Мешчанінаў, мастак-графік Саламон Юдовін, скульптар і графік Давід Якерсон, графік Яфім Мінін і многія іншыя творцы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва Віцебшчыны, Беларусі і СССР.

Вуліца Гогалеўская і дом Ю. Пэна (злева). Зараз на яго месцы стаіць колішні "сіні" дом. Паштоўка пач. ХХ ст.

Пасля закрыцця школы-студыі ў 1918 г. выкладчыцкая дзейнасць мастака працягнулася на пасадзе кіраўніка адной з майстэрняў у Народным мастацкім вучылішчы, куды Пэна запрасіў М. Шагал. Юры Маісеевіч заўсёды падтрымліваў сувязі са сваімі вучнямі, яны былі побач з настаўнікам да самай яго заўчаснай смерці ў 1937 г.

Юдэль Пэн жыў у доме з мезанінам (злева). Тут былі яго майстэрня і студыя. Пасляваенны фотаздымак

Выдатныя педагогі і выкладчыкі працавалі ў настаўніцкім інстытуце – сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, якая размясцілася на вуліцы Гогалеўскай з восені 1910 г. у будынку былых казармаў 163‑га пяхотнага Ленкаранска-Нашабургскага палка. (Зараз – вуліца Леніна, 16. Гэты будынак на рагу з вуліцай Праўды нядаўна займеў новага прыватнага ўласніка і быў адрэстаўраваны).

У інстытут прымаліся юнакі праваслаўнага веравызнання ўсіх саслоўяў, якія скончылі настаўніцкія семінарыі і мелі стаж настаўніцкай працы не менш за два гады. Акрамя агульнаадукацыйных дысцыплін, навучэнцам выкладалі педагогіку і псіхалогію. Выпускнікі маглі працаваць настаўнікамі вышэйшых пачатковых вучылішчаў у гарадах і мястэчках Віцебскай губерні, а таксама мелі права паступаць ва ўніверсітэты. За восем гадоў існавання інстытут ажыццявіў 5 выпускаў, пасведчанні настаўнікаў атрымалі 150 чалавек.

Вуліца Гогалеўская (зараз — Леніна). Будынак, дзе ў 1910-х гг. размяшчаліся настаўніцкі інстытут, Віцебскае аддзяленне МАІ, прыватная мужчынская гімназія
І. Неруша. Пачатак ХХ ст.

У 1918 г. інстытут быў рэарганізаваны ў педагагічны і стаў першай на Беларусі вышэйшай педагагічнай установай. Яе пераемнік сёння – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава.

У тым жа будынку на Гогалеўскай, дзе размяшчаўся настаўніцкі інстытут, у 1911 г. пачалі дзейнічаць яшчэ дзве навучальныя ўстановы: Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута (МАІ) і прыватная мужчынская гімназія І. Неруша.

27 кастрычніка 1911 г. адбылася першая лекцыя ў Віцебскім аддзяленні МАІ, якое стала адной з першых вышэйшай навучальных ўстаноў Беларусі. На трох факультэтах – археалагічным, археаграфічным, гісторыі мастацтваў (з 1917 г.) – вялася падрыхтоўка па спецыяльнасцях "вучоны архівіст", "вучоны археолаг" і "вучоны мастацтвазнаўца".

Трэба адзначыць даволі высокі ўзровень выкладання ў інстытуце. Для чытання лекцый у Віцебск прыязджалі такія вядомыя вучоныя, як геолаг і палеантолаг А.А. Чарноў, мовазнаўца і славіст Р.Ф. Брант, археолаг В.А. Гарадцоў, гісторык М.М. Фірсаў, выкладчыкі і прафесары МАІ А.І. Успенскі, І.Ф. Калеснікаў, Л.М. Савелаў, В.К. Трутоўскі, С.І. Сабалеўскі і інш. Акрамя таго, лекцыі і заняткі праводзілі мясцовыя навукоўцы і прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, у тым ліку вядомы віцебскі гісторык А.П. Сапуноў, гарадскі галава І.Ю. Сабін-Гус.

Адметна, што і сярод навучэнцаў інстытута таксама былі выдатныя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё архіўнай, музейнай, бібліятэчнай справы Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі. У ліку апошніх член-карэспандэнт Інбелкульта М.М. Багародскі, адзін з кіраўнікоў краязнаўчага руху на Віцебшчыне ў 1920‑я гг. Д.М. Васілеўскі, кіраўнік музея ВВАК К.А. Змігродскі, будучы выдатны беларускі археолаг, прафесар БДУ А.М. Ляўданскі, намеснік кіраўніка Цэнтральнага архіва Беларусі М.В. Мялешка, будучы прафесар БДУ І.А. Сербаў, этнограф, фалькларыст, архівіст А.А. Шлюбскі і інш.

Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута спыніла сваю дзейнасць у 1922 г., пасля закрыцця МАІ.

Прыватная мужчынская гімназія Івана Неруша была адкрыта яшчэ ў 1906 г. Першапачаткова размяшчалася на вуліцы Падзвінскай (сучасная вуліца Талстога), з 1911 г. уладальнік арандаваў памяшканні ў будынку былых казармаў на Гогалеўскай. Гімназія мела 7 класаў, утрымлівалася за кошт збора за навучанне і асабістых сродкаў дырэктара. Яна карысталася правамі ўрадавай навучальнай установы і сваім штатам не адрознівалася ад яе. Выкладчыкамі гімназіі ў розны час былі этнограф і фалькларыст М.Я. Нікіфароўскі, старшыня Віцебскай вучонай архіўнай камісіі У.А. Кадыгробаў. Гімназія І. Неруша існавала да 1918 г.

Будынак па адрасе праезд Гогаля, 3 (былы дом Пішчуліна). Тут знаходзілася рэальнае мужчынскае вучылішча. Фота: Юрый Шэпелеў

У красавіку 1911 г. пачало сваю дзейнасць віцебскае рэальнае мужчынскае вучылішча, якое размясцілася на вуліцы Гогалеўскай у доме купца Пішчуліна (сёння гэта будынак па адрасе: праезд Гогаля, 3; тут месціцца вячэрняя школа). Падобных навучальных устаноў, якія з’яўляліся прамежкавымі паміж класічнымі гімназіямі і гарадскімі вучылішчамі, было няшмат на Беларусі.

У рэальных вучылішчах значная роля адводзілася прадметам матэматычнай і прыродазнаўчай накіраванасці. Па заканчэнні 6‑гадовага курса навучання выпускнікі маглі паступаць у тэхнічныя, прамысловыя і гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1917 г. адбыўся першы і адзіны выпуск вучылішча – 72 чалавекі. На працягу ўсяго перыяду існавання дырэктарам вучылішча быў педагог, гісторык, краязнаўца У.Г. Краснянскі. Як і большасць дарэвалюцыйных навучальных устаноў Віцебска, рэальнае вучылішча спыніла сваю дзейнасць у 1918 годзе.

Былы дом купца Пішчуліна. Фотаздымак са двара. Аўтар: Юрый Шэпелеў

Застаецца дадаць, што сваю "адукацыйную накіраванасць" вуліца Гогалеўская не страчвала і ў савецкі час. У сярэдзіне 1920‑х гг. на ёй размяшчалася адразу дзевяць савецкіх школ 1‑й і 2‑й ступеняў. У пасляваенныя дзесяцігоддзі колькасць навучальных устаноў на вуліцы скарацілася. Сёння на былой Гогалеўскай дзейнічаюць толькі Віцебскі дзяржаўны політэхнічны ліцэй і дзве вячэрнія агульнаадукацыйная школы - №№4 і 10. Але захаваліся дакументы, фотаздымкі, успаміны, друкаваныя выданні, якія могуць вярнуць нас у мінулае і паведаміць гісторыю навучальных устаноў г. Віцебска.

Вольга Давідоўская, галоўны захавальнік фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

Артыкул апублікаваны ў серыі праекта "Віцебск: папулярнае мінулае"
0061257