Віктар Барысенкаў,

Аблічча старадаўняга Задзвіння за пасляваенныя дзесяцігоддзі вельмі змянілася. Яно быццам пакорліва растварылася сярод чужых і варожых будынін-прыхадняў. На месцы ўтульных вулачак і прыгожых старых будынкаў размножыліся несамавітыя цагляныя дамы-каробкі — сімвал убогай савецкай рэчаіснасці. Вось і на рагу вуліц Зяньковай і Камсамольскай сёння стаіць такая каробка з сілікатнай цэглы, дзе знайшоў прытулак "Аблаўтатранс". А між тым менавіта на гэтым месцы калісьці знаходзіўся выдатны архітэктурны помнік — царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла.

Віктар Барысенкаў. Петрапаўлаўская царква і царква Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў канцы ХІХ ст. Акварэль

Любы, хто захоча даведацца штосьці пра Петрапаўлаўскую царкву, сутыкнецца з парадаксальнай сітуацыяй. З’яўляючыся выдатным узорам стылю віленскае барока, гэты храм, тым не менш, застаецца, па сутнасці, невядомым. Архітэктурныя энцыклапедыі пра яго нічога не паведамляюць, а некаторыя даведнікі даюць інфармацыю аб’ёмам не больш за дзясятак радкоў з фінальнай фразай: не захаваўся. І сапраўды, калі зруйнаваць выдатны помнік, то пры адсутнасці яго выяў архітэктурны шэдэўр лёгка ператворыцца ў міф.

Петрапаўлаўская царква ў гады Другой сусветнай вайны і (справа) сучаснае скрыжаванне вуліц Камсамольскай і Зяньковай. Параўнанне аўтара

Петрапаўлаўская царква, якая знаходзілася ў паўднёвай частцы Задзвіння, на шматлікіх дарэвалюцыйных паштоўках дэманстравала толькі далёкі, але пры гэтым вельмі характэрны сілуэт. Старыя фотаздымкі з цяжкасцю дазвалялі распазнаць рысы дзвюх своеасаблівых вежаў, якія, на жаль, не паддаваліся ніякай дэталізацыі. Этапамі ў вяртанні да нас Петрапаўлаўскага храма ці пачаткам яго новага, віртуальнага, жыцця можна лічыць знаходжанне адносна нядаўна стэрэапаштоўкі пачатку ХХ стагоддзя. А потым і цэлага шэрагу нямецкіх фотаздымкаў часоў вайны, дзе царква была сфатаграфаваныя буйным планам.

Літаральна на днях у сеціве з'явіўся яшчэ адзін ваенны фотаздымак. Ён, як ніякі іншы, дае агульнае ўяўленне аб вонкавым выглядзе храма. Нарэшце ў нас з’явілася магчымасць па заслугах ацаніць усё хараство і прыгажосць гэтага храма, бо ў ім, безумоўна, ёсць тое, чым варта любавацца.

Злева — стэрэапаштоўка пачатку ХХ ст. Справа — адшуканы нядаўна фотаздымак храма часоў Другой сусветнай вайны

Віленскаму барока, архітэктурнаму стылю, які існаваў на беларускіх землях у XVII–XVIII стагоддзях, былі ўласцівы такія рысы, як "пластычнасць фасадаў, маляўнічасць сілуэта, утворанага шмат’яруснымі вежамі і фігурнымі франтонамі" (Т. Габрусь). Усё гэта можна было назіраць і ў архітэктуры Петрапаўлаўскай царквы.

Аднак, характэрны ўзор барока з тыповымі для стылю элементамі адначасова адрозніваўся самабытнасцю і непадобнасцю ні на адно іншае архітэктурнае збудаванне Віцебска. Было ў ім, калі хочаце, нешта казачнае. Асаблівы мастацкі інтарэс уяўляў дэкор галоўнага фасада — увагнутыя паверхні сцен з калонамі па баках, а таксама ажурныя вежы і фігурны франтон паміж імі. Дарэчы, арыгінальнае дэкаратыўнае рашэнне менавіта вежаў Петрапаўлаўскай царквы нагадвае некаторыя ўзоры еўрапейскай барочнай архітэктуры.

Сучасны фотаздымак зроблены з двара "Аблаўтатранса". Жылы будынак справа, як бачна, яшчэ даваенны. Параўнанне аўтара

Царква ў імя святых Пятра і Паўла паўстала на правым беразе Дзвіны яшчэ ў XVI стагоддзі. Спачатку яна была драўлянай. У 1780 годзе ўніятамі быў пабудаваны новы велічны мураваны храм, які больш чым паўтара стагоддзя панаваў у панараме паўднёвага Задзвіння. Безумоўна, гэты храм быў галоўным будынкам на вуліцах, якія да савецкіх перайменаванняў называліся ад царквы — Верхне-Пятроўская, Ніжне-Пятроўская, Папярочна-Пятроўская.

Уніяцкая царква, пабудаваная амаль увадначас з лепшымі і самымі вядомымі віцебскімі храмамі, у адрозненні ад іх захавала рысы першапачатковай архітэктуры. А гэта ўсё ж важная акалічнасць, калі ўлічыць, якая ідэалагічная рэканструкцыя адбылася ў Віцебску ў XIX стагоддзі.

Царква Святых Петра і Паўла на здымках з Другой сусветнай вайны (ніжні левы фотаздымак — фонды ВАКМ)

Асаблівасцю Петрапаўлаўскай царквы было яе нетыповае размяшчэнне галоўным фасадам на поўнач, а алтарнай апсідай на поўдзень. Як бачым, кананічныя пытанні часам вырашаліся на карысць пэўных абставінаў. У выніку прыгожы галоўны фасад атрымаўся разгорнутым да горада і быў вельмі добра бачны адусюль. Дарэчы, характэрная рыса віцебскіх храмаў, ды ўвогуле старой архітэктуры, — гэта яе невыпадковасць, яе бездакорнае ўпісванне ў гарадскі краявід (чаго не скажаш пра творы сучасных горадабудаўнікоў).

У 1886 годзе побач з Петрапаўлаўскім храмам была ўзведзена невялікая прыпісная царква Раства Найсвяцейшай Багародзіцы з характэрным дэкорам XIX стагоддзя, маляўнічасць якому надаваў неатынкаваны цагляны мур. Два помніка, размешчаныя побач, утварылі архітэктурны і гістарычны ансамбль, які захоўваўся да 1940‑х гадоў.

Петрапаўлаўская царква і царква Раства Насвяцейшай Багародзіцы (на пярэднім плане) у 1941-1944 гг.

Знішчэнне Петрапаўлаўскага храма — адно з тых нелагічных дзеянняў гарадской улады, якія з лішкам праявіліся пасля вайны ў дачыненні да архітэктурнай спадчыны Віцебска. Цяпер ужо ніхто не растлумачыць, чаму такі выдатны помнік свайго часу быў прыгавораны да зносу.

У "Акце абследавання Петрапаўлаўскай царквы" ад 14 лютага 1946 года чытаем: "Улічваючы наяўнасць усё яшчэ захаваўшыхся элементаў мастацка-архітэктурнага аздаблення, а таксама ўсіх канструктыўных элементаў будынка, па якіх могуць быць узноўлены разбураныя часткі будынка, можна заключыць, што рэстаўрацыя гэтага помніка магчымая".

Інтэр'ер Петрапаўлаўскай царквы. З фондаў ВАКМ

Зрэшты, аб захаванасці царквы сведчаць і фотаздымкі. Але пройдуць яшчэ чатыры дзесяцігоддзі, перш чым у Віцебску пойдзе гаворка аб нейкіх рэстаўрацыйных работах. А тады, у канцы 1940‑х, у 1950‑я гады, велічныя і прыгожыя храмы на гарадскіх вуліцах і плошчах падаваліся некаму абсалютна недарэчнымі. Петрапаўлаўская царква была наўмысна знішчана. Так Віцебск страціў адзін са сваіх самых значных архітэктурных помнікаў.

А вось царкву Раства Багародзіцы зусім разбураць не сталі. У 1947-1952 гадах яе перабудавалі пад жылы дом, збіўшы дэкор і ампутаваўшы тую частку помніка, дзе знаходзілася апсіда. Сёння будынак ужо нічым не нагадвае праваслаўны храм.

У нас вельмі доўга, вобразна кажучы, было "выключана святло". Яно і цяпер не гарыць напоўніцу. Але ўсведамленне жахлівых страт прыходзіць да нас сёння разам са скупой інфармацыяй і адзінкавымі фотаздымкамі, усё ж паказваючы шлях да здабыцця Храма.

Віктар Барысенкаў, віцебскі краязнаўца

Артыкул апублікаваны ў серыі праекта "Віцебск: папулярнае мінулае"
0062016