Поиск людей, пропавших после акций
Что делать, если вас задержали и избили


Аляксандр Пукшанскі, фота аўтара,

Карэспандэнт "Звязды" пабываў у лячэбна-працоўным прафілакторыі для жанчын, які адкрыўся ў Віцебску. Цяпер у горадзе аж два ЛПП: мужчынскі дзейнічае прыкладна чатыры гады, а новы — яго філіял. Усяго ў краіне шэсць такіх устаноў.

Сярод іншага аўтара гэтых радкоў прыемна здзівілі жаночая лазня, крама і сталовая. Дарэчы, упершыню ў жыцці не абслужылі ў краме, бо наяўныя і безнаяўныя грошы тут не бяруць. А яшчэ больш уразіла, што нядаўна ў ЛПП згулялі… першае вяселле!



Чытаюць "Злачынства і пакаранне"

Зразумела, філіял лячэбна-працоўнага прафілакторыя №4 упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці — месца закрытага тыпу. Таму дзякуй афіцэрам з вышэйзгаданага ўпраўлення — намесніку начальніка Аляксандру Сівоху, а таксама Мікалаю Хомічу — за магчымасць там пабываць. Маім "гідам" па ЛПП стаў Аляксандр Арцёменка, намеснік начальніка ЛПП.

— Прафілакторый пачаў працаваць праз некалькі дзён пасля Міжнароднага жаночага свята. Разлічаны ён на 600 чалавек, але сёння іх — каля 430. Менавіта ў Віцебску цяпер ёсць ЛПП і для мужчын, і для жанчын. Жаночы адкрыўся на базе былой калоніі для непаўнагадовых, якую расфарміравалі. Многія з тых, хто раней служыў ці працаваў у калоніі, зараз у штаце філіяла ЛПП, — расказвае ён.

— "У свеце прафесій" — такую назву мела адно з першых мерапрыемстваў, якое мы правялі тут у форме гульнявой праграмы. А ўсё таму, што ў нас знаходзяцца грамадзянкі, якія наогул не маюць прафесіі. Увогуле, у нас шмат талентаў. Могуць адной рукой на акардэоне іграць. Да Дня Незалежнасці, напрыклад, падрыхтавалі добры канцэрт — з вершамі, беларускімі песнямі, танцамі. І з тым канцэртам выязджалі выступаць у мужчынскае "аддзяленне" прафілакторыя. Былі і канцэрты "Добры дзень, лета!" і да Дня маці. Некаторыя жанчыны пішуць вершы, некаторыя — нават кнігі пра сваё жыццё, — расказвае Таццяна Вярхоўская, культарганізатар ЛПП-4.

Паводле яе слоў, амаль што ўсе жанчыны з задавальненнем бяруць кнігі ў бібліятэцы, фонд якой перавышае 12 тысяч асобнікаў. Самыя папулярныя: "Злачынства і пакаранне", "Ганна Карэніна", праваслаўная літаратура. Некаторыя чытаюць кнігі па геаграфіі Беларусі, хіміі, матэматыцы. Запатрабаваныя крыжаванкі і сканворды.

У клубе праводзяцца сустрэчы з актывістамі аб’яднання "Ананімныя алкаголікі", дзе былыя залежныя ад спіртнога расказваюць, як цяжка ім было "завязаць"…



Нікога сілай не кадзіруюць

У штаце медчасці прафілакторыя — 15 чалавек. Ёсць стаматолаг, два тэрапеўты, тры псіхіятры, гінеколаг, супрацоўнікі лабараторыі, дзе бяруць аналізы.

Працуе стацыянар. У асабліва цяжкіх выпадках жанчын пераводзяць на лячэнне ў звычайную бальніцу. Двухтыднёвы "каранцін" для навічкоў неабходны.

Доктар расказаў, што нікога сілай не кадзіруюць. Па яго словах — гэта чуткі, якіх нямала ходзіць аб дзейнасці такіх устаноў.

— Накіроўваюць сюды выключна па заключэнні суда. Чалавека запрашаюць або вядуць на медыцынскі агляд у клініку па месцы жыхарства. Там камісія дае медыцынскае заключэнне аб тым, што ён (яна) мае залежнасць ад алкаголю або наркотыкаў. Наркаманак у нас усяго тры. Калі яны прыдатныя да знаходжання ў ЛПП — накіроўваюцца, і на год іх ізалююць. Жанчыны за гэты час праходзяць тры курсы лячэння,— расказвае Дзмітрый Макрыцкі, урач-псіхіятр.

Чуткі пра дарагавізну лячэння далёкія ад рэчаіснасці. Разам падлічылі, што курс лячэння беларускім прэпаратам абыходзіцца ў… 21 тысячу рублёў.

Безумоўна, самы эфектыўны "прэпарат" — ізаляцыя ад спіртнога і сабутэльнікаў. Перад выхадам на волю — прыкладна за месяц — усім жанчынам прапануюць кадзіравацца. І робяць гэта ў псіханеўралагічным дыспансеры. Кадзіраванне бывае медыкаментозным і гіпнатычным. Але не сакрэт, што толькі сіла волі — лепшая гарантыя завязаць са спіртным.

"Гарэлка мне не сніцца"

Наталля — адна з нямногіх, хто пагадзіўся шчыра пагаварыць. Перад пачаткам нашай гутаркі афіцэры далікатна выйшлі з яе пакоя.

Сказала, што на волі працавала ў сферы медыцыны, і тут — у медыцынскай часці.

— У віцебскім прафілакторыі я з самага пачатку яго працы. Раней знаходзілася ў ЛПП у Магілёўскай вобласці. Адтуль перавялі бліжэй да месца прапіскі. Разведзеная, сыну 25 гадоў. Я — асоба не абавязаная, таму з заробку ў мяне вылічваюць толькі грошы на маё ўтрыманне. Кадзіравалася. Не, нічога мне не ўшывалі ў вену. Проста ўвялі лекавы прэпарат, не сумяшчальны з алкаголем, які, як быццам, здымае цягу, блакіруе нейкія працэсы ў галаўным мозгу. Залежнасць ад спіртнога слабее. Ды і тут нельга купіць і дастаць яго, — расказвае жанчына.



Паводле яе слоў, у прафілакторый трапіла дзякуючы намаганням мамы і сына. Яны і папрасілі ўчастковага міліцыянера даць ёй шанц падумаць над сваім жыццём.

— Да таго гады тры піла. Не кожны дзень, але ўсё часцей і часцей… Я не згодна з вамі, што праз год, на волі, міжволі зап’еш, калі вярнуцца ў сваё звыклае асяроддзе. Чалавек, які зразумее, што чарка таго не каштуе — зробіць для сябе разумныя вывады. Я шмат чаго страціла ў жыцці з-за гэтай чаркі, без яе нашмат большага дасягнула б. Можа, цяпер была б урачом. Планую паступіць наноў у медыцынскае вучылішча, — шчыра расказвае аб сваім жыцці суразмоўца.

Дарэчы, сказала, што ў ЛПП выдатныя супрацоўнікі, медперсанал. Усё робіцца, каб дапамагчы грамадзянкам адчуць сябе жанчынай, маці. А ёсць жа сярод пацыентак дзяўчынкі зусім маладзенькія, у некаторых — маленькія дзеткі.

— А гарэлка вам не сніцца па начах?

— Не. Мне засталося два месяцы да заканчэння "тэрміну". І мне не страшна выходзіць на волю.

— І нават шампанскае піць не будзеце?

— Не, бо разумею, што я — хворы, залежны чалавек. Самае галоўнае — зразумець гэта. Шмат пра гэта напісана ў кнігах, якія чытаю, дзе расказваецца, што алкаголь — зло. Так, куру — шмат, і ўжо працяглы час. Не магу пакуль сказаць, што кіну. Пакуль што ў мяне задача — давучыцца, атрымаць адукацыю. Яшчэ будзе час і папрацаваць, і годна выйсці на пенсію. Так, у мяне ёсць сужыцель. Піў "за кампанію", але, калі я не цягнулася да чаркі, і ён таксама. Яго ўжо папярэдзіла: калі хоча быць са мной, наогул пра спіртное прыйдзецца забыць!

Гарбата, кава, цыгарэты…

Прафілакторый — не "зона". Напрыклад, тут дазваляецца тэлефанаваць куды хочаш — праўда, у адведзены час. Вядома, пасылкі правяраюць: каб, у першую чаргу, грамадзянкам не прысылалі спіртное, наркотыкі, а па-другое, як і ў бальніцах, ёсць пералік прадуктаў, якія можна атрымліваць. У памяшканні кожнага атрада ёсць халадзільнік, тэлевізар, DVD, чайная і бытавы пакой. Працуе крама, дзе тавары, аказваецца, танней, чым за агароджай ЛПП.

— "Рэйтынг продажу" трымаюць гарбата, кава, цыгарэты, а яшчэ цукеркі і печыва. Не менш за чатыры разы ў месяц жанчына можа ў краму прыйсці. Пры паступленні ў ЛПП выдаюць мыла, туалетную паперу (мужчынам — яшчэ і станкі для галення. — аўт.). Ахвотна купляюць крэмы, шампуні і іншае. Паколькі грошы ім на рукі не выдаюць, кошт усіх пакупак спісваецца з асабістых рахункаў. Жанчыны да святаў высылаюць родным падарункі, грашовыя пераводы, — распавядае Валянціна Карпінская, загадчыца крамы.

Дзе працуюць?

Жанчыны, якія не маюць прафесіі, вучацца на швачак на курсах у ЛПП. Праўда, як прызналася майстар навучання, многіх вучыць вельмі цяжка, бо рукі ў іх дрыжаць пасля шматгадовай залежнасці ад спіртнога. У швейны цэх ЛПП падаюць заяўкі на пашыў рукавіц, касцюмаў для рабочых… Зараз шыюць кухарскія фартухі і каўпакі. Чакаюць тут і новыя заказы на шыццё матрацаў, целагрэек. Заробак залежыць ад выпрацоўкі.

На абутковым прадпрыемстве "Белвест" працуюць 65 жанчын, 20 — на швейным прадпрыемстве "Віцяблянка". Прадпрыемства "КІМ" падала заяўку на швачак. На асабісты рахунак грамадзянак паступае толькі 25% ад заробку, астатняе — кампенсацыя на іх утрыманне, абавязковыя выплаты (калі абавязаны кампенсаваць дзяржаве выхаванне дзяцей).

Харчаванне кожнай жанчыны каштуе 327 тысяч у месяц. У сталовай тыднёвае меню мяняецца, харчаванне трохразовае, згодна з зацверджанай нормай. І ніякіх дадатковых харчовых "радасцяў" да святаў. Ёсць дзве дыетычныя нормы — па паказаннях урачоў. У выдатках на ўтрыманне жанчыны і камунальныя паслугі — каля 200 тысяч рублёў у месяц.

У 6 гадзін раніцы ў ЛПП — пад’ём, сняданак у 6.10, абед у 12.00, вячэра — у 18.45, адбой — у 22.00. У некаторых з тых, хто працуе па-за межамі ЛПП, свой распарадак дня. Бо ім трэба на трэцюю працоўную змену: на "Белвест", сельскагаспадарчае прадпрыемства "Ноўка". У такіх жанчын пад’ём у 5 гадзін раніцы.

У выхадныя дні асобны распарадак: прачынаюцца ў 7 гадзін, няма разводу, вываду на працу. Замест гэтага — дзяжурства, заняткі ў групах медыка-сацыяльнай адаптацыі, выхаваўчыя лекцыі і гутаркі. А яшчэ жанчыны вяжуць, чытаюць, пішуць лісты, ходзяць глядзець кіно ў клуб, мыюць бялізну. 

...І першае вяселле!

Начальнік атрада, лейтэнант Вольга Харашчова працуе ў ЛПП трэці месяц. Сказала, што сама выбрала службу, бацькі не маюць дачынення да праваахоўных органаў. Не замужам.

— Скончыла акадэмію МУС, і сюды размеркавалі. Я — віцебская. Тут усё нармальна, калектыў добры, атрад нармальны дастаўся. У прафесійным выбары не расчаравалася. У мяне трохі іншае ўяўленне было пра ЛПП. Думала, што тут жанчыны значна горшыя. А яны, у прынцыпе, нядрэнныя, працаваць з імі лёгка. Невырашальных сітуацый няма ў любым выпадку. Спроб уцёкаў або чаго горш не было. Нехта, бывае, нервуецца: зразумелая справа, у замкнёных умовах знаходзяцца. Але, у прынцыпе, крызісных сітуацый яшчэ не здаралася, — расказвае лейтэнант.

Алена Кірылава, загадчыца лазнева-пральнага камбіната, таксама паказала сваю "гаспадарку". Паўсюль ідэальная чысціня, утульнасць, камфорт. Некаторым кіраўнікам звычайных лазняў трэба тут станоўчы вопыт пераймаць.

— Запрашаю ў лазню — жаночую. Калі яшчэ будзе такая магчымасць? Кожныя суботу і нядзелю — памыўка. Вось нашы пральні. Вязуць жа мыць рэчы, бялізну і з мужчынскага ЛПП. Усё зроблена з розумам. Санстанцыя ж можа нават да дробязі "прычапіцца" — так што не проста тут працаваць, шмат нюансаў. Але мы спраўляемся, — расказвае яна.

Працяглыя спатканні грамадзянкам на тэрыторыі ЛПП прадстаўляюцца да 3 сутак — з блізкімі сваякамі або афіцыйным мужам. З сужыцелем дазволена толькі кароткае спатканне — да 3 гадзін, але хоць кожны дзень. У горад ім нельга. Але ёсць так званыя сацыяльныя водпускі — з важных прычын.

Справілі ў ЛПП і першае вяселле. З ЗАГСа прадстаўнік прыязджаў, пару распісалі, "горка" ёй крычалі. Толькі пілі, зразумела, безалкагольныя напоі.
-20%
-10%
-20%
-50%
-35%
-20%
-20%
-10%
-30%
-25%