Яўген Валошын,

Сястра забітай разгубілася і не ўдзельнічае у працэсе. Наша ж дзяржава не імкнецца паглыбіцца ў справу, якая атрымала міжнародны розгалас.

Фота з сайта euroradio.fm

Сястра забітай Кацярыны Ханяк была запрошана ў нідэрландскі суд на новы разгляд гучнай справы наконт забойства яе сястры. Але паехаць за мяжу дзяўчына не можа ― няма ні жыццёвага досведу, ні сродкаў, ні юрыдычных ведаў, як правільна рэагаваць на дакументы, якія прыйшлі ад замежных праваахоўнікаў.

“Я ў разгубленасці і не ведаю, якія захады патрэбна рабіць”, ― прызнаецца сястра Надзея Еўрарадыё.

Нагадаем, што беларуску Кацярыну Ханяк жорстка забілі ў Нідэрландах больш за шэсць гадоў таму. Адзіным падазраваным па крымінальнай справе праходзіў яе муж Роберт. Толькі сёлета ў жніўні яго прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі. Але галандзец абскардзіў гэты прысуд і чакае новага разгляду справы.

Пасля жахлівага забойства беларускі ў Баарле-Насаў здарыліся і іншыя абразлівыя для сям’і Кацярыны Ханяк рэчы. Цела жанчыны без ведама блізкіх пахавалі ў Нідэрландах, не змясціўшы на надмагільным помніку нават датаў жыцця і смерці. Пра лёс малой дачкі, якая засталася ў забітай, з 2008 года таксама нічога не паведамлялася. Вядома толькі, што яе выхоўваюць бацькі Роберта ― таго самага мужа, якога абвінавачваюць у забойстве. Следства і суды цягнуцца больш за 6 (!) гадоў. І абвінавачаны муж цягам гэтага часу пераважна знаходзіўся на волі.

Беларуская дзяржава, нягледзячы на міжнародны розгалас забойства, не выяўляе актыўнасці, каб паглыбіцца ва ўсе гэтыя пытанні.

Спрабуем даведацца, ці могуць беларускія праваахоўныя ведамствы аказаць падтрымку Надзеі, сястры забітай (бацькі Кацярыны Ханяк, на жаль, памерлі).

“Мы такой дапамогі не аказваем. Пытанне ляжыць у абсалютна іншай плоскасці. Тут паслугі трэба аказваць поўнамаштабныя, неабходна дапамога кваліфікаванага адваката, ― кажа начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Генпракуратуры Пётр Кісялёў. ― А што тычыцца нідэрландскага правасуддзя, яго трэба паважаць. А прымаць яго ці не прымаць, пагаджацца ці не пагаджацца ― гэта пытанне іншае”.

Міністэрства юстыцыі Беларусі таксама прапанавала Еўрарадыё звярнуцца да адвакатаў ― у Рэспубліканскую калегію.

У гэтай паважанай установе паведамілі, што справа аказалася эксклюзіўнай, і спецыяліста, якія мае досвед удзелу ў такіх судовых працэсах, тым больш звязаных з Нідэрландамі, няма.

У Калегіі нам распавялі толькі пра адзін падобны выпадак. Колькі гадоў таму ў Сірыі беларуска забіла свайго замежнага мужа. Маці абвінавачанай наняла беларускага адваката, якога ў выніку да працэсу не дапусцілі. Пасля суда сваякі асуджанай абвінавацілі спецыяліста ў тым, што ён “з’ездзіў у Сірыю, як на адпачынак”, і арганізацыі давялося вяртаць сваякам асуджанай усе фінансавыя выдаткі.

У кожным разе, нават калі б кампетэнтны адвакат знайшоўся, яго паслугі каштавалі б нямала. Такіх грошай у сястры Надзеі, якая працуе прадаўцом-кансультантам, папросту няма.

“Можа быць, пасольства Беларусі ў Каралеўстве Нідэрланды магло б прыняць удзел у судовых пасяджэннях?” ― звяртаемся да першага сакратара гэтай установы Алега Папова.

“Пасольства не можа выступаць у якасці юрыста, адваката, то бок прадстаўляць інтарэсы ў судзе. Гэта не наша функцыя”, ― тлумачыць дыпламат. ― Роля Надзеі у гэтым судовым слуханні такая ж, як і раней. Яна ― сведка з боку пацярпелай. Тут дастаткова, каб быў перакладчык. І калі падчас судовых пасяджэнняў выступае іншаземец, то якасны пераклад яму забяспечваюць. Калі Надзея мае волевыяўленне ўдзельнічаць у слуханнях, яна павінна кантактаваць непасрэдна з праваахоўнымі органамі Нідэрландаў”.

Еўрарадыё: Што трэба рабіць, каб сястра забітай пабачыла сваю пляменніцу?

Алег Папоў: “Гэтым пытаннем мы не займаліся. У першую чаргу з той прычыны, што не было ініцыятывы з боку сям’і. Для вырашэння гэтага пытання трэба ў першую чаргу звяртацца ў Міністэрства замежных спраў. Там будзе выпрацавана стратэгія, і будуць прынятыя меры. Пытанне ўскладняецца тым, што яно інтэрнацыянальнае. Судовыя слуханні ідуць у Нідэрландах, сям’я мужа забітай жыве ў Бельгіі. Адпаведна, такое пытанне павінна вырашацца органамі апекі Бельгіі. Таму трэба ісці ў МЗС, і пры неабходнасці да пытання будзе падключана неабходнае пасольства ў той ці іншай краіне”.

Кацярына, разам з дачкой Ніколь і бацькамі Роберта Брокеля

З пытаннямі аб магіле Кацярыны Ханяк і аб яе дачцэ Ніколь Еўрарадыё цягам года звярталася ў разнастайныя праваахоўныя ведамствы Нідэрландаў. Але адказу не было.

Забойства Кацярыны Ханяк шакіравала не толькі Нідэрланды, але і ўсю Усходнюю Еўропу. Спачатку жанчыну душылі і рэзалі нажом, потым забойца паклаў цела ў скрыню для дзіцячых цацак, заліў будаўнічай сумессю і паставіў у шафу. Магчыма, ахвяра на той момант яшчэ была жывая. 
{banner_819}{banner_825}
-70%
-10%
-15%
-20%
-40%
-20%