Вера Рогач,

У багатым і цікавым зборы нумізматыкі, фалерыстыкі і сфрагістыкі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ёсць даволі значная калекцыя пячатак — 326 адзінак (без уліку тых, што змяшчаюць каштоўныя металы). У яе, акрамя саміх пячатак і іх адбіткаў, уваходзяць таксама штампы і клішэ. Пра адзін з іх і пойдзе гаворка.

Штамп кафляна-маёлікавага завода Б.Я. Лісоўскага. З фондаў ВАКМ

Кафляна-маёлікавы завод Браніслава Якаўлевіча Лісоўскага быў заснаваны ў Віцебску ў 1877 г. Пабудовы, якія захаваліся да гэтага часу, былі ўзведзены, мяркуючы па даце на флюгеры, не пазней за 1903 г. Колькасць рабочых, занятых на прадпрыемстве, хутка расла. Калі праз сем гадоў пасля адкрыцця працавала толькі 12 чалавек, то ў 1908 г. — ужо 78, а ў 1913 г. — 118.

Былыя вытворчыя карпусы і рахунак на фірмовым бланку кафляна-маёлікавага завода Браніслава Лісоўскага. Крыніца: evitebsk.com

Прадпрыемства адрознівалася і вышэйшай па тых часах тэхнічнай аснашчанасцю. У 1895 г. тут працавалі два конных і газавы рухавікі магутнасцю ў чатыры конскіх сілы. У 1908 г. ужо меўся паравы рухавік магутнасцю ў 85 конскіх сіл. У гэты час прадпрыемства выпускала 75 тысяч пячных кафляў у год. Яны былі тэракотавыя, белапаліваныя, пазалочаныя і маёлікавыя. 

Напярэдадні Першай сусветнай вайны завод належаў акцыянернаму таварыству з вялікім капіталам (600 тысяч рублёў) і з’яўляўся адным з найбуйнейшых у Расіі. Свае крамы прадпрыемства мела не толькі ў Віцебску, але і ў Варшаве, Санкт-Пецярбургу, Растове‑на‑Доне, Саратаве, Казані і Нікалаеве. Прадукцыя віцяблян неаднаразова атрымлівала медалі на розных прамысловых выставах.

На фірменным бланку 1911 г. іх намалявана сем. Копія цікавага дакумента захоўваецца ў фондзе абласнога краязнаўчага музея.

Гэта пасведчанне, выдадзенае старшым фабрычным інспектарам Віцебскай губерні 6 (19) кастрычніка 1914 г.: "З прычыны прыпынення зносін з замежнымі фірмамі з’явілася патрэба для ўсіх кафляных заводаў Паўночна-Заходняга краю ў волаве, свінцы і некаторых іншых матэрыялах для вытворчасці палівы (глазуры. — В. Р.) і маёлікі, — паведамляецца ў ім. — Адным з самых лепшых кафляных заводаў у Паўночна-Заходнім раёне лічыцца па справядлівасці завод двараніна Браніслава Якаўлевіча Лісоўскага ў Віцебску. Гэты завод настолькі добра ўладкаваны ўнутры свайго велічэзнага і капітальнага будынка, настолькі правільна вядзецца на ім работа, што завод сп. Лісоўскага я не магу нават параўнаць з вядомымі мне на працягу сямі гадоў кафлянымі заводамі ў г. Копысі Магілёўскай губерні. Таму лічу справядлівым і для прамысловасці гэтага краю вельмі карысным падтрыманне завода Б.Я. Лісоўскага крэдытам у такі крытычны момант, як раптоўная еўрапейская вайна".

У музеі ёсць клішэ гэтага прадпрыемства. Яно было знойдзена некалькі гадоў таму назад пры земляных работах на тэрыторыі, дзе раней размяшчаўся завод, віцябляніным Б. Скіпіным. Ён і перадаў сваю знаходку ў музей. Гэты ўнікальны экспанат быў прадстаўлены на выставе нашага музея "Віцебскія кафлі".

Вера Рогач, старэйшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

Артыкул апублікаваны ў серыі праекта "Віцебск: папулярнае мінулае".

{banner_819}{banner_825}
-20%
-21%
-15%
-50%
-20%
-15%
-20%
-20%
-30%
-70%
0063374