Аляксандр Пукшанскі,

У Віцебску з 95 дзіцячых садкоў большасці даўно "пераваліла" за 40 гадоў. Таму, зразумела, з’яўляецца ўсё больш праблем. Неабходна рабіць рамонт вулічных верандаў, навесаў, альтанак, асфальтавага пакрыцця, замяняць састарэе гульнявое і іншае абсталяванне і г.д. Сітуацыя - тыповая для краіны.

Сад-ясли №16 в Витебске. Фото: Татьяна Матвеева, TUT.BY

Вядома, прадстаўнікам мясцовай улады прасцей за ўсё спаслацца на недахоп фінансавых сродкаў, але ж заняцца садкамі ўсё роўна давядзецца. І чым раней, тым лепш, — каб заўтра не пераплачваць. Таксама стандартная праблема — катастрафічны недахоп садкоў у новых "спальных" раёнах.

Дзіцячыя садкі надаўна аказаліся ў цэнтры ўвагі дэпутатаў Віцебскага гарадскога савета. Пра састарэлую праблему гаварылі на чарговай сесіі шчыра, не ўтойваючы вострых момантаў. Што датычыцца новых садкоў, у Віцебску на працягу 17 гадоў іх наогул не будавалі. А тут за апошнія 5 гадоў адчынілі аж два.

— Працягваецца будаўніцтва дзіцячых дашкольных устаноў у мікрараёнах Медцэнтр і Білева-2, — сказаў, звяртаючыся да дэпутатаў, Мікалай Смунёў, старшыня Віцебскага гарадскога савета.

А мэр Віцебска Віктар Нікалайкін падкрэсліў, што, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, садкі будаваліся і будуць будавацца.

Калі яшчэ ўсяго тры гады таму будаўніцтва садка абыходзілася прыкладна ў 12 мільярдаў рублёў, сёлета і 50 мільярдаў мала для здачы такой установы "пад ключ", — сказаў старшыня Віцебскага гарвыканкама.

Паводле інфармацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама, на так званы бягучы рамонт дашкольных устаноў сёлета з гарадскога бюджэту выдзелена 350 мільёнаў рублёў. Гэтага вельмі мала.

А аснашчанасць тэрыторый устаноў дашкольнай адукацыі горада абсталяваннем для гульнявых і спартыўных пляцовак складае толькі 67% ад зацверджанага Міністэрствам адукацыі пераліку. Падрыхтаваны праект плана мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый дашкольных устаноў на бліжэйшыя два гады. На рэалізацыю мерапрыемстваў спатрэбіцца 3,9 мільярда рублёў.

А дзе іх возьмеш? Вечнае пытанне.

Кіраўніцтва гарвыканкама прапаноўвае вырашаць праблему недахопу сродкаў шляхам павелічэння колькасці дадатковых платных паслуг, больш актыўнай дапамогі з боку прамысловых прадпрыемстваў, бізнесу. Дарэчы, у прыклад ставяць менавіта дзелавых людзей. Апошнія, у адрозненне ад кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, вельмі актыўна дапамагаюць садкам: перадаюць у дар мэблю, цацкі, пасцельную бялізну і гэтак далей.

— Сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі амаль што ўсе жанчыны, а кіраўнікі прадпрыемстваў, за рэдкім выключэннем, — мужчыны. Дык дапамажыце гэтым жанчынам, якія самааддана працуюць, выхоўваюць будучыню нашай краіны! — звярнуўся мэр Віцебска да прысутных у зале.

Ёсць і прыемнае выключэнне: недзяржаўны яслі-садок № 70 "Светлячок" — адасобленае падраздзяленне прадпрыемства "Віцебскэнерга". І там наўрад ці шкадуюць грошы на стварэнне добрых умоў для дзяцей.

Загадчыцы іншых дашкольных устаноў актыўна шукаюць спонсараў і мецэнатаў. 

— Штогод складаецца план добраўпарадкавання, якім прадугледжваюцца рамонтныя работы, набыццё гульнявога і іншага абсталявання. Зразумела, бюджэтных грошай не хапае. Таму актыўна прыцягваем пазабюджэтнае фінансаванне, дапамогу збоку. Напрыклад, нам дапамаглі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы — зрабілі лаўкі. 9,6 мільёна рублёў перадалі спонсары, у тым ліку 3,5 мільёна выдаткавалі на добраўпарадкаванне. Бацькі ўдзельнічаюць у суботніках. Але праблем хапае. У прыватнасці, маюць патрэбу ў рамонце веранда і асфальтавае пакрыццё, — расказвае Святлана Матвіевіч, загадчыца садка № 69.

У параўнанні з вышэйзгаданым, садок № 110 пабудаваны нядаўна — у 2010 годзе, у новым раёне. У садку ёсць "сухі" і звычайны басейны, гульнявы комплекс "Джунглі", лакальная "віртуальная" сувязь паміж супрацоўніцамі і іншыя ноу-хау. Таму кіраўніку асабліва скардзіцца няма на што.

Галоўная праблема ў тым, што садок разлічаны на 175 дзяцей, а кандыдатаў нашмат больш — у гэтым раёне жывуць пераважна маладыя сем’і з дзецьмі. Конкурс на месца ў садку значна большы, чым сярод абітурыентаў на самыя запатрабаваныя спецыяльнасці.

— У нас у садку — як дома. Усё арыентавана на развіццё асобы кожнага дзіцяці. А медыцынскаму блоку могуць пазайздросціць многія дзіцячыя паліклінікі,
— расказвае Валянціна Шамшура, загадчыца садка № 110.

У ідэале такімі павінны быць усе садкі.
0062016