/

Наш новы праект - "Віцебскі крэатыў TUT", у якім мы збіраемся распавядаць пра цікавых жыхароў Прыдзвіння і іх незвычайныя заняткі ці хобі, - распачынае мастачка Святлана Баранкоўская, якая разам з сябрамі прыдумала незвычайны буквар для маленькіх беларусікаў. Ілюстрацыі ў ім будуць не намаляваныя, а тканыя!

Святлана Баранкоўская дэманструе габелен з бусламі, які, мажліва, будзе ілюстраваць літару "Б". Фота: Ігар Мацьвееў

Над праектам працуе цэлы творчы калектыў: віцебскі літаратар і журналіст Кастусь Севярынец (бацька вядомага палітыка Паўла Севярынца), віцебская мастачка Святлана Баранкоўская і полацкі дызайнер Кацярына Мяснікова.

Азбука-саматканка будзе цікавая не толькі дашкалятам, але і іх бацькам. Вершыкі на кожную літару адразу ж запамінаюцца. Напісаныя яны з добрым гумарам. А малюнкі не толькі тлумачаць літары, але і вучаць шанаваць сваё, спрадвечнае – родную мову і народную творчасць. У дадзеным выпадку – ткацтва.

Да прыкладу, у кнізе будуць вось такія староначкі. 



"А было так. Мой добры сябар Кастусь Севярынец напісаў азбуку для сваіх унукаў. Па-беларуску, што бывае з ім нячаста, бо звычайна ён піша па-руску. І кажа мне: "А давай праілюструем!" Спачатку я зрабіла графічныя ілюстрацыі. І такі варыянт некалькі год таму, да 1 Верасня, надрукавала "Наша ніва". А потым мы вырашылі зрабіць адмысловую кніжку. І тут я зразумела, што не атрымліваюцца ў мяне гэтыя карцінкі. Хоць я спрабавала зрабіць эскізы не толькі чорна-белымі. Малявала і алеем, і акварэлькамі. Вынік усё адно не задаволіў. Вось як, напрыклад, праілюстраваць хлеб? Калі ён без людзей, то на паперы атрымліваецца нейкая цэгла. А як зрабіць цэглу прыгожай? Ну не графік я! Я габеленшчык. І тады да мяне дайшло: дык я ж умею ткаць! Так і нарадзілася ідэя тканай кніжкі. У мяне была створаная серыя габеленаў "Дзіцячы альбом". І амаль уся яна "лягла" на тэму Кастусёвай азбукі. А недастаючыя ілюстрацыі стала ткаць адмыслова пад яе. Дарэчы, паэт увесь час удасканальвае свае радкі. І калі кніжка, нарэшце, выйдзе, то вершы ў ёй будуць іншыя, чым у тым варыянце, які надрукавала "Наша ніва", - распавядае Святлана Баранкоўская.

Полацкая мастачка, дызайнер, арганізатар шматлікіх выставаў і мастацкіх пленэраў Кацярына Мяснікова дапамагла праекту атрымаць завершанасць і вывела яго ў свет, за межы майстэрні Святланы і пісьмовага стала Кастуся. Некалькі габеленаў-літар можна было ўбачыць на выставе "Арт-алфавіт", якая летась экспанавалася ў Віцебскім мастацкім музеі. Потым – на выставе ў мінскім Палацы мастацтваў. Зараз частка тканай азбукі ўдзельнічае ў ІІІ Беларускай трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў сталіцы.

На сёння, у той ці іншай ступені, гатовы 16 літар (усяго ў беларускім алфавіце іх 32). Ужо ёсць, напрыклад, "М", "Я", "Ы", "Ь", "С", "Ф". Натхненню ж не загадаеш, і Святлана стварае габелены не ў тым строгім парадку, як ідуць літары. За працу садзіцца тады, калі ў яе ўяўленні "саткаўся" той ці іншы вобраз – мядзведзік, ліска, галубкі і інш. 

"Гэта азбука – свая, бо яна ад А да Я наша – беларуская", - звяртаецца да дзетак аўтар вершаў Кастусь Севярынец. І знаёміць малечу з алфавітам з дапамогай родных, наскрозь нашых сімвалаў. Гэта бусел, вавёрка, зубр, ніва, чапля, шыпшына… Зразумела, ёсць у чытанцы і адметнасці нашага алфавіту: "ДЖ", "ДЗ" і "Ў". Пра апошнюю літару такое двухрадкоўе: "Гэта – У кароткае, літара зіхоткая".

Святлана Баранкоўская. Фота: Ігар Мацьвееў

"Тут усё сваё. "Я", яблык – і ён наш, а не той, што недзе ў Польшчы расце. Праўда, на "Й" мы нічога не знайшлі, як толькі англійскае слова "йес", - усміхаецца спадарыня Святлана. – Але, канешне, да кожнай літары стараемся падбіраць беларускія вобразы. "О" будзе праілюстравана ордэнам, хутчэй за ўсё, Скарыны".

Мастачка дадае: "Кніжка, ілюстраваная ў тэхніцы габелена, - гэта дужа складана, гэта не рацыянальна. Але гэта так па-беларуску! Бо няма нічога больш вечнага, чым ткацтва. Менавіта яно зрабіла з малпы чалавека, а адбылося гэта пераўтварэнне менавіта на тэрыторыі Беларусі".

Святлана пераканана ў гэтым на ўсе сто адсоткаў. Проста яна вельмі-вельмі любіць сваю краіну і від творчасці, якім займаецца столькі гадоў. Баранкоўская – вядомая габеленшчыца не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. Так, яе праца "Апостал" з партрэтам Васіля Быкава атрымала ўзнагароду расійскай трыенале сучаснага габелена "Квадратны метр – свая прастора" ў 2011 годзе ў Маскве.

Габелен "Апостал". Фота з архіва Святланы Баранкоўскай

Яшчэ працы віцебскай габеленшчыцы "Пагоня" ў кветкавым полі, абраз Маці Божай Вастрабрамскай, партрэт Купалы (фота з архіву мастачкі). Такія творы адзін раз убачыш на выставе - і запамінаеш адразу. Бо гэта, як прычасце да вытокаў. 


Зараз каманда стваральнікаў азбукі-саматканкі шукае выдаўца, зацікаўленага ў пашырэнні адукацыі на нацыянальнай мове, які дапамог бы гэтаму буквару трапіць у дзіцячыя рукі. Вельмі важна, каб друк кніжкі быў высокаякасны і перадаваў на паперы асаблівасці традыцыйнага беларускага ткацтва. Сваю ідэю аўтары прынеслі на "Кірмаш праектаў", які нядаўна ў Віцебску зладзіла грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!".

Хочацца спадзявацца, што маленькія беларусікі абавязкова атрымаюць гэты шыкоўны падарунак – буквар з вершаванымі габеленамі. Ну як тут не запомніць тую ж самую цяжка вымаўляльную "Р", калі яна такая рамонкава-сонечная?!


{banner_819}{banner_825}
-70%
-20%
-10%
-10%
-10%
-35%
-25%
-70%
-20%