Жыхарка Клічава пяцідзесяцігадовая Галіна Старповіч даведалася пра анкалагічнае захворванне ў 2004 годзе. У яе выявілі лімфому Ходжкіна ды лімфагрануламатоз. За два гады лекавання жанчына перанесла некалькі сеансаў хіміятэрапіі, перасадку растковых вузаў ды спраўдзіла трываласць пачуццяў каханага чалавека. Пераканалася: каб адолець хваробу — трэба жыць.

З Галінай Міхайлаўнай гутару ў ейным доме — у гасцёўні. Пакой дагледжаны і ўтульны. Унучка глядзіць па тэлевізары мульцікі. Зарумзаная. Хварэе на ангіну. Дарослыя не даюць марозіва. Бабуля разрываецца між нельга і можна. Тлумачыць, што ўнучцы зрабілі ўкол. Малое не сунімаецца і свайго ўрэшце дамагаецца. Слодыч ёй выклалі на сподачак і невялікімі кавалкамі яна яго есць.



Галіна Міхайлаўна тым часам апавядае пра дзвюх дачок, пра яшчэ аднаго ўнука, пра іхныя жыццёвыя поспехі й няўдачы ды пра свае перажыванні аб іх. Кажа пра мужа Міхаіла і пра сябе.

Нарадзілася спадарыня Галіна ў Глускім раёне ў шматдзетнай сям’і ў 1963 годзе. Школу скончыла на выдатна. За ёй — медычную вучэльню. У Клічаў трапіла па размеркаванні. У раённай станцыі хуткай дапамогі адпрацавала 25 гадоў.

Якою пытаю рэакцыя была, калі даведаліся пра хваробу?

"Жыць дужа хацелася. Калі даведалася, была дужа моцная гістэрыка. Я плакала. Як даведалася, то запытвала ўва ўсіх: "Чаму я? Я ж людзям дапамагала! Чаму Бог мяне так пакараў? Мяне ж людзі ў раёне ведалі. Паважалі. Гэтак было крыўдна!". Галоўная доктарка наша мне так адказала: "Міхайлаўна — для добрага чалавека Бог дае гэтак выпрабаванне, а для кепскага пакаранне. Вось, кажа, табе Бог дае выпрабаванне і не табе адной. Гэта выпрабаванне табе і Міхаілу твайму". Гэта было пацверджанне пачуццяў. Хаця тады ня думалася пра каханне. Потым гэта зразумела стала".

Першы шлюб у Галіны Міхайлаўны выдаўся няўдалым. Развядзёнкай яна пазнаёмілася з цяперашнім мужам. Калі выявілі пухліну, прасіла, каб ён кінуў яе. Міхаіл жончыны довады не прыняў і застаўся ля яе. Пра мужаў клопат жанчына кажа захоплена і ўдзячна:

"Я яму сама прапанавала: "Навошта табе?". Я ж не магла ведаць, што са мной будзе. У нас жа як: "Анкалогія — значыць усё канец". Ён адмовіўся катэгарычна. Ён дужа моцна перажываў за мяне. Пасля аперацыі, калі мяне прывезлі сюды, я не магла падняцца з канапы. Ён мяне і падымаў і садзіў. Ён мяне карміў. Ён настолькі перажываў, што так пахудзеў. Я гэта ўсё бачыла. Я тады падумала: "Божа мой, я вось памру, але ж я толькі жыць пачала з добрым чалавекам. Дзеці... Маша мая тады вучылася на чацвёртым курсе. Трэба было ёй сканчаць вучобу. Думаю — як такога ж ня можа быць..."



Лячэнне хваробы зацягнулася на некалькі гадоў. Міхаіл шмат працаваў, каб адолець безграшоўе. Калі хвароба адступіла Галіна і Міхаіл распісаліся. На афіцыйным афармленні адносінаў настаяў Міхаіл:

"Нягледзячы на тое, што ў мяне была тая анкалогія і невядома яшчэ, што наперадзе, ён мяне сам прымусіў паехаць у той ЗАГС. Распісаліся ў ЗАГСе ўрачыста пад вальс Мэндэльсона. Я ніколі ня думала, што ў мае гады такое можа са мной здарыцца. Паехалі пярсцёнкі купілі ў Бабруйск. Я бачыла, як у людзей, з якімі ляжала ў Магілёве, надыходзіла дэпрэсія. А ён мне не даваў да гэтага набліжацца. Нават дзеля гэтага ўсяго жыць хацелася".

Фразу "Трэба жыць" спадарыня Галіна ў аповедзе ўжывае гэтулькі часта як і словы сям’я, дзеці, падтрымка:

"У мяне ёсць каму падтрымліваць. Дзеці. Асабліва. Вось Маша кажа: "Бабуля Галя, што ты сабе думаеш — ты ж падумай пра тое, што ў цябе расце ўнучка Крысціна і табе трэба яе выдаць замуж. І зяць у мяне добры. Як жа тут ня жыць? Жыць трэба. Вера блізкіх маіх, якія верылі, стараліся, перажывалі за мяне гэта штурхала, што ня варта расслабляцца. Трэба было насамрэч цягнуць сябе да апошняга, што трэба жыць дзеля гэтага ўсяго".



Пра лекаванне ў бальніцах Галіна Міхайлаўна стараецца ўсё ж казаць добрае. Не хавае аднак, што там хапае недагляду і няўвагі да пацыентаў. Згадвае прыклады ўзаемападтрымкі хворых ды парады медыкаў:

"Зрабілі мне "хімію", а яно так кепска — ванітую. Есці ня хочацца. Сяджу у сталоўцы, а адна жанчына мне і кажа: "Дзетачка еш, трэба есці". Праз сілу прымушала сябе есці, хаця яно ня лезла. На высокадознай "хіміі" таксама было дужа цяжка. Лекарка прыйшла да мяне і кажа: "Вам трэба жыць. У вас дачка інвалід. У вас унук, якога варта падымаць. Патрымайце вы яшчэ крыху". Прымушалі мяне. Дапамагалі мне напэўна вось такімі момантамі, хаця я думала, што мяне уперад нагамі прывязуць з той высокадознай "хіміі".

За час хваробы, кажа спадарыня Галіна, шмат што перадумалася. Тое, што раней здавалася неістотным, стала дужа важным. Цяпер ёй хочацца паспець многае, што адкладала, і што здавалася другасным. Цана жыцця ўзрасла неймаверна. Галіна Міхайлаўна вымушана пайшла на пенсію. Кажа, што сумуе па сваёй хуткай дапамозе і калегам, якія дапамагалі ёй таксама перамагчы хваробу.

"Я абавязаная жыць — разумееце. Дзеля ўсіх іх я павінна жыць. Ня трэба зацыклівацца на той думцы, што ў цябе анкалогія. Проста жыві", кажа на заканчэнне гутаркі Галіна Старповіч.

Галіна Старповіч — заўсёдніца на сустрэчах клічаўскай суполкі ўзаемадапамогі і псіхалягічнай падтрымкі анкапацыентаў. У ёй збіраюцца тыя, чый шлях заступіла анкалогія, і насуперак страшнаму дыягназу яны ведаюць, каб адолець хваробу — трэба жыць.

Чытайце таксама:

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"
Жыццё пасля раку: "Каханне — гэта лекі, лепшых за якія яшчэ не прыдумала медыцына" 
Жыццё пасля раку: "Сваю шпітальную эпапею лічу своеасаблівым трамплінам у дарослае жыццё"
Жыццё пасля раку. Наталля Саматыя: "Боль забываецца"
Жыццё пасля раку. Барыс Шаравар. 15 гадоў без анкалагічнага рэцыдыву
0063042