Общество


Грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" правяла ток-шоу "Гарадская ідэнтычнасць Віцебска: праўда і стэрэатыпы". Падыскутаваць пра такую няўлоўную катэгорыю, як ідэнтычнасць, прыйшло шмат цікавых людзей. Прыемным сталася тое, што гасцямі і экспертамі імпрэзы выступілі прадстаўнікі розных пакаленняў, кожны з якіх па-свойму бачыць праблемы горада і іх вырашэнне. Аб’яднаныя неаспрэчнай ідэяй "Культура паляпшае жыццё!", віцябляне паспрабавалі знайсці супольныя адказы на складаныя пытанні і выклікі, якія ставіць жыццё гораду.



Вёў рэй на імпрэзе ў гэты вечар Уладзімір Булаўскі, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" на Віцебшчыне:

"Сучасная Беларусь (як і большасць краін у сённяшнім свеце) — гэта гарадская цывілізацыя. Горад ёсць тым космасам, які фармуе з жыхара альбо сучаснага грамадзяніна, альбо бязвольнага насельніка. Палатно, сатканае з архітэктурнага абрысу, урбан-герояў, лакальных СМІ, культавых месцаў, гарадскіх міфаў ды многага іншага, уплывае на ідэнтычнасць віцебскага грамадзяніна, то бок на яго прыхільнасць да месца, дзе ён стала жыве, дзеля якога працуе і да якога сябе адносіць. Але што стаіць за самім паняццем ідэнтычнасці? Якое значэнне гарадская ідэнтычнасць мае ў фармаванні падмурка адметнасці любой нацыі? У якой узаемазалежнасці знаходзяцца нацыянальная і гарадская ідэнтычнасці?" 


Гэтыя ды іншыя пытанні было прапанавана абмеркаваць прысутным разам з экспертамі.



Экспертамі выступілі Сцяпан Стурэйка, гісторык, культурніцкі антраполаг, Андрэй Лапін, рэдактар партала gorodvitebsk.by, Яўген Калбовіч, навуковы кіраўнік гістарычнага цэнтра Віцебска, і Макар Бабенка, кіраўнік навуковага клуба гістарычнай рэканструкцыі Vargentorn. Дарэчы, далейшая размова прадэманстравала, што экспертаў была цэлая зала, бо абыякавых не знайшлося.

Праявы ідэнтычнасці Віцебска ўдзельнікі ток-шоу шукалі ў архітэктурным абліччы горада і асаблівасцях гарадской прасторы, адметнасцях гарадскога жыцця і найбольш бачных супольнасцяў, а таксама ва ўспрыманні Віцебска яго жыхарамі.

Сцяпан Стурэйка, ураджэнец Гродна, у адказ на пытанне: "Дзе пабачыць ідэнтычнасць?" - канстатаваў, што галоўным падмуркам яе з’яўлення ёсць музей горада і фотаальбомы. Добрым прыкладам узмацнення лакальнай ідэнтычнасці стаў згаданы старт музея (не зусім зразумела, што такое старт музея – адкрыццё ці нешта іншае?) М. Шагала, які ў свой час у значнай ступені дапамог самаразуменню віцяблян і вельмі хутка зрабіўся адным з пазнавальных аб’ектаў у горадзе. Паводле меркавання спадара Стурэйкі, жыхары Віцебска не маюць нагоды для засмучэння, бо іх горад — лідар па зменах у гарадской прасторы, а родны для самога гісторыка Гродна бачыцца яму на апошнім месцы.

Андрэй Лапін глядзеў на пытанне болей па-моладзеваму і дзяліўся ўласным досведам з пункту гледжання інтэрнэт-маркетынгу. Калі госці пытаюцца, куды пайсці і што паглядзець, то Парк Перамогі перамагае Шагала.

Шмат кім Віцебск успрымаецца найперш як горад зялёны і душэўны, чым як культурная сталіца краю. І хоць ратуша дазваляе паглядзець на горад зверху, для таго, каб разгледзець горад у дэталях, трэба мець жаданне і імпэт яго ўбачыць, бо адразу знайсці адметнасці чужому чалавеку не так і проста.

Яўген Калбовіч расклаў пытанне з пункту гледжання грамадзяніна і чыноўніка. І з ім надалей ішлі найбольш гарачыя спрэчкі адносна лёсу горада. Паводле меркавання спадара Калбовіча, пытанне пазіцыянавання любога горада, і Віцебска ў тым ліку, ёсць пытаннем "іерархічнага кадавання горада". Ніколі нельга забывацца на тое, што горад наведваюць розныя людзі, і горад сам па сабе таксама розны. Кожны госць патрабуе і хоча ўбачыць свой горад: "Цяпер Віцебск ідэнтыфікуецца нанова, таму што ў нашы дні гэта ўжо зусім іншы Віцебск, чым той, што быў 30 год таму". Галоўным, на думку спадара Калбовіча, ёсць захаванне горада як узора ўнікальнага віленскага барока і дынамічнае развіццё ўсяго яго ансамбля.

Макар Бабенка прапанаваў шмат сучасных і даволі дзёрзкіх, што да нашых рэалій, ідэй, якія могуць даць гораду жыццё, шырэйшае за энцыклапедычнае. Віцебску неабходна прышчапіць больш інтэрактыўнасці, даючы магчымасць людзям камунікаваць з горадам наўпрост. Сапраўды, ці бачылі вы ў якім з гарадоў віртуальную выставу гістарычнага габрэйскага мястэчка з шэкелямі і іншымі рэаліямі тых часоў? То чаму б Віцебску не стаць наватарам?



Гарадская ідэнтычнасць Віцебска: вынікі міні-даследвання from budzma

Падчас дыскусіі стала відавочна, што не стаіць на месцы і развіццё архітэктарскай думкі. Цікавай навіной і добрым прыкладам стала інфармацыя пра тое, што архітэктары "зварочваюць" праекты, якія не маюць распрацаванай паркоўкі для ровараў, якая сучаснаму гораду проста неабходная. Каб дагадзіць частцы жыхароў, якія карыстаюцца абуткам са шпількамі, архітэктары не робяць брукаванку паўсюднай (і як жылі ў стагоддзі, скажам, пятнаццатым?). Але паводле агульнага меркавання, "прыйдзе час — усё будзе так, як трэба", бо гэты працэс ужо ідзе. Як доказ — існаванне праекта рэгенерацыі Віцебска, якога няма пакуль у агульным доступе, але з якім можна азнаёміцца ў аблвыканкаме.



Гарачай кропкай размовы стала, бадай, тапаніміка. У любым горадзе, дзе пытанне перайменавання вуліц закранае савецкую спадчыну, галоўнае пытанне ў тапанімічных зменах — іх метадалогія. З прыемнага: адзін са спікераў зазначыў, што толькі ў Віцебску ёсць дошка ў гонар Васіля Быкава. "І помнік Сувораву", — саркастычна дадала зала. Сваё — чужое, лік 1:1.

Адзін з гасцей, спадар Міхась Паўлаў, выказаўся пра набалелае — "герояў не нашай гісторыі" — і як прыклад, згадаў вуліцу Суворава, якая муляе вока і патрабуе кампаніі па вяртанні назвы Узгорская. З цікавых прапановаў прагучала ідэя бязбольнага вяртання назваў страчаных замкаў (Верхняга і Ніжняга), якія могуць "ажыць" у назвах прыпынкаў грамадскага транспарта, а таксама перспектыва злучэння вуліцы Церашковай з вуліцай Гагарына.

Добра была ўспрынятая ідэя спадара Калбовіча аб тым, што важныя для гістарычнай памяці гараджан назвы знакавых для Віцебска цягам апошніх стагоддзяў з’яў і аб’ектаў трэба вяртаць, у першую чаргу, у назвы інфраструктурных брэндаў: кавярняў і крам. Гэта дасць новае жыццё многім гарадскім легендам.

Шмат вострых пытанняў застаюцца актуальнымі для Віцебска. Чаму вуліца Караткевіча не ў цэнтры горада? Як захаваць шматузроўневасць горада? Як працягнуць дэленінізацыю спадчыны і найхутчэй вярнуць гістарычныя назвы? Якога менавіта перыяду? Але відавочна, што ў горадзе трох адбудаваных цэркваў ёсць супольнасці, якія не чакаюць цудаў, а актыўна і прадуктыўна ўзаемадзейнічаюць на карысць роднага горада.

Вынікі міні-даследавання, праведзенага перад ток-шоу, паказалі даволі пазітыўную карціну ўспрыняцця віцяблянамі свайго горада. Ключавымі асацыяцыямі былі культурніцкае і творчае, найперш мастацкае, багацце горада, а таксама гісторыя Віцебска. І калі ў першую катэгорыю трапілі ўжо закрышталізаваныя ў свядомасці homo vitsebskas з’явы, такія як "Славянскі базар", віцебская мастацкая школа, Марк Шагал і нават актыўны андэграўнд, то гістарычныя асацыяцыі былі больш палярызаванымі: ад адчування гонару за захаваную спадчыну да скаргаў на яе недахоп.

У супрацьвагу вельмі заўважным кліматычным і ландшафтным азначэнням, дадзеным гараджанамі Віцебска, былі параўнальна ашчадныя асацыяцыі з Віцебскам як домам і радзімай. "Многае звязана" з горадам, але ў адказах рэспандэнтаў адчувалася спрадвечная беларуская "тутэйшасць".

Відэаапытанка: Віцебск вачамі гасцей горада

Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.

Открыть/cкачать видео (21.79 МБ)

Разважаючы пра патэнцыйнае стварэнне брэнда Віцебска, спікеры сышліся на думцы, што "цымус" брэнда — не ў яго візуальнай праяве, лагатыпе, бо яго практычна-эканамічная карысць выглядае на сёння для Беларусі даволі спрэчнай, а ў самім працэсе стварэння брэнда. Менавіта ў абмеркаванні розных супольнасцей - сумесныя пошукі сваёй, віцебскай сутнасці і ўнікальнай каштоўнасці, веру і любоў да якой варта выхоўваць з малых гадоў. Таму і стварэнне курса "Віцебскаграфіі", і перадача гэтай любові да свайго наступным пакаленням у дзіцячым садку і школе, спадзяемся, зусім не за гарамі.

Падводзячы вынікі, Уладзімір Булаўскі сфармуляваў асноўны настрой гаворкі: толькі абапіраючыся на нацыянальныя каштоўнасці, традыцыі, гісторыю і міфалогію, іх асучасніванне і ажыўленне праз сучасныя методыкі і тэхналогіі, можна зрабіць адметным нашыя гарады і вёскі, ды і ўсю нашу краіну.

Дзеля практычнага працягу дыскусіі ў Віцебcку 28 лістапада адбудзецца чарговы "Кірмаш праектаў". Чакаем вашых праектаў на карысць роднага Віцебска.