Алесь Гізун, фота: Яўген Гладзін,

Міхнаўшчына знаходзіцца за 20 км ад Баранавіч, і жыць гэтай вёсцы засталося столькі, колькі пражывуць яе апошнія чатыры жыхары. Яны распавядаюць Intex-press пра горад, вёску і свой лёс.

Фота: Яўген Гладзін

А яшчэ ў 60-я – 70-я гады ў Міхнаўшчыне жыло больш за 20 сямей.

"Весела ў нас было. Сем'і былі вялікія, у некаторых хатах па дзевяць дзяцей нараджалася", – успамінае Феня Пракопчык.

Раней вёска належала да моцнага калгаса са свінарнікам, цялятнікам, стайнямі, дзе працавалі ўсе міхнаўшчынскія жыхары. А апошнім часам моладзь раз'ехалася па гарадах. У вёсцы засталіся адны старыя.

Фота: Яўген Гладзін

"Дзеці ўжо не вернуцца жыць у вёску. У горадзе ў іх свае сем'і, яны прывыклі ўжо жыць там. А тут што яны будуць рабіць, як жыць?" – кажа Феня Пракопчык.

Фота: Яўген Гладзін

Цяпер у вёсцы засталося 13 хат, з якіх жылыя толькі пяць.

"Некаторыя хаты вывезлі, некаторыя згарэлі, у адну прыязджае дачнік", – распавядае Анатоль Маруцік.

Міхнаўшчына была ў Мядзеневіцкім сельсавеце, а з гэтага года з ліквідацыяй яго пачала ўваходзіць ужо ў склад Сталовіцкага сельсавета. Такім чынам, да бліжэйшага начальства вяскоўцам цяпер – не два кіламетры, як раней, а ўсе дзесяць. Да бліжэйшага мястэчка Гарадзішча – удвая менш, каля 5 км. Але каб даехаць туды аўтобусам ці папуткай, трэба прайсці полем два кіламетры да шашы.

Фота: Яўген Гладзін

Лёня Данількевіч, якой 82 гады, у кухні сваёй хаты з цыбуляй, якую пасадзіла і сабрала ўласнымі рукамі.

Гэтая жанчына засталася без свайго мужа яшчэ 30 гадоў таму. Сёння ёй рэгулярна прыязджаюць дапамагаць дзеці і ўнукі.

"Мае дзеці харошыя – усё ўмеюць рабіць. Многія гарадскія цяпер панамі пасталі: адрабілі свае часы, прыйшлі і ляжаць", – кажа Лёня Данількевіч.

Але перабірацца ў горад да дзяцей Лёня не хоча: "Ехаць, каб сядзець на гэтых паверхах, – не! Мой сын на 8-м паверсе жыве, дык адтуль жа і чалавека не ўгледзіш".

Пра сваё здароўе Лёня Данількевіч дадае: "Я дык яшчэ трохі дзяржуся – астатнія нашы людзі зусім слабыя".

Сваёй бальніцы або хаця б амбулаторыі ў Міхнаўшчыне ніколі не было. Бліжэйшая амбулаторыя адсюль знаходзіцца ў Гарадзішчы.

Фота: Яўген Гладзін

У хаце бабулі Лёні Данількевіч радыё не выключаецца нават тады, калі працуе тэлевізар.

"Цяпер, каб не тэлевізар, дык я не ведаю, чым нам тут заняцца было б. Вось вы прыйшлі, а я глядзела "Свадьбу в Малиновке", яе даўно ўжо чамусьці не паказвалі", – распавядае Лёня Данількевіч.

Па яе словах, калісьці жыццё ў Міхнаўшчыне выглядала весялей.

"Моладзь хадзіла на танцы ў клуб у суседнія Мядзеневічы ці наймала ў нядзельку музыканта і ладзіла скокі з музыкай у чыёй-небудзь хаце", – распавядае Лёня Данількевіч.

Фота: Яўген Гладзін

Анатоль Маруцік распавядае, што калісьці яго сям'я жыла на лясным хутары Нячэхі, а ў 50-я гады пераехала ў Міхнаўшчыну. У дзеда Анатоля ёсць дачка, сын і ўнукі, якія жывуць у Баранавічах. Яны па чарзе прыязджаюць наведаць бацьку кожныя выхадныя. Дзеці прывозяць прадукты і нарыхтоўваюць ваду і дровы на цэлы тыдзень.

"Унукі таксама любяць прыязджаць. Я ж ім стыпендыю плачу. Раней па 50 тысяч даваў, а як пенсію мне дабавілі, дык і я дабавіў, цяпер даю па 100 тысяч. А на дзень нараджэння сыну і дачцэ па мільёне даю, унукам – па 500 тысяч, нявестцы таксама даю… Кожны месяц трэба камусьці даваць, але мне хапае", – кажа Анатоль Маруцік. Па яго словах, ён мае пенсію крыху больш за два мільёны рублёў.

"Я сваім жыццём задаволены, але жыць на свеце мне ўжо не хочацца. Хацелася б яшчэ што зрабіць, але ўжо не магу", – кажа Анатоль Маруцік.

Дзядуля ўжо не можа перасоўвацца без кія, ён слепаваты на адно вока і амаль глухі, таму яму трэба ўвесь час крычаць у вуха.

"Вось гора! Усё адно як дурны чалавек, калі глухі", – кажа дзед пра свой стан.

Падчас гутаркі ён пачынае моцна хвалявацца і тады чуе яшчэ горш.

"Ды я не хвалююся, яно само хвалюецца", – адказвае на супакаенне Анатоль Маруцік. Праз свае хваробы дзядуля рэдка выходзіць у вёску і зусім не наведваецца ў госці да суседзяў:

"Я пакуль апрануся і абуюся – паўгадзіны пройдзе. Адну нагу абую – перадыхну, пасля другую – зноў перадыхну…" – тлумачыць стары.

Але перабірацца ў горад да дзяцей ён не хоча: "Пакуль я на той пяты паверх залезу, то зусім задыхнуся".

Фота: Яўген Гладзін

Людзей, якія на гэтым здымку, ужо даўно няма. Гэта суседзі Анатоля Маруціка. Хата, на фоне якой фатаграфуецца сям'я, цяпер стаіць пустая.

На фотаздымку відаць, што кашулі бацькі, сына і дачкі пашытыя з адной матэрыі ў палоску.

Сёння цяжка сказаць, калі ўзнікла Міхнаўшчына. Але вядома, што тапонім пайшоў ад імя Міхна або Міхно, які калісьці валодаў гэтымі землямі. Да вайны ў Міхнаўшчыне налічвалася хіба з дзясятак хат і было ўсяго два прозвішчы на вёску – Данількевічы і Пракопчыкі. У 50-я гады, калі пачалі актыўна зганяць хутаран у вёскі, у Міхнаўшчыну з навакольных хутароў разам з хатамі перабраліся некалькі сялян, у тым ліку і Маруцікі.

Фота: Яўген Гладзін

Муж Фені Пракопчык памёр яшчэ ў 1975-м, а дзеці пераехалі ў горад, таму Феня даўно прывыкла жыць адна.

"Калі муж памёр, людзі казалі мне, каб я не адпускала ад сябе ў горад усіх сыноў. Але каб адпусціла б двух – трэці пакрыўдзіўся б: чаму яго ўтрымала. Сказала ўсім урэшце: едзьце, але будзеце прыязджаць і дапамагаць мне…" – кажа Феня Пракопчык.

Два гады таму адзін з трох сыноў Фені памёр. Астатнія сыны жывуць у гарадскіх інтэрнатах, таму яны не могуць паклікаць маці жыць да сябе.

"І дзеці ўжо не вернуцца жыць у вёску. У іх свае сем'і ў горадзе, яны ўжо прывыклі жыць там. А тут што яны будуць рабіць, як жыць? У вёсцы адно мы, старыя карчы, дажываем. Наперадзе ў нас – толькі яма", – кажа Феня Пракопчык.

Фота: Яўген Гладзін

Агулам на могілках некалькі дзясяткаў магіл. Яны прыбраныя, упрыгожаныя штучнымі кветкамі, хаця некаторыя помнікі патрабуюць рамонту. На іх – тыя самыя прозвішчы, што і ў вёсцы.

"Не застанецца нас – прыедзе бульдозер, зграбе ўсё, вось і не будзе нашай Міхнаўшчыны", – кажа Анатоль Маруцік пра няўхільны лёс сваёй вёскі.

Сёння беларуская дзяржава падтрымлівае развіццё буйных аграгарадкоў, а маленькія вёскі накшталт Міхнаўшчыны імкліва выміраюць.

Фота: Яўген Гладзін

Калісьці ў бабы Ніны быў муж і чацвёра сыноў. Сёння застаўся толькі адзін сын, цяпер ён ляжыць у бальніцы.

"Але я не магу яго адведаць, бо нават да аўтобуса ўжо не дайду", – кажа бабулька.

Ад хаты Ніны Данількевіч да найбліжэйшага аўтобуснага прыпынка ў вёсцы Калдычэва – не менш за два кіламетры па грунтовай дарозе. Праз Калдычэва ў Баранавічы шмат разоў на дзень ходзіць аўтобус, білет каштуе 7200-8500 рублёў.

Фота: Яўген Гладзін

Прыезд аўталаўкі ў вёску – нагода для чатырох старых, каб сустрэцца.

"Калі я раптам не прыходжу да аўталаўкі, бабы адразу ідуць да мяне глядзець, ці што не здарылася", – кажа Анатоль Маруцік.

Аўталаўка Баранавіцкага раённага спажывецкага таварыства прыязджае ў вёску Міхнаўшчына двойчы на тыдзень – у панядзелак і чацвер. Тут можна набыць распушчальную каву, кетчуп і нават "Савецкае шампанскае". А вось кефіру, якога пыталіся вяскоўцы, гэтым разам чамусьці не было.

Фота: Яўген Гладзін

Літаральна за сто метраў адсюль, у лесе, знаходзіцца месца масавага забойства каталіцкіх святароў падчас Другой сусветнай вайны. Сёння на гэтым месцы стаіць мемарыяльны крыж і помнік.

Лес, што падступае да Міхнаўшчыны з боку наваградскай шашы, раней называўся Ляхаўка. У гады вайны тут расстралялі некалькі тысяч вязняў Гарадзішчанскага гета і Калдычэўскага лагера смерці, якія знаходзіліся за некалькі кіламетраў адсюль. У лесе за два кіламетры ад Міхнаўшчыны, пры самай дарозе на Наваградак, створаны вялікі "Мемарыял ахвярам фашызму". 

0062016