Наста Darteco,

У мінскім гандлёвым цэнтры з зусім небеларускай назвай "Маскоўска-Венскі" працуе беларускамоўная кропка. У краме "Мой модны кут" можна набыць модную жаночую вопратку ад папулярных еўрапейскіх брэндаў і заадно пачуць ад усмешлівага дзядзькі Валеры альбо яго жонкі Алены, ці пасуе табе спадніца. І менавіта "спадніца", а не "юбка". А калі яшчэ звярнуцца да прадаўца адразу па-беларуску, то можна атрымаць зніжку.

Фота: Юра Сідун

"Модны кут", што гандлюе жаночай адзежай пераважна ад H&M, існуе ўжо два гады. Але звяртацца да пакупнікоў па-беларуску там пачалі не так даўно. Саўладальнік крамы Валеры агулам лічыць сябе "двоечнікам" і не разумее, чаго гэта пра яго ўзяліся пісаць СМІ, маўляў, размаўляйце на роднай мове і будзеце знакамітымі. Падштурхнула да беларускай мовы Валерыя наведванне аднаго са сталічных рэстаранаў, які быццам бы і аформлены ў беларускім стылі, але ж па-беларуску ён ні слова не пачуў. Захацелася нешта змяніць.



Фота: Юра Сідун

Рэакцыя кліентаў таксама нестандартная: хтосьці цягне з сабой дачку адмыслова, каб паслухаць мову, а бывае, нехта і скрывіцца. Такіх, аднак, няшмат. Кур’ёзаў, як і з любым беларускамоўным, таксама хапае.
"Бывае прыйдуць: "Цо пан поляк?", бывае думаюць, што з Украіны. А нядаўна прыйшлі тры дзяўчынкі, нешта мераюць і пытаюць: "А вы адкуль?" — "З Беларусі". — "А вы хто?" — "Беларус". — "А чаго тады па-беларуску размаўляеце?" — узгадвае ў размове з Generation.by Валеры.
 
Фота: Юра Сідун


Валеры — аматар гісторыі, а раней працаваў у міліцыі. Цяпер, пакуль няма пакупнікоў, ён піша гістарычныя кнігі. Адна з іх — гістарычны каляндар. На кожны з 365 дзён ён склаў спіс значных для гісторыі Беларусі падзей. У планах — дапісаць пагадавую гісторыю Беларусі і кнігу пра кіраўнікоў ад Рагвалода да Лукашэнкі, а яшчэ зрабіць сапраўдны музей Сярэднявечча. Акрамя імпартнай жаночай вопраткі, Валеры збіраецца прадаваць цішоткі, дзе ўверсе будзе намаляваны герб пэўнага беларускага горада, а ўнізе напісана: "Каго любіш? Люблю Беларусь". Пакуль Валер дзяліўся планамі, у госці зайшоў Ілля з крамы абутку насупраць.
 
"У нас такі тут закуточак беларускамоўны, — усміхаецца Ілля. — Мы паміж сабой дамовіліся ў свой час размаўляць, і мне вельмі падабаецца. У мяне, між іншым, таксама беларускамоўным зніжкі".
 




У "Моднага кута" ёсць яшчэ адзін павільён у ГЦ "Тытан", дзе сціплая прадавачка Ангеліна таксама адказвае па-беларуску. Бізнэсовец кажа, што як будзе яшчэ браць новую супрацоўніцу, то ў першую чаргу будзе глядзець на валоданне беларускай мовай.
"Не падабаецца камусьці з наведнікаў — ну развярнуўся і пайшоў. Далібог, іншыя прыйдуць. Затое я застаюся беларусам".
0062016