Вольга Малафеечава,

Generation.by працягвае адзначаць на планеце гарачыя беларускамоўныя кропкі. Пасля беларускамоўнага японца мы ізноў вяртаемся ў Еўропу. Наступны малады герой — з краіны Баскаў, якая шукае сваю свабоду пад гарачым сонцам паміж Гішпаніяй і Францыяй. Roncero Toledo Kristian размаўляе і піша па-беларуску, але дагэтуль ўражваецца "цеканню" і "дзеканню" нашых краёў.



"Дык ты хочаш вывучаць беларускую мову? Ох! Бог з табой!"

Матывацыі для вывучэння беларускай у мяне былі розныя. З аднаго боку, было цікава, бо я ў той момант ўжо вывучаў рускую і польскую мовы. Потым, мае першыя сябры ў Беларусі калісьці размаўлялі паміж сабой па-беларуску, слухалі беларускую музыку, і мне хацелася быць часткай гэтага. Потым, у мяне ўзнікла жаданне застацца ў Беларусі (хоць на годзік) і я разумеў, наколькі вартая адаптацыя на гэту культуру. Я — баск, і нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову, нягледзячы на тое, што выдатна мы разумеем французскую ці гішпанскую.

Я шукаў усе магчымасці для навучання беларускай, і гэта рэальна было складана.

Спачатку, пакуль я атрымліваў сваю першую адукацыю, я атрымаў дзве стыпендыі, каб вучыцца летам у МДЛУ з рэпетытарам (гэта быў цуд!). Пачаў слухаць музыку, паспрабаваў чытаць нешта.

Потым, я захацеў больш сістэмна вывучаць, шукаў па ВНУ ў Менску такую магчымасць, але не знайшоў. Нейкая важная жанчына ў адным вартым універсітэце паглядзела на мяне і сказала: "Дык ты хочаш вывучаць беларускую мову? Ох! Бог з табой!"

І ўрэшце, мне прыйшлося амаль у сярэдзіне кастрычніка пачынаць першы курс беларускай філалогіі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Хаця я амаль не ведаў мову.

"Цеканне" і "дзеканне"

Што самае складанае ў вывучэнні беларускай мовы? Усё :) Шмат: нейкія гукі, лексіка, вопыт. Напэўна, самае складанае для мяне (акрамя склонаў, якія з іншага свету) былі фанетычныя правілы: асабліва "цеканне" і "дзеканне".

"Дзьмухавец" — напэўна самае смешнае беларускае слова. Таксама падабаюцца "лазня", "гуртаваць", "гучанне", "сябар/сяброўка", "хлопец".

Каб вучыць беларускую мову, вельмі добра падыходзяць беларускія народныя казкі — яны вельмі цікавыя. Замежнікі могуць там пабачыць культурныя рознасці і падабенствы з сваёй радзімай. І песні заўсёды дапамагаюць.

Мы пачынаем, і адразу яны пераходзяць на рускую

У Беларусі спачатку бываў некалькі разоў і потым вучыўся год у Берасці. Зараз не маю магчымасці вяртацца туды, бо вучуся ў аспірантуры ў Лэоне (Гішпанія).

У Берасці было некалькі людзей, з якімі я мог размаўляць. Усе астатнія саромеліся карыстацца сваёй мовай (не разумею чаму, бо я сам замежнік і я раблю памылкі).

Зараз я маю мала магчымасцяў размаўляць па-беларуску. Раз у тыдзень здараецца гаворым з сябрамі па скайпу, і бываюць часам магчымасці скарыстацца ёй. Але, праўда, што часткова мы ўжо пабудавалі нашы камунікацыі на рускай мове, і складана перайсці на беларускую. Мы пачынаем, і адразу яны пераходзяць на рускую, бо ім прасцей... а з часам і я таксама. Хаця гэта дурна!

Падобна на эмоцыі, якія я маю, калі размаўляю па-баску

Я Баск, і ў нас адмысловая моўная палітыка і робяцца ўсе намаганні, каб наша мова не знікла, і яны вельмі моцныя. А ў Беларусі я сустрэў шмат людзей, якія саромеюцца размаўляць сваёй мовай (асабліва тыя, што з Палесся). Я нават чуў ад людзей, што беларуская мова не прыгожая як украінская, ці руская. Я лічу, што гэта самае жахлівае, што можна сказаць. Бо твая мова — гэта тваё нутро: думкі і адчуванні, мы ўсе абавязкова пражываем іх па-рознаму, гэта наша асаблівасць, наш сусвет.

Калі я размаўляю па-беларуску, ці калі нехта са мной гаворыць, нешта ў душы свеціць... не магу гэта апісаць... але падобна на эмоцыі, якія я маю, калі размаўляю па-баску. 
-30%
-25%
-51%
-10%
-20%
-25%
-30%
0071356