Общество


Аляксандр Пукшанскі,

Падчас падрыхтоўкі гэтага артыкула… пацярпеў адзін балкон. Пачалося ўсё з таго, што аўтар гэтых радкоў яшчэ ў жніўні вырашыў пры дапамозе камунальнікаў пафарбаваць балконную раму і вокны. Зразумела, не за "дзякуй", афіцыйна хацеў аплаціць паслугу. Аказалася, што камунальнікі не вельмі зацікаўлены зарабляць на платных паслугах насельніцтву. Раму так і не пафарбавалі. Але, як кажуць спрактыкаваныя журналісты, "падарылі тэму", нават некалькі.

"Алё, гэта дыспетчарская?"

Міхаіл Зошчанка ў ліку іншага вядомы тым, што напісаў шмат апавяданняў, актуальных і праз дзясяткі гадоў. Памятаеце яго гісторыю пра печ? Калі прыйшла камісія і ніяк не хацела прызнаваць, што печ чадзіць… Папулярны артыст Аляксандр Філіпенка віртуозна агучыў той твор яшчэ ў савецкія гады. Лаўры Зошчанкі для мяне — недасяжная вышыня. Але і мая гісторыя, упэўнены, павінна прагучаць, бо можа здарыцца з кожным. Тое, што адбылося, адбіла ў мяне ўсялякае жаданне звяртацца па дапамогу да работнікаў сістэмы ЖКГ. Абурае, што за кватэру плачу своечасова, а са мной так…

Яшчэ летам маці патэлефанавала ў дыспетчарскую віцебскага жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка №7 (далей ЖЭУ-7,Аўт.); хацела даведацца, што трэба зрабіць, каб заказаць паслугу па фарбаванні рам балкона і двух вокнаў у нашай маленькай кватэры-"хрушчоўцы". На тым канцы провада параілі прыйсці ў ЖЭУ і звярнуцца да супрацоўніка, які курыруе платныя паслугі.

Майстар па бягучым рамонце даў запоўніць адмысловы бланк. Адразу адзначыў, што шмат працы, таму хутка заяўка выканана не будзе… Чакалі больш за месяц. Але рабочыя так і не прыйшлі, як і сам майстар, які паабяцаў, што ўсё агледзіць, замерыць і вызначыць кошт паслугі.

Напісаў я скаргу ў аблвыканкам — на імя намесніка старшыні. Прыйшла "камісія": прадстаўнікі ЖЭУ, жыллёва-рамонтнага эксплуатацыйнага трэста і рамонтна-будаўнічага ўпраўлення таго ж трэста.

Як мяне запэўнівала работніца трэста, маці або мне трэба было зарэгістраваць заяву на аказанне паслугі. Але ж дыспетчар сказала звярнуцца да майстра, які пра гэта нічога не паведаміў. Пачуў і пра тое, што дамоў шмат, а работнікаў, каб іх абслугоўваць, не хапае. Пра тое, што план па аказанні платных паслуг выкананы, але, зразумела, усіх не задаволіш.

"Камісія", аглядаючы стан балконнай рамы, заўважыла, што ніжні брус яе і "каробкі" гніе. Вырашылі, што брус трэба замяніць, а работы па афарбоўцы правесці вясной наступнага года, калі надвор’е будзе спрыяць.

Паколькі намі быў зроблены заказ і на фарбаванне вокнаў на кухні і ў спальні, агледзелі і іх. Прызналі, што акно на кухні знаходзіцца ў дрэнным стане. Але рамонт, нават дробны, не паабяцалі і перад наступленнем халадоў. У выніку праз шчыліны паміж шклом і рамай на кухні дзьме і цяпер. Заклейваў два разы, дарма час патраціў. Дарэчы, дзіўная сітуацыя: цагляны дом уцяплілі "футрам", а вокны не замянілі.

Два хлопцы праз пару дзён знялі балконную раму, адну з частак забралі, каб замяніць ніжні брус. У вызначаны дзень яе не прывезлі і нават не патэлефанавалі… Дажджы залівалі балкон і перыметр, дзе стаяла рама. Урэшце раму занеслі ў кватэру рабочыя ЖЭУ. Пачалі ў дождж устанаўліваць яе на ніжні брус. Ды не залазіць. Выклікалі выканаўцу абавязкаў начальніка ўпраўлення, які прыходзіў раней у складзе "камісіі". Той даў каманду ставіць. Падчас сваёй напружанай працы рабочыя ўвесь час ужывалі нецэнзурныя словы, але… рама ўсё роўна не ўстаўлялася. Паабяцалі, што прыйдуць пасля абедзеннага перапынку. Прыйшлі яшчэ з адным калегам. Скардзіліся на вялікую загрузку і нізкі заробак, на тое, што нейкія дошкі ў іх на вуліцы ляжаць, а ім загадалі маім балконам займацца. Нарэшце скончылі працу і сказалі, што ўсё добра.

"Белы не горшы, чым карычневы"

Паглядзеў я на тую раму і падумаў, што мне ўсё гэта сніцца. Суседняя частка рамы не стыкуецца з той, якую замянілі, а таму не зачыняецца. Чамусьці пафарбавалі раму з двух бакоў у белы колер, а раней жа звонку яна была карычневай.

Тэлефаную ў ЖРЭТ. Зноў прыйшла "камісія". Наконт колеру пачуў, што "белы не горшы, чым карычневы". Маўляў, ну што вам не спадабалася? Дык самі ж камунальнікі могуць аштрафаваць, калі без узгаднення з імі памяняеш вокны, бо колер усіх вокнаў у доме павінен быць аднолькавым.

"Так!" — адказалі мне. Маўляў, у цёплы час года перафарбуем. А частку рамы з дэфектам вырашылі зноў забраць у рамонт… Праўда, на гэты раз прадстаўнік упраўлення нешта замяраў. Праз некалькі дзён раму ўставілі. І ніжні брус балкона, які таксама гніў, замянілі. Новыя рабочыя не лаяліся і працавалі добра. Я даў ім фарбу, і яны пафарбавалі раму ў неабходны колер.

З першага візіту "камісіі" да завяршэння ўсіх работ на балконе прайшло больш за два тыдні. А з афармлення заказу на фарбаванне — прыкладна два месяцы. Як жа пакаралі вінаватых?

"Майстар па бягучым рамонце ЖЭУ-7 папярэджаны аб недапушчальнасці фактаў, указаных у Вашым звароце, пазбаўлены надбаўкі за складанасць і напружанасць працы і прэміі за верасень-кастрычнік у памеры 12%. Начальніку ЖЭУ-7 указана на неабходнасць узмацнення кантролю за працай участка бягучага рамонту. Прыносім свае прабачэнні за нязручнасці…", — гаворыцца ў лісце, падпісаным начальнікам упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама.

Парады чытачам

Каб не трапіць у сітуацыю, калі вам давядзецца даказваць, што вы не вярблюд, раю наступнае:

* неабходна патрабаваць, каб рэгістраваліся ўсе вашы звароты ў ЖЭУ;
* лепш за ўсё, калі вы звяртаецеся не па тэлефоне, і папрасіце нейкую "распіску" аб тым, што заказ прыняты;
* варта браць сведку пры афармленні заяўкі, каб, калі што, пацвердзіў, што вы маеце рацыю;
* вельмі эфектыўна скардзіцца на дрэнную працу камунальнікаў або яшчэ кагосьці, у чыёй дапамозе маеце патрэбу, па "прамых лініях", якія праводзяць адказныя асобы;
* калі вам адмовілі ў запісе на асабісты прыём да адказнай асобы, патрабуйце пісьмовай адмовы;
* можна звярнуцца да "прыватнікаў"; гэта будзе каштаваць даражэй, але ёсць надзея, што зробяць усё своечасова і якасна.