Общество


На Магілёўшчыне, у Клімавіцкім раёне, узмоцненыя меры бяспекі ў сувязі з выяўленым у суседнім Шумяцкім раёне Расiі ачагом афрыканскай чумы свіней.


 
Тэрыторыя Клімавіцкага раёну абвешчаная "другой зонай пагрозы". Пасля непрацяглага зацішша ад прыватных гаспадароў зноў патрабуюць, каб яны пазбыліся свойскіх свіней.
 
Нагодай для ўзмацнення мераў бяспекі стаў забіты ў суседнім расiйскім раёне дзік з вірусам афрыканскай чумы свіней. Клімавіцкі ж раён мяжуе з расiйскім, таму яго і абвясцілі "другой зонай пагрозы" - гэтак тлумачаць сітуацыю ў раённай вэтэрынарнай службе.
 
Райвыканкам прыняў адмысловую пастанову з гэтай нагоды. Што канкрэтна яна прадугледжвае, высветліць не ўдалося. Аднак, як вынікае з афіцыйных тлумачэнняў, на рынках раёну забараняецца прадаваць свіней і прадукты свінагадоўлі з прыватных гаспадарак. Нельга іх вывозіць і за межы раёну.
 
Супрацоўнікі вэтэрынарнай службы абыходзяць прыватныя падворкі і папярэджваць пра недапушчальнасць гадоўлі свіней. Свінаводам выпісваюць прадпісанні з пазначэннем тэрміну, да якога яны маюць пазбыцца жывёлы.
 
"Усё прапісана ў 758 пастанове Савету Міністраў. Вы яго вывучыце - там усё напісана. У пяцікілямэтровай зоне ад свінагадоўчых аб’ектаў і комплексаў наагул не павінна быць свіней ні ў насельніцтва, ні ў супрацоўнікаў. Ні ў каго нічога", - тлумачыць галоўны ветэрынарны ўрач раёну Сяргей Зянько.
 
Прыватныя гаспадары кажуць, што зацішша з папярэджаннямі доўжылася каля двух месяцаў. Цяпер усё паўтараецца наноў, як у жніўні.

"Ужо два разы хадзілі. Кажуць, што гэта чума набліжаецца. Ужо, маўляў, тут, недалёка - у Расiі. Сказалі, каб да новага году не было. Усіх разам жа не заб’еш. У некаторых два, тры парасяці, а ў некаторых і больш. Малых накуплялі. Дык вось моладзь гэтую трымаюць. Ля нас недалёка комплексы свіныя - дзяржаўныя. Быў старшыня савету, дык сказаў: „Цяпер курэй купляйце“, ß кажа адзін з вяскоўцаў.
 
У вёсках з неахвотай падпарадкоўваюцца патрабаванням кантралёраў. Лічаць, што хваля запалохванняў зноў мінецца, і наступіць зацішша. Адно з такіх меркаванняў:
 
"Сказалі, што будуць хадзіць правяраць і штрафы даваць, але так гэта ці не - хто яго ведае. Нас во папярэдзілі ў жніўні. Мы ўзялі ды і забілі. А некаторыя людзі не забілі - і слушна зрабілі. Хоць сала паелі, а мы толькі шкуркі адны ядзім. Цяпер жа кароў мала хто трымае. У нас у вёсцы толькі дзесяць кароў усяго, і ад іх пазбаўляюцца".
 
Ёсць сярод вяскоўцаў і тыя, хто з разуменнем ставіцца да ўзмацнення мераў бяспекі, аднак і яны прызнаюць, што ім даводзіцца праз сілу падпарадкоўвацца. Спадзяюцца, што некалі сітуацыя зменіцца да лепшага:
 
"Разумеюць людзі, вядома ж. Розумам разумеюць, а вось сэрцам - не. Калі б вы былі на месцы гэтага селяніна, які трымае парсюка, у якога дужа малы заробак ці пенсія, і пазбавіць яго гэтага свінча - ці задаволеныя людзі будуць, як вы думаеце? І дзецям жа даводзіцца дапамагаць: без дапамогі бацькоў-пэнсіянераў дзеці ж ня змогуць працягнуць як трэба", - разважае жыхар адной з вёсак Клімавіцкага раёну.
 
Вяскоўцаў у Клімавіцкім раёне пакуль не штрафуюць за свіней. У сельсаветах сцвярджаюць, што людзі з разуменнем ставяцца да патрабаванняў улады. Тым не менш, незадаволенасць існуе. Супрацоўніца аднаго з сельсаветаў кажа:

"Некаторыя абураюцца, але ў той жа час разумеюць. Кажуць, што не цяпер заб’юць, дык пазней. Напрыклад, у гаспадарцы свінні ёсць, і дзеці ж - пяць-шэсць. Гэта ж асноўная для сям’і спажыва. А так - даводзіцца забіваць. Многія ўжо забіваюць кароў, гусей, курэй, каб хоць мяса якое было. Да 1 студзеня не павінна быць свіней".
 
За апошнія паўгады на Смаленшчыне зарэгістраваны 21 выпадак афрыканскай чумы свіней. Інфекцыю выяўлялі ў дзікоў і свойскіх свіней. На тэрыторыі пяці гаспадарак накладзены карантын. Сярод іх і акцыянэрнае таварыства "Заімка" Шумяцкага раёну. Як паведамляецца, на тэрыторыі гаспадаркі ў памерлага дзіка выявілі ўзбуджальнік афрыканскай чумы свіней.