Общество


Ігар Карней,

Апошнія паўтара дзясятка гадоў аршанец Барыс Шаравар лічыць суцэльным днём нараджэння — хвароба, якая пры канцы 1990-х здавалася пачаткам канца, аказалася пераадольнай. Дзеля гэтага ён пераспрабаваў як звыклыя, так і альтэрнатыўныя метады ратавання.



Барыс Уладзіміравіч кажа, што да 50-гадовага юбілею ўсе фізычныя нягоды яго абміналі: спачатку загартоўваўся ў тэрмічным цэху, потым — на халоднай расейскай Поўначы. Таму закладзенасць носу ўспрыняў як выдаткі ўзросту. Аднак насмарк ня знік нават з заканчэннем эпідэмічнага сезону:
 
"Пачалося з таго, што адчуў — перастаў дыхаць нос, не праходзіць паветра. Ну, і што рабіць? Цячэ пастаянна, льецца вадкая вадзічка. Даводзілася нават рэзаць жаночыя тампаксы, затыкаць. Звярнуўся да лекара, зрабілі чатыры аперацыі на выдаленне паліпаў, але неўзабаве высветлілася, што гэта зусім ніякія не паліпы. Карацей, заявілі, што лячыцца мне давядзецца доўга і настойліва. І яшчэ ня факт, што паспяхова. Спрабавалі самыя розныя спосабы: і вядомы многім мэтад Шаўчэнкі, і нават знахарства. Вельмі хацелася вылечыцца. І вось, дзякуючы ўсім старанням (а можа, проста лёс такі) зноў стаў на ногі і паўтара дзясятка гадоў жыву бяз гэтай заразы. Нават больш — ужо 16 гадоў".
 
Шокавая навіна пра анкалагічную хваробу заспела Барыса Шаравара ў той час, калі пасля выхаду на пенсію са шкоднай вытворчасці Аршанскага інструментальнага заводу ён працаваў на расейскай Поўначы, абслугоўваў тэхніку на нафтавых радовішчах у Цюменскай вобласці. Агучаны дыягназ — захворванне правай гаймаравай пазухі носа, трэцяя, перадапошняя, стадыя раку:
 
"Я працаваў на Поўначы, вахтавым метадам. Вядома, пры такой хваробе розныя думкі ў галаву лезуць, зусім не аптымістычнага характару. Таму разумеў, што з працай, якая давала прынамсі стабільны прыбытак, мабыць, давядзецца развітацца. Хоць да таго рытму ўжо прызвычаіўся: спачатку на адной працы больш за тры гады адпрацаваў, амаль столькі ж на іншай. Гадоў шэсць запар усё па вахтах — месяц там, потым месяц дома. У асноўным быў рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў КрАЗ. Пасля аперацыі ўжо не паехаў. Але перад тым як мне прапанавалі легчы ў шпіталь, яшчэ цягам году завяршаў свае справы, наіўна спадзеючыся, што "само пройдзе". А ўжо калі зусім прыперла, давялося ўсё кінуць. І больш на вахту, як ужо казаў, не паехаў".
 
Родныя з трывогай назіралі, як яшчэ малады муж, бацька і дзед мяняецца знешне. Нават цяпер, праз 15 гадоў, ён выглядае нашмат палепшанай копіяй хворага папярэдніка. Народныя метады заўважнага эфекту не давалі, таму давялося пагаджацца на аперацыйнае ўмяшанне. І хоць за даўнасцю цяжка скласці мазаіку тых падзеяў у адзінае цэлае, але, як згадвае былы пацыент Бараўлянаў, набор сродкаў быў стандартны:
 
"Спачатку, мабыць, хіміятэрапія, потым апраменьванне (як ня хочацца зноў у той час вяртацца, дык ужо і ня памятаю толкам). Заняло гэта агулам месяцы два з паловай. Потым быў невялічкі адпачынак, дзён на 10, а затым уласна аперацыя. Пасля аперацыі ўсё зноў паўтарылася — хіміятэрапія, апраменьванне. А потым, праз колькі месяцаў, як прыехаў на чарговае абследаванне, нічога трывожнага ўжо не знайшлі. Ці трэба казаць, як удала ўсё для мяне склалася?"
 
Падчас хваробы
Падчас хваробы
 
Спадар Барыс кажа, што наагул яму пашанцавала з камандай лекараў, якія, адрозна ад іншых брыгадаў, ня сталі эксперыментаваць па ходу аперацыі. Бо, як пераканаўся ён на прыкладзе сваіх аднапалатнікаў, некаторым прызначэнне таго ці іншага хірурга прынесла пажыццёвыя наступствы:
 
"Безумоўна, пашчасціла, што трапіў менавіта да таго доктара — няхай ён мне даруе, што ўжо не згадаю яго прозвішча. Але гэта вельмі дасведчаны спецыяліст, бо зрабіў аперацыю, нават не пашкодзіўшы твар. Высокакласная праца, інакш ня скажаш. Я магу параўноўваць, бо мы ўвесь час ішлі паралельна з маладым хлопцам гадоў 25, у якога было ўсё тое ж самае. Але падчас аперацыі ў яго атрымалася ўсё ня так удала, і праз два месяцы, калі я прыехаў на абследаванне, яго амаль не пазнаў. То бок усё пайшло не на зажыўленне, а наадварот. Відаць, рэцыдыў нейкі. Хоць абсалютна аднолькавыя хваробы — толькі ў мяне з аднаго боку твару, а ў яго з другога. Таму лічу, што ў немалой ступені залежыць ад вопытнасці лекара".
 
На прызнанне Барыса Шаравара, аддзяленне сківічна-тваравай хірургіі — адно з самых цяжкіх і страшных ува ўсёй анкалогіі. Таму бязмежна рады, што ўдалося адтуль вырвацца ня толькі жывым, але і "цэлым":
 
"У кагосьці паўтвару няма. Калі аперацыя на горле — харчаванне толькі праз трубачку, толькі вадкае. У каго галасавыя звязкі выразаныя — не размаўляюць. Вядома, страшна на ўсё нават глядзець, ня кажучы пра тое, каб там апынуцца. Але давялося праз гэта ўсё прайсці. Дарэчы, жывуць такія пацыенты, з трубкамі ўва ўсіх частках цела, як правіла, нядоўга. Лекары самі адводзяць ім 5 гадоў па верхняй планцы, паводле іхніх разлікаў — гэта самы добры варыянт. Хоць мне і ўдалося нейкія стандарты зламаць. У маім выпадку прагнозы таксама былі ня самыя суцяшалныя. Казалі так: 50×50. Фактычна — як атрымаецца, як карта ляжа. Хвароба з шэрагу абсалютна непрадказальных — ніхто ж ня ведае, як яна сябе павядзе. У мяне, прыкладам, прыяцель за тры месяцы згарэў. Нічога быццам не адчуваў, працаваў, а праз тры месяцы яго ня стала".
 
Пасля паўгода працэдураў і назіранняў з пацыентам Шараварам у Бараўлянах развітваліся стрымана — у цалкам здаровых людзей, якія перажылі анкалагічнае захворванне, ня вераць нават лекары. Праўда, выпіска ад 1 чэрвеня 1998 году сведчыць пра асцярожны аптымізм: падставаў для рэцыдыву няма. І сапраўды: больш ён там і не зяўляўся:
 
 
 
"Абсалютна ніхто ня мог сказаць, чым гэта ўрэшце можа скончыцца. Пасля гэтых умяшанняў адразу далі ІІ групу інваліднасці, паставілі ў Воршы на ўлік да анколага, да якога кожны месяц мусіў наведвацца. Прынамсі адзначацца. Але праз нейкі час самаадчуванне паступова пайшло на паляпшэнне. Што дапамагло? Нават не магу сказаць. Увесь гэты час дома я праходзіў курс па мэтодыцы Шаўчэнкі — гарэлка з алеем: некаторы час п’еш, потым адпачываеш, пасля зноў ужываеш. Не магу сцвярджаць, што яно дапамагло, але, мне падаецца, аблягчыла стан. Зноў жа, калі параўноўваць з тым маладым хлопцам, у мяне гэта прайшло нашмат лягчэй. Таму, можа, у чымсьці і паспрыяла, складана сказаць. Хоць лекары ў адзін голас і заяўлялі — маўляў, усё бессэнсоўна — магчыма, некаму ўсё ж дапамагае. Зразумела, медыкі ня могуць прызнаць нейкую альтэрнатыву. Але як тапелец хапаецца за саломіну, дакладна гэтак жа за ўсё хапаецца хворы".
 
Перад дэмабілізацыяй з войска
Перад дэмабілізацыяй з войска
 
Барыс Шаравар нарадзіўся ў 1946 годзе ва Ўкраіне пад Палтавай, дзе ў паваенныя гады панаваў жахлівы голад. Бацькі з 6-месячным сынам уцякаюць ад нястачы ў Беларусь. Ня маючы ніякай сваяцкай зачэпкі, урэшце асядаюць у вёсцы Канстанцінава Свірскага раёну. Як кажа суразмоўца, усё далейшае ягонае жыццё звязанае з Беларуссю, ва Ўкраіне за гэты час быў усяго некалькі разоў.
 
З жонкай Людмілай Уладзіміраўнай
З жонкай Людмілай Уладзіміраўнай
 
Дзякуючы блізкасці да Літвы, пасля сёмага класа паступіў на слесара-інструментальшчыка ў чыгуначную вучэльню ў Вільні. Год пасля заканчэння паспеў адпрацаваць на заводзе электразварачнага абсталявання, дзе, сярод іншага, вырабляліся вядомыя ў Саюзе пыласосы Saturnas. А пасля на тры гады быў мабілізаваны ў войска — у Львоўскі памежны атрад. Як дазналіся, што металіст, паслалі вучыцца на збройнага майстра ў Тулу. Пасля 9 месяцаў паспяховага авалодвання спэцыяльнасцю як выдатніка ўганаравалі службай у Нямеччыне — у раскватараваным паблізу Берліну палку аховы амбасадаў, спецустановаў і суправаджэння каштоўных грузаў.
 
Пасля арміі жыццё прывяло ў Воршу, якая фармавалася як буйны індустрыяльны вузел. Бацькі на той час ужо былі ў разводзе: маці пераехала ў Літву, у вёску на мяжы з Беларуссю, бацька атабарыўся якраз у Воршы. А яшчэ адна з прычынаў, напаўжартам кажа спадар Барыс, — што дзяўчат было шмат: на мясцовы льнокамбінат з'яжджаліся ахвотніцы з усёй Беларусі. Тут неўзабаве знайшоў сваю спадарожніцу Людмілу, з якой яны разам амаль 45 гадоў. Сам уладкаваўся на інструментальны завод:
 
З калегамі-інструментальшчыкамі
З калегамі-інструментальшчыкамі
 
"Ня ведаю, магчыма, хвароба звязаная з маёй вытворчай дзейнасцю. Не абавязкова ў Воршы, а і падчас працы на вахце. Я там займаўся наклёпкай і праточваннем калодак, а гэта азбест, небяспечны сам па сабе матэрыял. А як увесь час удыхаў, то, можа, у носе нейкія працэсы і пачаліся. Ніхто ж гэтага цяпер не дакажа. У Воршы таксама была шкодная вытворчасць, з чаго я ў 50 гадоў і пайшоў на пенсію. Інструментальны завод — так званая "тэрмічка", тэрмацэх. Там вельмі высокія тэмпературы ў печах, каб награваць ванны для расплаву. Значыць, стаіць тэрміт, у адной ванне салетра, нагрэтая да 860 градусаў, у другой ванне расплаў 1200 градусаў, і, нарэшце, ванна на 650 градусаў. То бок трэба было дэталь нагрэць у адной ванне, перанесці ў другую, астудзіць у трэцяй — і наперад. Тоны металу за змену "пераварвалі". Потым, праўда, майстрам працаваў. З аднаго боку, лягчэй, бо фізычна ня так напружваесся. Але з іншага — нашмат большая адказнасць".
 
Барыс Уладзіміравіч кажа, што інструментальны завод згадваецца ня толькі працай "ад званка да званка", але і насычанай грамадзкай дзейнасцю. З асаблівай асалодай згадвае дзесяцігоддзе працы ў гуртку тэхнічнага мадэлявання — некаторыя працы прэтэндавалі без малога на адкрыцці:
 
Заняткі ў гуртку мадэлявання
Заняткі ў гуртку мадэлявання
 
"Паралельна, калі працаваў на інструментальным заводзе, па вечарах у Палацы культуры льнокамбінату я вёў гурток тэхнічнага мадэлявання. Магу пахваліцца, што займалі з дзецьмі прызавыя месцы па рэспубліцы. Спачатку было мадэляванне прататыпаў, а пазней пачалі рабіць нават мікраматацыклы, снегаходы. То бок паступова ўдасканальваліся, бо хлопцы падраслі, і займацца "драбязой" ім ужо было нецікава. А як захварэў, то ўсё неяк спынілася. Нават калі яшчэ паехаў на вахту, і тое было складана — месяц мяне няма, за гэты час вучні расхалоджваюцца. А тут — тым больш. Усё ж рады, што больш за 10 гадоў пашчасціла займацца сапраўднай творчасцю. Адкрыцьцё не адкрыццё, але розныя цікавыя машынкі рабілі. Адна была нават крокавая — не на колах, а з "нагамі". Вось яна другое месца заняла на рэспубліканскай выставе. Далі, памятаю, фотаапарат".
 
Пасля выздараўлення Барыс Шаравар прысвяціў сябе сям’і і прыродзе. У 50 гадоў, як быў пастаўлены дыягназ, жыццё толькі набірала абароты — незадоўга да гэтага выйшла замуж дачка, нарадзілася першая ўнучка, потым другая. Толькі 15 гадоў было сыну, якому ў складаным пераходным узросце была патрэбная бацькава падтрымка. Тады яшчэ небеспадстаўна спадзяваўся, што вахтавая праца на радовішчах дапаможа годна жыць ва ўмовах татальнага дэфіцыту сярэдзіны 1990-х, але ў адзін момант усё было перакрэслена. На шчасце, не назаўсёды, хоць вярнуцца ў былое рэчышча так і не ўдалося.
 
Дачка і сын ужо дарослыя, маюць свае сем’і. Гадуюцца чатыры ўнучкі, якія радасна чакаюць дзеда ў госці. А сам спадар Барыс фактычна па паўгода праводзіць з вудай на возеры. Ён перакананы, што станоўчае ўздзеянне прыроды на чалавека пераацаніць цяжка, таму кожную вольную гадзіну стараецца быць у лесе ці пры вадзе. Сплавы на байдарках, актыўныя падарожжы, якія былі ў маладосці, цяпер замяніла больш разважнае баўленне часу — рыбалка, грыбы, шпацыры:
 
 
На беразе начнога возера
На беразе начнога возера
 
"Вядома, значэнне прыроды вялізнае. Рыбалка ёсць рыбалка: гэта і хобі, і захапленне, і магчымасць проста падумаць. Можна і не злавіць рыбу, не абавязкова, каб яна была ў садку. Галоўнае, што птушкі спяваюць, стракозы лятаюць".
 
Са здабычай
Са здабычай
 
"Глядзіш на ўсё, радуесся. Не прымаю здабыўную рыбалку — донкі, іншае, калі сядзіш носам у зямлю. А тут усё перад табой. Дарэчы, рыбу фактычна ня ем. Калі сын быў меншы, шмат гулялі па лесе. З жонкай дагэтуль кожны год выяжджаем на адпачынак на возера — дзякуй богу, у нас месцаў хапае. Мы ж прыроджаныя турысты, бо, у прынцыпе, з ёй такім чынам і пазнаёміліся — на турзлётах, у паходах. Фактычна паўгода праводжу на прыродзе — як снег сыдзе і да снегу наступнага. Вось і гэтым летам на рыбалку выбіраўся амаль кожны дзень — можа, раз-два на тыдзень толькі ня ездзіў. Жонка таксама любіць лавіць, праўда, толькі летась "прыручыў", бо дагэтуль аніяк — маўляў, усяму свой час. Вось настаў і для яе. Абавязкова выяжджаем у грыбы. Ягады збіраць не хачу, бо занадта шмат важданіны, а вось рыбалка, грыбы — справа іншая. Так што прыроду люблю".
 
 

Што спрыяе такой колькасці хворых на рак у Беларусі? На хваробу, якая апошнім часам не шкадуе ні старых, ні малых? Якая роля ў гэтым Чарнобыля? Мой суразмоўца трымаецца наступнага меркавання:
 
"Наўрад ці хто гэта дакладна ведае. Цяжка сказаць, што гэта і адкуль бярэцца. Цалкам магчыма, што Чарнобыль таксама паўздзейнічаў (што не паспрыяў здароўю — дык гэта дакладна). Хоць пры мне ляжалі хворыя зусім ня з тых раёнаў, якія, як лічылася, найбольш пацярпелі ад радыяцыі. Прынамсі, з Гомельскага рэгіёну там людзей увогуле не было, бо ў іх свая клініка ёсць. Гэта я яшчэ неяк туды патрапіў, віцебскі, бо ў Віцебску свайго сківічна-тваравага аддзялення не было. А так пераважна ляжалі менскія ці з вобласці. Здавалася б, яны адкуль гэтай заразы набраліся? Але падаецца, што межаў для гэтай хваробы сапраўды няма. Цяпер практычна ў кожным рэгіёне свае спэцыялізаваныя аддзяленні".
 
Пад сцягам краіны, дзе быў народжаны
Пад сцягам краіны, дзе быў народжаны
 
Як кажа Барыс Шаравар, уражвала, што кожны хворы практычна да канца чапляўся за магчымасць жыць, не збіраючыся капітуляваць. Нават калі было зразумела, што шанцы на ўратаванне мізерныя:
 
"Можна толькі здзіўляцца гэтым людзям, якія да самага канца змагаюцца. Чалавек есць праз трубачку, праз такую ж ходзіць у прыбіральню, але караскаецца, чапляецца. Мне самому гэтае пачуццё вельмі знаёмае. Увогуле, неперадавальнае відовішча: ежа ў шпрыцы, і чалавек проста запампоўвае сабе ежу ў страўнік праз трубачку. Прычым трубачка можа быць нават ня ў горле, а дзесьці ў баку. І ён такім чынам харчуецца. Так моцна людзі хочуць жыць. На маёй памяці не было ніводнага, пра каго б я сказаў, што ён капітуляваў. Усе стараліся перамагчы гэтую хваробу..."


 
Барыс Шаравар невядома якой сілай, але хваробу адолеў. І, як кажа сам, расслабіўся да такой ступені, што яшчэ дзясятак гадоў таму вярнуўся да дрэннай звычкі — курэння. На правах пераможцы...

Чытайце таксама:

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"
Жыццё пасля раку: "Каханне — гэта лекі, лепшых за якія яшчэ не прыдумала медыцына"
Жыццё пасля раку: "Сваю шпітальную эпапею лічу своеасаблівым трамплінам у дарослае жыццё"
Жыццё пасля раку. Наталля Саматыя: "Боль забываецца"
{banner_819}{banner_825}
-25%
-40%
-40%
-50%
-30%
-20%
-25%
-10%
0061324