Ігар Карней,

Арцёму Фрэнкелю — 30. Палову гэтага тэрміну ён жыве бяз ныркі, у якую ракавая пухліна ўелася з такой сілай, што ўратаваць орган не ўяўлялася магчымым.

Зрэшты, убачанае ўразіла нават мэдыкаў: пухліна была памерам 9×12 сантыметраў — большая, чым уласна нырка. Між тым на свой шпітальны досвед малады чалавек глядзіць як на трамплін, які дазволіў у далейшым займацца любімымі справамі — граць музыку, маляваць, падарожнічаць. 

З Арцёмам мы сустрэліся падчас ягоных непрацяглых вакацыяў на радзіме — некалькі апошніх гадоў ён грае на бас-гітары ў музычных калектывах, якія бавяць турыстаў на круізных лайнерах. Якраз днямі вярнуўся з паўгадавой вандроўкі па Міжземным моры — зрэшты, пра свае прыгоды ў замежжы ён абяцаў расказаць асобна. Чарговы выхад у мора (гэтым разам — на Карыбы) прызначаны на канец лістапада, таму ёсць крыху часу, каб упарадкаваць хатнія справы.

Летась Арцём перавёў частку ганарару ў нерухомасць — набыў вясковую хату ў вёсцы Зарудзічы недалёка ад Смаргоні. Цяпер пераабсталёўвае жылплошчу пад творчую майстэрню: на другім паверсе будзе маляваць, на першым размесьціцца музычная студыя. Паколькі без яго будаўнікі нарабілі самадзейнасці, даводзіцца шмат што вяртаць на зыходныя пазіцыі. У высокай ступені гатовасці пакуль толькі лазня, якой Арцём у літаральным сэнсе не дае астываць. Чакаючы, пакуль вада ў баку дойдзе да кіпення, згадвае, як у 14 гадоў стаў анкалягічным хворым:

"Пачалося з таго, што ў мяне вельмі моцна забалеў бок. Адвезлі ў смаргонскі шпіталь, паглядзелі. Што да чаго — так нічога толкам і не зразумелі. Потым паехалі ў Бараўляны. Там зноў паглядзелі, убачылі, што нейкая пухліна, але, відаць, да канца таксама не разабраліся. Карацей, пра тое, што выдалілі нырку, мне сказалі ўжо пасля аперацыі. Дагэтуль памятаю: нешта гавораць, а я, яшчэ напалову ў наркозе, пачынаю абзываць лекараў: маўляў, вы такія-растакія, навошта мяне парэзалі... Насамрэч выразалі нырку, таму што пухліна літаральна прарасла праз усю нырку і проста "скалупнуць" яе было немагчыма. Гэта як, бывае, праз бульбу прарастаюць карані, і выкалупаць іх адтуль проста нерэальна. Вось толькі шрам нагадвае — выразалі ўсю цалкам. А што да шоку? Не, ня памятаю, каб быў нейкі шок. У мамы быў шок, у таты быў шок. Тата з гэтага стану і ня выйшаў, пачаў піць — сын у яго памірае і ўсё такое. У той час, як трэба было прынамсі маральна дапамагчы маме, сям’і. Урэшце з-за гэтага сям’я распалася".

Арцём з мамай перад ад'ездам у Бараўляны
Арцём з мамай перад ад'ездам у Бараўляны

Арцём кажа, што пасляаперацыйныя працэдуры аказаліся нашмат больш непрыемнымі, чым уласна хірургічнае ўмяшанне. Але нічога не папішаш — трэба было падпарадкоўвацца волі лекараў. Маральна і фізычна дапамагала мама Ірына, якая была і нянькай, і сядзелкай, а за 10 гадоў да таго сама перанесла анкалягічную апэрацыю:

"Усё гэта цягнулася дзесьці года паўтара. Зрабілі аперацыю, і пасля аперацыі — пяць сеансаў гіпертэрміі. Гіпертэрмія — сама па сабе рэч вельмі непрыемная. Прачынаешся пасля гэтай гіпертэрміі ў рэанімацыі (а ў Бараўлянах гэта робяць у дарослым корпусе, не ў дзіцячым) — спіна ў апёках, усё баліць, муціць, нешта зялёнае з цябе пастаянна выходзіць. Ня дзіва — гэта ж фактычна атрута. Глядзіш, прыкладам, як з цябе кроў па трубачцы пайшла назад у кропельніцу, бо скончыўся фізраствор, хочаш паклікаць медсястру, а ня можаш — у цябе проста няма голасу. Адчуванне вельмі непрыемнае: сілаў і так не засталося, а тут яшчэ кроў кудысці выцякае. Пры гэтым рот адкрываеш, а гукі адтуль ніякія не ідуць".

У шпітальнай палаце
У шпітальнай палаце

Зрэшты, прызнаецца Арцём, нават зусім ня радасныя падзеі тады ўспрымаліся з падлеткавай непасрэднасцю — прынамсі ня трэба хадзіць у школу!

"Я нават узрадаваўся, што мне ня трэба ў школу хадзіць. Бо калі ўжо вярнуўся дадому, да мяне настаўнікі самі прыходзілі. Цяпер сорамна казаць, але я іх часам не пускаў: гляджу ў вочка — выкладчык стаіць. Тады затаюся ціхенька, як быццам ні мяне, ні іншых дома няма. Так і прагульваў. Шчыра кажучы, апошнія два гады школы — 10-11 класы — я практычна нічога не рабіў. Проста хадзіў у лес, маляваў карціны. Але потым школа скончылася, трэба было некуды паступаць. Я паняцця ня меў, куды пайсці, куды падацца. Ды асабліва і не хацелася — пасля бальніцы і дома было вельмі добра".

На заднім плане – "плывучы дом" Арцёма
На заднім плане – "плывучы дом" Арцёма

Тады Арцём Фрэнкель нават уявіць ня мог, што само жыццё скіруе яго ў творчае рэчышча. Кажа, што ў дзяцінстве музыкай займаўся дзеля "вытворчай неабходнасьці", а маляваннем захапіўся толькі ў Бараўлянах. Аднак перад выпускам са школы ня звязваў сваю будучыню ні з тым, ні з другім:

"Музыкай я заняўся, бо ў дзяцінстве моцна парэзаў пальцы — указальны на левай руцэ практычна цалкам адрэзаў. І бацькі аддалі мяне ў музычную школу, каб распрацоўваць пальцы. Граў на акардэоне, але і ў думках не было звязваць сваё жыццё з музыкай. Тое ж тычыцца і так званай арттэрапіі ў Бараўлянах. У нейкі момант проста спадабалася маляваць. Гэта не было абавязалаўкай, да таго ж я не маляваў зусім. Усё пачалося з таго, што мы хадзілі на псіхалагічныя трэнінгі да псіхолага Тамары Вашкевіч. Яна прасіла намаляваць на паперы свой стан, звычайнымі крэйдачкамі. Праз некаторы час мне захацелася памаляваць ужо сапраўднымі фарбамі, на палатне. Тым больш наш сусед у Смаргоні — мастак Аляксандар Іваноў. Ён для мяне рэальны прыклад: чалавек паралізаваны, малюе зубамі. У гэтым сэнсе моцна дапамог, патлумачыў, у мяне адразу з'явіліся любімыя мастакі. Пасля шпіталя паехаў у Францыю, каб ужывую паглядзець на карціны Ван Гога, Гагена, імпрэсіяністы проста зачаравалі. А пакуль у Бараўляны ня трапіў, нічым не цікавіўся ў прынцыпе. Роўна ўсё было, без адхіленняў".

Насуперак бальшыні хворых, якія ня любяць ня тое што некаму расказваць, а нават згадваць свой шпітальны перыяд, Арцём Фрэнкель лічыць анкалагічны цэнтр у Бараўлянах сапраўдным трамплінам у дарослае жыцьцё:

"Я сваю шпітальную эпапею лічу своеасаблівым трамплінам. То бок быў такі шок, што мяне проста некуды выбіла. Усё ж ня з кожным такое здараецца, правільна? І чаму гэта ўвогуле са мной здарылася? Часта людзі задаюцца пытаннем: з-за чаго з'яўляецца рак? Празь нейкія ўнутраныя пакуты? Дык я асабліва не пакутаваў. Прычыну не магу назваць. Можа, ёсць людзі, якія могуць нешта растлумачыць, але я не магу. А ўвогуле добра, што гэта са мной здарылася, я дагэтуль удзячны лёсу. Перадусім таму, што выпрабаванне выпала ў тым узросце, калі чалавек яшчэ нічым не абцяжараны. Хоць ведаю выпадкі, калі людзі і ў сталым веку рак перамагалі. Шмат залежыць ад таго, як да гэтага ставіцца. Вядома, я быў не адзін, мне заўсёды дапамагалі блізкія людзі, мама, можа, таму ўсё так склалася. Паніка — дрэнны спадарожнік, асабліва калі нікога няма побач. У мяне таксама бывалі прыпадкі дэпрэсіі — усё, хопіць мяне лячыць, дайце спакойна памерці і г.д. Але гэта былі хвіліны слабасці, ня болей. Са мной гэта і цяпер часам бывае. Думаю, нават у людзей, якія не хварэюць, таксама такое здараецца. Гэта нармальна. Проста трэба нешта рабіць".

Інкруставаная мазаікай прыбіральня – справа рук Арцёма
Інкруставаная мазаікай прыбіральня – справа рук Арцёма

Арцём кажа, што за непрацяглую біяграфію паспрабаваў сябе ў дзясятку прафэсіяў. Некаторыя не "зайшлі" адпачатку. Апынуўшыся пасля школы на раздарожжы, нечакана найперш для бацькоў вырашыў паступаць на тэалагічны факультэт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Тады вучэльня яшчэ мела легальны статус у Мінску, а апекаваўся студэнтамі сам мітрапаліт Філарэт:

"Прайшоў гутарку з мітрапалітам і нават умудрыўся паступіць на бясплатную форму, хоць конкурс быў даволі высокі. Год адвучыўся і зразумеў, што гэта ўсё ж не маё. Таму што мне хацелася нешта рабіць рукамі, а тут усё трэба было насіць у галаве — разважанні, тлумачэнні. Так і не зразумеў, навошта мне гэта патрэбна. І яшчэ не спадабалася, што там быў вельмі моцны ўхіл у бок праваслаўя. Я ж не ў сэмінарыю паступаў, а на рэлігіязнаўчы факультэт, каб у агульных рысах ведаць пра тое і пра гэтае. Усё павінна быць, у прынцыпе, на адным узроўні. Пра нешта расказвалі, але ў той жа час прымушалі хадзіць на службы. Што мне ня вельмі падабалася — стаяць гадзінамі на службах. Таму ўжо падчас іспытаў пры канцы году я паступаў у музычную вучэльню імя Глінкі на кантрабас. Ня ведаю нават, чаму — проста сон прысніўся, што граю на кантрабасе. І я паступіў, з нуля. Два гады правучыўся на класічным аддзяленні, хоць марыў пра джазавае. На жаль, у Беларусі менавіта джазавага аддзялення па кантрабасе няма. Можна паступіць у "кулёк" ці на эстраднае аддзяленне ў вучэльню на бас-гітару. Але я не цікавіўся тымі гітарамі. І раптам мой сябра, саксафаніст Лёша Малахаў, паступіў у кансэрваторыю ў Кёльне. Прыехаў і пачаў хваліцца, што туды ня трэба ніякіх дыпломаў. І я адразу кінуў сваю вучэльню. Дзесьці паўгода дома займаўся, рыхтаваўся да іспытаў. А потым паехаў і паступіў".

У часе карабельнага шоў
У часе карабельнага шоў

Навучаньне ў Кёльнскай кансэрваторыі замест пяці гадоў расцягнулася на сем. Як кажа сам Арцём, некалькі разоў браў акадэмічны адпачынак, бо, ня маючы спонсараў, мусіў працаваць, каб аплочваць ня толькі навучальны працэс, але і іншыя выдаткі: жыллё, страхоўку, харчаванне. За гэты час паспрабаваў сябе ў самых розных прафэсіях: фармоўшчыкам на адным з падраздзяленняў "Мэрсэдэсу", на фабрыцы па вытворчасці пластыкавых вокнаў, рабіў відэафільмы для школаў, падпрацоўваў музыкам, мулярам, садоўнікам, нават выкладчыкам ёгі:

На вуліцах Вэнэцыі: за барабанам
На вуліцах Вэнэцыі: за барабанам

"У Нямеччыне я быў ужо працаўладкаваны — лічыўся выкладчыкам музыкі ў дзяржаўнай школе. Там выкладчыка называюць дацэнтам. У нас дацэнт — гэта статусна, як прафесар, а там дацэнт — проста выкладчык. Але я не хацеў заставацца ў Нямеччыне. Нават размаўляць на нямецкай мове мне ня вельмі падабаецца. Таму адразу пасля выпускных іспытаў вярнуўся дадому, пабыў пару месяцаў і паехаў на карабель. Мяне гэта, з аднаго боку, задавальняе. Я ў любым выпадку займаюся музыкай, граю з добрымі музыкамі. Бываюць і ня вельмі добрыя, але наагул узровень нармальны. Мала таго, што я не губляю свае навыкі, дык мне за гэта яшчэ і плацяць. Да таго ж я бачу месцы самыя розныя, экзатычныя, якія пры іншым раскладзе наўрад ці ўбачыў бы. Таму пакуль усё добра. Але я ня думаю гэта рабіць маім асноўным заняткам па жыцці. Можа, яшчэ парачку разоў, і будзе дастаткова. Як што складзецца — сказаць цяжка, але пакуль планую застацца тут. Дом трэба давесці да ладу. Увогуле хочацца пачаць рабіць нешта іншае. Не маляваў досыць доўга, ёсць жаданне нешта зрабіць не па музыцы. Я не магу нават сказаць, што я музыка. Проста цяпер зарабляю музыкай грошы. Але мне падабаецца рабіць шмат чаго іншага таксама. Дапусцім, хочацца пасадзіць сад — бачыш, дрэваў ніякіх няма. Мазаіку хачу зрабіць. Ці прыдумаць нейкую справу ў Залессі, каб таксама прыносіла даход. Думаю, што не прападу, знайду нейкі занятак. Дый музыкай заўсёды можна зарабіць. Побач Вільня, там ужо зусім іншае музычнае жыццё. З'ездзіў, сыграў пару канцэртаў, і табе ўжо добра".

На прыступках будучай майстэрні ў Зарудзічах
На прыступках будучай майстэрні ў Зарудзічах

У часе цяперашняй пабыўкі на радзіме Арцём Фрэнкель з сябрамі-музыкамі Цімафеем Біруковым і Канстанцінам Гарачым даў джазавы канцэрт у менскім клубе "Графіці". Кажа, што выступіць перад беларускай публікай стараецца кожныя вакацыі. Бадай, самым хвалюючым лічыць леташні канцэрт у дзіцячым анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах — там, дзе паўтара дзясятка гадоў таму ляжаў сам. Цікаўлюся: якія нахлынулі пачуцці, як пераступіў парог клінікі?

"Дрэннага не нахлынула нічога, наадварот, месца, з якім шмат звязана. Там многае змянілася. Многія людзі, якіх хацеў пабачыць, ужо там не працуюць, у асноўным псіхолагі — тая ж Тамара Іванаўна ў дарослым аддзяленні. Калі хварэў, у мяне ад яе была рэальная залежнасць, пастаянна патрабавалася з ёй пра нешта пагаварыць. Цяпер ужо такога няма, цяпер мы проста сябры. Часам яна прыяжджае да маёй мамы, разам дапамагаюць іншым людзям справіцца з праблемамі: захварэў на рак — што рабіць? А што да самога канцэрту? Прыехалі, паставілі інструмэнты, хтосці даў абвестку. Сабралі бацькоў, дзяцей, якія змаглі прыйсці. Яны прыйшлі, мы сыгралі. Потым мяне папрасілі сказаць пару слоў. Я сказаў: не хвалюйцеся, усё ў вас на галаве адрасце, яшчэ нават лепш будзе. Галоўнае — ня падайце духам: малюйце, ляпіце, тварыце. Што я мог сказаць, у прынцыпе? Важней — нешта зрабіць. Ня думаю, што туды ўвогуле прыяжджае нехта з канцэртамі, каму гэта трэба? Мне так і сказалі: за апошнія гады нічога падобнага проста не было. Мае сябры адразу пагадзіліся — Цімафей Бірукоў, Косця Гарачы, хоць ім ад гэтага нібыта таксама нічога. Я таксама ня ведаю, навошта мне гэта, мабыць, проста так. Асабліва пра гэта ня думаў, неяк спантанна ідэя ўзнікла. Нядрэнная ж ідэя, так? Увогуле атрымліваецца, што падчас маіх прыездаў мы дзесці выступаем. Мінулы раз быў канцэрт у Нацыянальнай школе прыгажосці з Уладзімерам Чакасіным, было цікава. Цяпер вось у "Графіці", летась у анкацэнтры. Як ёсць жаданне, то нешта заўсёды атрымліваецца".

Верныя спадарожнікі – кантрабас…
…і кампактная бас-гітара

За працяглую шпітальную падтрымку і далейшую рэабілітацыю Арцём найперш удзячны сваёй маці — Ірыне Фрэнкель. Пры канцы 1980-х яна таксама перамагла анкалагічную хваробу. У 1996 годзе Ірына далучылася да руху "Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын" і некалькі апошніх гадоў дапамагае не адчайвацца іншым людзям, хворым на рак. Выступае трэнерам па актуальных тэмах, сярод якіх — прафілактыка раку малочнай залозы, а таксама кіруе праектам "Развіццё сферы паслугаў сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі для анкапацыентаў". Дзеля гэтага ў Смаргоні рэалізуецца сістэма псіхолага-сацыяльнай дапамогі — з прыцягненнем прафесійных псіхолагаў, псіхіятраў, анколагаў і саміх тых людзей, якія балансавалі на мяжы жыцця і смерці. Наступны крок — арганізацыя групаў самадапамогі з ліку анкапацыентаў і іхніх блізкіх. Смаргонскі досвед ужо рэкамэндаваны для пераймання ў іншых рэгіёнах Беларусі. 

Чытайце таксама:

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"
Жыццё пасля раку: "Каханне — гэта лекі, лепшых за якія яшчэ не прыдумала медыцына"