Сяргей Расолька,

З вёскі Койры Пастаўскага раёна патэлефанавала ўсхваляваная Ала Мікалаеўна Тарговіч: прымушаюць тэрмінова калоць свіней.

"Былі з сельскага савета, міліцыя… Загадалі зрабіць гэта цягам двух дзён. Учора мы закалолі адну, сёння збіраліся зрабіць тое ж з другой. З сельскага савета прыспешваюць, не задаволеныя тым, што марудзім. Але ж гэта не так проста. А з іншага боку — навошта калоць свіней? Кажуць, што недзе з тыдзень таму побач з вёскай здабылі ў лесе дзіка. І быццам бы ў яго выявілі афрыканскую чуму. Цяпер гавораць, што ствараецца санітарная зона, таму і трэба калоць свіней. Дык чаму дзікоў не звядуць паляўнічыя? Мы ж чулі, як прэзідэнт загадаў зрабіць гэта там, дзе патрэбна. Ніколі такога не было, а тут упершыню за 43 гады тыя дзікі прыходзяць да мяне "ў лазні мыцца": перарылі ўвесь агарод. Чаму іх не паадстрэльваюць?"

Заяўніца задала шмат пытанняў. На некаторыя мы паспрабавалі даць адказ адразу ж. Напрыклад, адносна таго, што праводзіць стральбу і знаходзіцца з заражанай паляўнічай зброяй у населеных пунктах і на адлегласці менш за 200 метраў ад крайняга збудавання забараняецца. Гэта прапісана ў правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. А на здабычу дзікіх жывёл ёсць ліміты… Аднак многія адказы патрабавалі каментарыя з месца падзей.

Першым мы патэлефанавалі начальніку Глыбоцкай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксею Протасу (Пастаўскі раён у ліку некалькіх іншых — сфера адказнасці міжрайінспекцыі.) Аляксей Віктаравіч пацвердзіў, што паблізу вёскі, дзе жыве заяўніца, была знойдзена туша памерлага дзіка-сяголетка.

— Паколькі гэта дзік сёлетняга года нараджэння, значыць, быў статак. Калі хворы адзін, значыць, хворыя і іншыя. Калі б было нешта сур’ёзнае, два-тры дні — і былі тушы іншых загінулых жывёл. Аднак ніхто іх больш не знаходзіў. Пра вынікі экспертызы тушы сяголетка мне пакуль афіцыйна нічога не вядома, таму я не магу забараніць паляўнічаму, які на законных падставах здабыў трафей, забраць сабе тушу, — паведаміў Аляксей Протас.

Ён таксама пацвердзіў, што ў згаданых мясцінах водзіцца вялікае пагалоўе дзікоў (якія могуць мігрыраваць), а ліміты на здабычу на год ужо практычна вычарпаны.

Аднак галоўнае пытанне — ці быў сяголетак хворым на чуму — заставалася без адказу. Адразу пагутарыць з галоўным ветэрынарным урачом Пастаўскай райветстанцыі Генадзем Лютынскім не атрымалася: ён быў на пасяджэнні ў райвыканкаме. Не ўдалося звязацца і са старшынёй Шыркаўскага сельскага савета (на тэрыторыі якой знаходзіцца вёска Койры) Аленай Рудніцкай: яна на той момант таксама была недаступнай.

Аднак нам патлумачылі, што вяскоўцы падпісалі паперы — забіць свіней да 23 лістапада. І гаворка ідзе пра стварэнне двухкіламетровай санітарнай зоны.

У Пастаўскім лясгасе сказалі, што дзік быў знойдзены на тэрыторыі раённай структуры "Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў". Яе старшыня Алег Карпік пацвердзіў гэты факт, адмовіўшыся ад іншых каментарыяў. І патлумачыў прычыну: пасяджэнне ў райвыканкаме, куды і ён павінен быў накіравацца, і дзе былі іншыя спецыялісты, прысвечана якраз гэтаму пытанню. Доўжылася яно большую частку дня.

Пасля яго завяршэння бліжэй да вечара нам удалося перагаварыць з галоўным ветэрынарным урачом Пастаўскай райветстанцыі Генадзем Лютынскім, які пацвердзіў, што дзік-сяголетак быў хворы на афрыканскую чуму. Потым сувязь перарвалася…

Больш змястоўнай атрымалася гутарка са старшынёй Шыркаўскага сельскага савета Аленай Рудніцкай.

— Так, пацверджана, што дзік быў хворы на чуму. З абласной ветстанцыі прыйшлі дакументы, — сказала Алена Генрыхаўна.

Якімі будуць далейшыя крокі па прадухіленні небяспекі, гаварыць суразмоўца не стала, спаслаўшыся на тое, што ніякіх дакументаў на руках пакуль не мае. На гэты момант вынікала, што двухкіламетровая санітарная зона вакол вёскі Койры стваралася недарма. Вяскоўцы павінны выканаць прадпісанне і пазабіваць свіней. Прадукцыю забою яны могуць пакінуць сабе…
{banner_819}{banner_825}
-30%
-20%
-15%
-35%
-15%
-10%