Кацярына Панцялеева,

З панядзелка Віцебск "накрые" чарада навагодніх мерапрыемстваў. У гэты дзень у галоўнай канцэртнай зале горада пачнецца фестываль "Навагоднія фантазіі".



Адкрые яго выстава-кірмаш тавараў беларускіх вытворцаў. Да 8 снежня па зніжаных цэнах тут можна будзе набыць адзенне, абутак, сувеніры. Паралельна з гэтым 3 снежня ў КЗ "Віцебск" пройдзе форум "Стварэнне і развіццё бізнесу. Тэхналогія франчайзінгу".

— Праграма серады разлічана ў першую чаргу на маладых людзей — студэнтаў і пачынаючых прадпрымальнікаў, — расказвае Вольга Леўшына, намеснік дырэктара па нерухомасці Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу. — На працягу дня чатыры кампаніі прадставяць слухачам свае праекты. Акрамя таго, хлопцы і дзяўчаты змогуць бясплатна прыняць удзел у канферэнцыі "Новае пакаленне ў бізнесе", дзе ім раскажуць, як пачаць уласную справу.

А ў пятніцу ў горадзе з дзесяці кандыдатаў выберуць лепшага Дзеда Мароза - падчас аблаcнога конкурсу "Ёлка-фэст-2013" (пачатак у 13.00 у канцэртнай зале "Віцебск"). Завяршыць насычаны тыдзень конкурс "Міс Віцебск-2013", які пройдзе ў суботу 7 снежня.

0061937