Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА,

Савецкая эпоха даўно стала часткай гісторыі. Але як напамін пра тыя часы амаль у кожным горадзе і вёсцы дагэтуль можна прайсціся па Савецкай або прагуляцца па Леніна. А ў Іванаўскім раёне атрымаецца нават трапіць на Сталінскую. Каб даведацца, як вуліца з такой назвай захавалася да нашага часу, карэспандэнт "Р" адправілася ў вёску Лядавічы.

"Самога Леніна бачыў!"

На прыпынку мяне сустракае Марыя Маркевіч, якая з 1969-га па 2007 год працавала сакратаром мясцовага сельсавета. Мы ідзём па галоўнай вясковай вуліцы — Першамайскай.

— Перпендыкулярна ёй знаходзіцца Леніна, якая пераходзіць у Крупскую, а за імі — Сталінская. Яна тут самая далёкая, — па дарозе распавядае суразмоўніца.
Пакуль мы ідзём да патрэбнага паварота, даведваюся, што афіцыйныя назвы ў тутэйшых вуліц з’явіліся толькі ў 1990-я, калі ў Лядавічы сталі цэнтралізавана завозіць газ. Так, па рашэнні сельвыканкама былыя Нова, Кавалі ператварылі ў больш звыклыя савецкаму слыху — Гагарына і Першамайскую.
 

— Калі загаварылі пра Сталінскую, сакратар парткама сказаў: "А навошта ёй іншая назва? Няхай гэтак і завецца", — працягвае Марыя Мікалаеўна.

Збочваем на Сталінскую і крочым да дома № 7, дзе калісьці і жыў яе заснавальнік.
— Гэта мой бацька Фёдар яе так назваў, — сустракае нас Марыя Гарбачык. — Ён актывістам быў. У 1917 годзе яго ў войска прызвалі ў Пецярбург. Пачалася рэвалюцыя. Дык ён на мітынгу самога Леніна бачыў!

Аказалася, гісторыя вуліцы пачалася восенню 1939 года, калі ў Лядавічы прыйшла савецкая ўлада. Людзям, якія жылі непадалёк на хутары, сказалі перабірацца ў вёску. Свае дамы перасяленцы паставілі побач, утварыўшы ланцужок з пяці хат.

— Бацька пайшоў у будынак, дзе сядзела мясцовае кіраўніцтва, і заявіў, што сваю вуліцу яны з мужыкамі назвалі Сталінская, — успамінае бабуля 83 гадоў.
 

— А чаму менавіта гэтак? — пытаюся.

— Ён вельмі паважаў уладу. Нават першым у вёсцы ўступіў у калгас, які, дарэчы, пры Сталіне і ўтварыўся. У нашым доме да вайны над сталом віселi тры партрэты — Іосіфа Вісарыёнавіча, Маркса і Энгельса. Неяк за абедам маці кажа дзядзькаваму сыну: "Нэ дывысь, Сірожка, на того чорта (Сталіна. — Аўт.), бо нычого він нам нэ дае". А бацька яе па-руску перабівае: "Баба — дура. Не слушай ее. Пусть мы не шикуем, зато родная мать (савецкая улада. — Аўт.) пришла".
 
Тым не менш Марыя Фёдараўна ўспамінае, што да пачатку вайны калгаснікі ў Лядавічах жылі нядрэнна: бульба на стале была заўсёды.

— Калі ж немцы прыйшлі, стала цяжка. Чатырох маіх братоў забралі на фронт, — на шчацэ ў бабулі заблішчэла сляза, але, нібы спрабуючы забыць дрэннае, жанчына мяняе размову. — Хоць і тады было шмат цікавага. Неяк на пачатку вайны фашысты раздавалі дзецям партрэты невядомага мужчыны. Узяла сабе адзін і я. Прыбегла дадому і павесіла на тое месца, дзе раней правадыры рэвалюцыі знаходзіліся. Убачыў бацька, што я нарабіла, як закрычаў: "Гэта ж Гітлер!" Я хутчэй яго здымаць.
 

Пасля размовы бабуля праводзіць нас на вуліцу і раіць зазірнуць у чатырнаццаты дом да сына яшчэ аднаго заснавальніка Сталінскай. Ідзём. Сенцы адчыняе моцны дзядуля ваеннай выпраўкі. Даведаўшыся, што яму ўжо 92, здзіўляюся.
 
"У бой за Радзіму, за Сталіна"

— Добра захаваўся, — жартуе Васіль Давідовіч і пачынае расказваць: — Неяк стаялі мой бацька з Фёдарам Гарбачыкам, і Фёдар яму кажа: "Пятро, як мы гэтую вуліцу назавём? Можа, Сталінская?" — "Ну, няхай будзе Сталінская", — адказаў тата. Так і вырашылі. А наогул, назву вуліцы ў нас нават бабы маглі прыдумаць. Ёсць у весцы, напрыклад, неафіцыйная Сабачая. Яе гэтак назвалі, бо пасля вайны там жыло шмат дзевак, да якіх хлопцы, нібы сабачкі, бегалі.
 
— А вас са Сталіным што-небудзь звязвае? — цікаўлюся.

— Хіба што песня: "У бой за Радзіму, за Сталіна", якую мы спявалі, калі адваёўвалі зямлю ў немцаў, — гаворыць Васіль Пятровіч. — Служыў я з 1944-га. З Чырвонай арміяй прайшоў ад Польшчы да Берліна. Памятаю, ля Франкфурта мяне ранілі, трапіў у шпіталь. Тады мы ўжо ведалі: хутка перамога. Знаёмы капітан прапанаваў: "Едзь у Саратаў у афіцэрскае вучылішча". Даў ён мне пару дзён на роздум, а ў гэты час таварыш-аднавясковец атрымаў ліст, у якім паведамлялася, што брата майго забілі. І я зразумеў: на вайне я да канца.
 

Калі Васіль Давідовіч вярнуўся ў родную вёску, замест дома ўбачыў зямлянку.

— Цяжка было жыць. Каб пабудаваць новую хату і не памерці з голаду, мы з мужыкамі ездзілі на заробкі ва Украіну і ў Расію. У адной з такіх паездак я і даведаўся аб смерці Сталіна. Імчаліся мы ў цягніку ў Кіеў, і ўсю дарогу па радыё перадавалі, у якім стане знаходзіцца Іосіф Вісарыёнавіч. А калі прыбылі на вакзал, у гучнагаварыцелі пачулі: "Сталін памёр". Людзі ішлі сумныя. Здавалася, ва ўсіх у гэты дзень здарылася бяда.
 
Спачатку працуем, а потым танчым

Праз паўгадзіны мы зноў выходзім на вуліцу.

— А тут, акрамя дамоў, што-небудзь было? — пытаюся ў Марыі Маркевіч, гледзячы на вясковы пейзаж.

— Вунь там, дзе елка стаіць, яшчэ да перасялення людзей з хутароў знаходзіліся могілкі. Старыя расказваюць: пасля вайны ад іх застаўся толькі адзін крыж. У маразы мясцовая жыхарка спілавала яго на дровы.
 

А яшчэ раней на Сталінскай стаяла хата-чытальня. Да яе былога бібліятэкара мы і вырашылі зазірнуць.
 
— У нашым фондзе захоўвалася больш за тысячу кніг, — успамінае Вольга Гарбачык. — Часцей за ўсё моладзь чытала "Паднятую цаліну" і "Як гартавалася сталь". Акрамя бібліятэчнай працы, я займалася і агітацыйнай. Здаралася, падыдуць да мяне хлопцы з дзяўчатамі, маўляў, давайце танцы арганізуем. Вазьму нататнік агітатара і іду да дырэктара школы. Кажу: трэба правесці палітінфармацыю. Так і дамаўляліся: спачатку была лекцыя, а потым — танцы.
 
Агітатары ў Лядавічах у тыя часы актыўна працавалі.

— Неяк за ноч 30 таблічак з лозунгамі зрабілі, — узгадвае Вольга Іванаўна. — Пісалі, напрыклад, "Мы Амерыку абгонім па надоях малака!" або "Кукуруза — наша сіла!". Але больш за ўсё мне запомнілася, як гадоў у 17 я па даручэнні раёна на будынку фермы алейнай фарбай намалявала: "Кожная непакрытая карова дае калгасу страты ў 30 рублёў!". А інжынер знізу з памылкай дапісаў: "Не курыть!". Аднойчы прыязджаюць правяраючыя. Агледзеўшы ферму, адзін з іх кажа нашаму старшыні: "А што гэта ваша праца лозунгу не адпавядае?" Той: "Якому?" І тут, падняўшы вочы, ён над уваходам у кароўнік убачыў маю творчасць. Ох і было мне тады! Пасля ад’езду праверкі мы з бабамі гэты надпіс і мылі, і фарбавалі, але нічога яго не брала. Быў ён там да той пары, пакуль будынак не разваліўся.
 

Хата ў вёсцы № 1

З канца Сталінскай мы зноў вяртаемся ў пачатак. Ля брамкі хаты № 1 сустракаем гаспадыню.
 
— Вось толькі шкада, што адзінка адвалілася, — паказвае таблічку Марыя Упіравец. — Раней наш дом стаяў другім. А ў вайну, пасля таго, як немцы палілі вёску, на Сталінскай засталіся толькі два будынкі: наш і першы, у якім жыў паляк. У мірны час ён пераехаў на радзіму, пакінуўшы за гаспадыню ўдаву свайго брата. Пазней яна сышлася з іншым, і сям’я пераехала ды хату перавезла. Так мы і аказаліся першымі.
 
— А людзі здзіўляюцца, калі вы гаворыце назву свёй вуліцы?

— Я жыццё ў Лядавічах пражыла, а тут да Сталінскай усе прывыклі, — усміхаецца гаспадыня. — Дачка, якая жыве ў горадзе, казала, што раней, калі бачылі яе пашпарт, перапытвалі: "Праўда, такая вуліца ёсць?" Наогул, тое, што наш дом першы, мы адчуваем толькі раз у год, калі дзеляць агароды. У залежнасці ад таго, з якога канца пачынаюць, мы атрымліваем зямлю або першымі, або апошнімі на вуліцы.

...Са Сталінскай мы зноў выходзім на Першамайскую. Выпадкова лаўлю сябе на думцы, што, калі ехала сюды, думала: вуліца будзе шэрай і маркотнай, нібы помнікі савецкім правадырам. Усё аказалася інакш. Ад шапацення пад нагамі лісця на душы, наадварот, станавілася па-хатняму ўтульна, а ад аповедаў мясцовых жыхароў — па-сямейнаму весела.
 

Дарэчы
На карце беларускіх гарадоў нямала цікавых назваў вуліц: Зімовая, Летняя, Восеньская, Вясновая. Ёсць яшчэ Пунсовая, Васільковая, Блакітная, Зялёная. Пры жаданні можна прайсціся па Фруктовай, Хлебнай, Ягаднай, Малінавай, Жытняй, Яблычнай. Стаяць хаты і на Зорнай, Месячнай, Планетнай. Адны жывуць на Крывой, іншыя — на Прамой. Нехта ідзе на працу па Экзатычнай або Грэцкай, хтосьці па Прывабнай або Ветлівай.

Каментарый у тэму
Галіна ВАРАШЫЛАВА, кіраўнік па справах Опальскага сельскага Савета:
— Сталінская вуліца расцягнулася на 710 метраў. Цяпер тут стаіць 26 дамоў, многія з якіх, на жаль, пустуюць. Цікава, што з прапісаных тут жыхароў 16 чалавек нарадзіліся да 1953 года — года смерці Сталіна.
0062016