Общество


26 лістапада ў йеменскай сталіцы Сане баевікі абстралялі двух беларусаў на выхадзе з гатэля "Амстэрдам". Адзін з іх – Анатоль Мазынскі – загінуў на месцы, другі быў шпіталізаваны, паведамляе barysau.by

Анатоль - малодшы брат вядомага тэатральнага рэжысёра Валерыя Мазынскага. Ён працаваў на 140-м танкарамонтным заводзе з 1974 года, дзе быў вопытным выпрабавальнікам адрамантаваных танкаў. Да выхаду на пенсію Анатолю Яўгенавічу заставаўся адзін год… 



Валерый Мазынскі пацвердзіў Радыё Свабода: "Так, гэта мой брат Анатоль. Яму было 60 гадоў. На нашым 140-м заводзе ён адпрацаваў, выпрабоўваў адрамантаваныя танкі. З маладосці яму гэта спадабалася, а потым уцягнуўся і адпрацаваў усё жыццё. А дзе яшчэ было зарабіць грошы? Вось і пасля сыходу на пенсію гэтым працягваў займацца".

Паводле Валерыя Мазынскага, ягоны брат быў у камандзіроўцы ў Йемене 2-3 разы, а з калегамі яны пабывалі і ў іншых краінах. У прыватнасці, Валерый Мазынскі згадаў пра Сірыю.

Ці выплаціць 140-вы барысаўкі завод кампенсацыю сям’і нябожчыка? Валерый Мазынскі пра гэта нічога не ведае: "Ён жа не ад завода нібыта паехаў, хапае "кантор", якія заключаюць дамовы і без завода. Хаця танкі, якія яны выпрабоўвалі, дакладна завадскія". Між тым ён даведаўся пра смерць брата з паведамлення, якое прыйшло менавіта на 140-вы завод.

У Анатоля Мазынскага засталася жонка, а таксама дзеці — сын і дачка.

"Учора брата толькі прывезлі. Пахаванне будзе заўтра, на могілках ля нашай роднай вёскі Вялікае Стахава пад Барысавам", — паведаміў Валерый Мазынскі.

Валерый Мазынскі нічога не ведае пра лёс другога беларуса, які трапіў пад стрэлы тэрарыста разам з яго братам.

Аддзел інфармацыі barysau.by