Ёсць у Задзвінні ціхая і маляўнічая вуліца, частка якой мала змянілася за цэлае стагоддзе. Самае галоўнае – тут за шматлікія дзесяцігоддзі не памянялася атмасфера. Тая частка вуліцы, якая пазбегла ператварэнняў савецкага часу, нагадвае пра павольнае і патрыярхальнае жыццё губернскага Віцебска. Вядома, гістарычная памяць была б яшчэ больш адчувальнай, калі б вуліца захавала свой арыгінальны назоў і не набыла імя савецкага дзеяча, які не меў да Віцебска ніякага дачынення.

Дарэвалюцыйная забудова сённяшняй вуліцы Красіна. Фота аўтара

Гаворка ідзе пра вуліцу, якая раней звалася Кантанічнай, або Кантанісцкай, а зараз – Красіна. На захадзе яна мяжуе з Полацкім шляхаправодам, на ўсходзе выходзіць проста да Заходняй Дзвіны. На процілеглым высокім беразе ракі за дрэвамі бачны губернатарскі палац.

Дарэвалюцыйная забудова сённяшняй вуліцы Красіна. Фота аўтара

На былой Кантанічнай вуліцы таксама растуць дрэвы. Аднагодкам тутэйшых таполяў і ліп, магчыма, удалося выжыць толькі дзе-небудзь у парках. Бо інтэнсіўнага аўтамабільнага руху тут ніколі не было, а савецкае добраўпарадкаванне не змяніла выгляд гэтых месцаў так татальна, як у цэнтры. Праўда, вялізныя пні, што з’явіліся тут у апошнія гады, выклікаюць сумныя пачуцці.

Вялікая частка старой забудовы вуліцы да нашых дзён не дажыла. Але на ўчастку паміж вуліцай Пакроўскай і вуліцай Рэвалюцыйнай захавалася некалькі старадаўніх дамоў, памілаваных часам і савецкімі горадабудаўнікамі. Падчас прагулкі па гэтым кутку горада вы іх абавязкова распазнаеце.

Старая назва вуліцы сённяшняму гараджаніну падаецца незразумелай і загадкавай. Ад яе вее забытай гісторыяй і зніклым побытам. Аднак у першай палове XIX стагоддзя гэта было рэальнае жыццё. І не толькі Віцебска, але і ўсёй Расійскай імперыі. Кантаністы – выхаванцы школ ваеннага ведамства, у якія залічваліся пераважна малалетнія салдацкія сыны. Знаходзілася кантанісцкая школа ў самым пачатку нашай вуліцы, побач з чыгуначным пераездам. Тут стаялі салдацкія казармы, знаходзілася памяшканне ваеннага каменданта.

Суседства кантанісцкай школы з навакольнымі дамамі было, па ўспамінах М.Я. Hікіфароўскага, малапрыемным. Бо кантаністы ў сілу свайго выхавання славіліся "распушчанымі паводзінамі на вуліцах і спусташальнымі паходамі ў абывацельскія сады і гароды". Пасля рэформ Аляксандра II пра мінулае вуліцы нагадвала толькі назва.

Будынак склада. У XIX стагоддзі недзе тут знаходзілася кантанісцкая школа.
Фота аўтара

Сёння ў самым канцы вуліцы Красіна, каля Полацкага шляхаправода, стаяць пабеленыя складскія пабудовы. На карце 1904 г. у гэтым месцы значацца салдацкія казармы. Па сведчанні Нікіфароўскага, віцебская кантанісцкая школа размяшчалася ў "будынку, адбудаваным уласна для памяшкання былога віцебскага каменданта графа Мініха (каля 1779 г.)". Размяшчэнне і канфігурацыя гэтых складоў, ды і рысы архітэктуры, не цалкам знішчаныя пераробкамі савецкага часу, даюць падставу выказаць здагадку, што і пабудовы, і гісторыя гэтага месца сыходзяць каранямі ў XVIII стагоддзе.

Стан Кантанічнай вуліцы ў сярэдзіне XIX ст. пакідаў жадаць лепшага. Часам інакш як на хадулях перасекчы яе было немагчыма. Але з цягам часу Віцебск стаў зменьвацца. Пытанні добраўпарадкавання вуліц і пляцаў часта абмяркоўваліся ў мясцовых газетах. У горадзе засыпаюцца канавы, брукуюцца вуліцы, уладкоўваюцца тратуары. Уздоўж маставых з інтэрвалам у 2-3 сажні ўсталёўваюцца адмысловыя каменныя слупкі – колаадбойныя тумбы. Ва ўмовах існавання мноства конных фурманак і вазоў гэтыя выcечаныя з граніту конусападобныя слупкі не дазвалялі экіпажам выязджаць на тратуары – свайго роду страхоўка ад іншага нецвярозага фурмана.

Тумбы ўсталёўваліся не толькі па краі тратуара. Для домаўласнікаў важным быў стан іх будынкаў. Вуглы пабудоў маглі разбурацца коламі конных экіпажаў, таму праязныя вароты і аркі, якія вялі ў падваротню, таксама часам мелі з абодвух бакоў колаадбойныя гранітныя тумбы.

На старых фотаздымках мы бачым каменныя тумбы ўздоўж віцебскіх тратуараў. Але ўжо да канца XIX ст. іх колькасць значна зменшылася

Тыпавыя праекты ўладкавання правінцыйных гарадоў Расійскай імперыі адносяцца да пачатку XIX стагоддзя. Знешні выгляд верставых слупоў, паказальнікаў, шлагбаўмаў, надаўбняў, паліцэйскіх і салдацкіх будак і г. д. быў зацверджаны ў 1817 г. Каменныя тумбы, зробленыя па гэтым праекце, вырабляліся цэнтралізавана і прадаваліся насельніцтву для ўстаноўкі перад дамамі. Гэтыя малыя гарадскія аб’екты сустракаюцца на старых віцебскіх паштоўках і фотаздымках.

Такія прадметы былі звыклымі для эпохі, якая акрамя конных экіпажаў іншага транспарту не ведала. Утылітарныя некалі, элементы гарадской архітэктуры сёння ператвараюцца ў музейныя экспанаты, становяцца матэрыяльнымі сведкамі гісторыі. Ва ўспрыманні мінулага нам так бракуе адчування сапраўднасці, калі мінуўшчына прысутнічае ў сучаснасці ў выглядзе простых артэфактаў. І чым больш у горадзе з’яўляецца асфальту, шкла і бетону, тым з большай увагай вы паставіцеся да фрагменту бруку, па якім хадзілі вашы продкі, або да старога гранітнага слупка.

Каменныя колаадбойныя тумбы. Адна знаходзіцца на вул. Красіна, другая – на вул. Кастрычніцкай. Фота аўтара

Колькі ўсяго ў Віцебску было знішчана, сышло ў будаўнічае смецце, засыпана і закатана ў асфальт! Але адзін з такіх колаадбойных гранітных слупкоў, які, праўда, не цалкам захаваўся, ёсць на былой Кантанічнай вуліцы. Каля аднапавярховага старога дома з чырвонай цэглы ў цені старой ліпы схаваўся гэты аскепак мінулай цывілізацыі.

Віктар Барысенкаў, віцебскі краязнаўца

Артыкул апублікаваны ў серыі праекта "Віцебск: папулярнае мінулае"

{banner_819}{banner_825}
-20%
-99%
-50%
-20%
-10%
-20%
-11%