Аршанскія краязнаўцы атрымалі ліст ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта – адказ на просьбу аб дапамозе ў кансервацыі гістарычнага будынка, які належыць Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы і ужо каля 10 год стаіць без даху.

Мітрапаліт Філарэт. Фота: Сяржук Серабро, "Народныя навіны Віцебска"

Паводле атрымальніцы ліста, былой музейнай супрацоўніцы Таццяны Варонінай, допіс ад мітрапаліта Філарэта робіць прыемнае ўражанне: "Ліст пачынаецца са словаў пра тое, што першая асоба Экзархату Беларускай Праваслаўнай Царквы падзяляе нашу трывогу наконт бядотнага стану гістарычнага помніка, што падзяляе нашы скрушныя пачуцці з гэтай нагоды. Ніводзін дзяржаўны чыноўнік пра гэта не напісаў, усе толькі давалі ўказанні і справаздачыліся казённай мовай. Што да мовы, то ліст напісаны па-беларуску, без памылак і канцэлярскіх абаротаў, як звычайна адказваюць з вышэйшых дзяржаўных інстанцый. Мітрапаліт Філарэт піша, што зробіць усе магчымыя захады, каб будынак кляштара базыльянаў быў уключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму рэстаўрацыі. А што да праблемы часовага даху, то гэта параіў вырашаць з мясцовымі структурамі – пераслаў наш ліст кіраўніку Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, архіепіскапу Віцебскаму Дзімітрыю (Драздову)".

На думку аршанскіх краязнаўцаў, архіепіскап Віцебскі Дзімітрый мусіць адрэагаваць на перадасланы яму ліст найбліжэйшым часам. Бо помнік архітэктуры, які з'яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю, стаіць без даха, акон і дзвярэй і з кожным годам усё больш разбураецца пад дажджом і снегам. Калі не распачаць кансервацыю тэрмінова, то ён так і прастаіць без даха ў наступную зіму. А гэта не што іншае, як парушэнне Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" ўласнікам гістарычнага будынка.

У чаканні адказу з Віцебскай епархіі краязнаўцы рыхтуюць звароты ў пракуратуру, каб там далі законную ацэнку ігнараванню сваіх абавязкаў усімі адказнымі за захаванне помніка архітэктуры асобамі.
{banner_819}{banner_825}
-10%
-10%
-35%
-25%
-50%
0061937