беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітолаг. Жыве ў Нью-Ёрку
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітолаг. Жыве ў Нью-Ёрку
Краіна мадэрнізуецца, але страчвае нацыянальную мову, піша патрыярх беларускай дыяспары.

Тая наймілейшая краіна, дзе завязана пупавіна. Няма большага духоўнага задавальнення, як адведкі родных на роднай зямлі. Мы з Надзяй удзячныя Богу, што нам пасля чатырохгадовага перапынку пашчасціла пабачыцца з вамі, пабыць у розных мясцінах Беларусі, пажыць успамінамі, пацешыць вочы незабыўнымі краявідамі, але адначасова з болем у сэрцы пераканацца ў адыходзе з практычнага ўжытку таго, што нам найдаражэйшае – роднай мілагучнай мовы.

Дарога назад у Амерыку была камфартабельнай. Польская авіялінія абнаўляе цяпер свой флот, і з Варшавы ў Нью-Ёрк мы ляцелі новым "Боінгам-787". Гэта той, у якога на пачатку года сёлета былі ўсё нейкія праблемы з батарэямі. Нарэшце наладзілі. "Боінг-787" — гэта махіна. На борце 400 пасажыраў. Выгадныя сядзенні, індывідуальныя тэлеэкраны з багатым выбарам праграм. Польскія авіялініі добра кормяць (да выбару дзве стравы, розныя напоі, уключна з віном і гарэлкай).

Словам, ад старту да фінішу ўсё наша ліпеньска-жнівеньскае падарожжа – 10 дзён у Польшчы з Беластокам і 20 у Беларусі – прайшло гладка, прыемна і памятна. Хочацца верыць, што сустрэча наша была не апошняй…

Цяпер тут знаёмыя пытаюцца: "Ну, як там у Беларусі?" Пытанне ёмістае. Можа, і вам будзе цікава пачуць наш адказ.

Мушу сказаць, што за мінулыя чатыры гады змены ў вас відавочныя. Значна пашырыўся і мадэрнізаваўся мінскі аэрапорт (з ім мы пазнаёміліся пры адлёце): значна пашырэла электроннае табло з новымі рэйсамі, больш кіёскаў з сувенірамі, крам з замежнымі бутэлькамі алкаголю і парфумерыі, перакусачных, банкаўскіх акон ды іншага.

Пабольшала аўтастрад. Новыя, чыстыя, з гладкімі палосамі траўнікаў паабапал. Далейшая хада дарожнага будаўніцтва навідавоку. Прыбыло будаўнічай тэхнікі. Галоўнае, чаго не стае — гэта аўтамабільнай і турыстычнай абслугі. Дзясяткі кіламетраў без рэстаранчыка, без заправачнай станцыі, без месца адпачынку. Па-ранейшаму скупыя, або блытаныя, або зусім адсутныя на бакавых дарогах паказнікі кірунку.

У Мінску адразу ж кідаюцца ў вочы гмахі новых жыллёвых кварталаў. Гарадскія ўлады ўжо нават робяць захады, каб прыпыніць крыху будаўнічы бум.

На вуліцах сталіцы пабольшала аўтамабіляў з павышанай доляй навейшых. Амаль у кожнага пешахода пры вуху мабільнік. Людзі выглядаюць крыху лепш апранутымі. Але ўсе па-ранейшаму з авоськамі або мешкаватымі чыноўніцкімі партфелямі.

Мадэрнізацыйныя змены заўважаюцца і ў правінцыі. З'явіліся кватэрныя туалеты там, дзе іх яшчэ нядаўна не было, душы з цёплай вадой, машыны для мыцця бялізны. Мы былі прыемна здзіўленыя, пабачыўшы ў раённых Жыткавічах супермаркет. Вялікі выбар прадуктаў, хуткая абслуга. У суседнім Тураве пабудаваны па італьянскай тэхналогіі завод малочных прадуктаў; тут жа побач і новенькая крама з малочнымі і мяснымі вырабамі.

Праўда, калі гаварыць пра заработкі і цэны, то ружовы колер знікае. Вочы бачаць, а кішэня не дазваляе. Сямейныя бюджэты трашчаць. Уздоўж дарог (падобна як і на Беласточчыне) сёй-той залатвае бюджэтныя дзіркі продажам "дароў" лесу. Але ж такіх прадаўцоў знікомая колькасць. Лес далёка не ўсім даступны. Дый транспарт каштуе.

Шмат якія гараджане займаюцца "нелегальным вулічным гандлем" (тэрмін мінскай адміністрацыі), змагацца з якім улады заклікалі нядаўна міліцыю ды падатковую інспекцыю.

Як вынік сацыяльнай дыферэнцыяцыі і росту жыццёвага ўзроўню часткі насельніцтва, растуць і цэны. А рост цэн даймае якраз найбяднейшых. Жанчына ў харчовай краме: "А што ж гэта такое?! Учора батончык быў пяць тысяч, а сёння ўжо сем! Вось табе і падвысілі пенсіі…" Адна рука дае, другая забірае.

Часткова прыватызаваная камерцыя закідала рынак замежнымі таварамі, асабліва галантарэйнага кшталту (крэмы, туалетныя прылады, біжутэрыя і г.д.). Паправілася тэхналогія апрацоўкі і абсталявання кватэр.

Замежныя тавары нагэтулькі пераважаюць сваімі якасцямі, што ўрад мае праблему з гандлёвым дэфіцытам: валюта ўцякае за мяжу. Урад змагаецца з гэтымі ўцёкамі рознымі спосабамі, у тым ліку этыкеткамі ў крамах: "Зроблена ў Беларусі". Беларусы, будзьце патрыётамі!

За мяжу ўцякае не толькі валюта, а і маладыя людзі ў пошуку нармальных побытавых умоў. Наяўны прыклад: настаўнік-пачатковец з месячнай зарплатай 275 долараў шукае кватэры ў Мінску і даведваецца, што найтаннейшая аднапакаёўка будзе каштаваць яму 200 долараў. Вось і ўладкуй свой быт, калі не маеш дапамогі ад бацькоў з дзядамі.

Густой заслонай над беларускай зямлёй павісла расійская мова і русіфікаванае маўленне. Дэнацыяналізацыйныя ўплывы дабраліся ўжо да фанетыкі, да цвёрдых і фрыкатыўных гукаў беларускай мовы. У моўна знявечаным Мінску засталіся адно бледныя сляды нацыянальнага моўнага скарбу — на некаторых шыльдах, на вулічных табліцах, дзяржаўных будынках ды ў гарадскім метро, дзе яшчэ лашчыць слых прыемны мужчынскі барытон: "Асцярожна! Дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя "Купалаўская".

Пры ўсім гэтым варажнечы да нашай беларускай мовы, якою мы ўсюды карысталіся, мы не адчулі.

Папулярнасць расійскай мовы, апрача ўсяго іншага, падтрымліваецца фактам, што Расія застаецца, як сказаў адзін суразмовец (які займаецца вырабам мэблі), "бяздонным рынкам збыту тавараў". Рынкавая мова – мова бытавых патрэб, штодзённай практыкі, мова мас. А мова нацыянальнай спадчыны, калі яе актыўна не падтрымлівае ўрад і мясцовыя ўлады, застаецца аб’ектам абароны з боку лічаных адзінак і малалікіх груп грамадзян.

Трэба падкрэсліць, што такая абарона паступова пашыраецца ў выніку праводжання, у дадатак да агульных заяваў пра русіфікацыю, канкрэтных практычных абарончых мерапрыёмстваў, як гэта робіць Таварыства беларускай мовы (ТБМ) пад старшынствам сп. Алега Трусава, або Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" пад старшынствам сп-ні Алены Макоўскай. Абаронцы беларушчыны абапіраюцца на заканадаўства. Падобныя захады даюць пазітыўныя вынікі, як нам было сказана. З псіхалагічнага боку такая тактыка вельмі карысная, бо яна дае, хоць і малыя, але наяўныя вынікі, якія трымаюць абаронцаў на духу.

Не выключана, што акцыя маламаштабнай абароны мовы ўздзейнічае на змяншэнне беларусафобіі. Не трэба таксама выключаць з аналізу і магчымага пашырэння ў грамадстве разумення беларускай гістарычна-культурнай анамаліі — існаванне тытульнай дзяржаўнасці без тытульнай мовы.

Несамавітым аднак застаецца яшчэ сярод многіх беларусаў інтэлектуальны вывіх у поглядзе на нацыянальную мову. І на самай справе: з далёкіх стагоддзяў, як і з нядаўніх дзесяцігоддзяў, гучаць ва ўнісон галасы найвыдатнейшых постацей айчыннай гісторыі, што родная мова Богам дадзеная. Пра гэта казалі і кажуць Францішак Скарына, Леў Сапега, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Рыгор Барадулін ды мноства іхных сучаснікаў. Але мазгі ў нашых людзей нагэтулькі затуманеныя русіфікацыяй (або паланізацыяй), што нават тыя, хто глыбока верыць у Бога, не разумеюць свайго першароднага грэху, калі яны здаюць на пагібель Божы дар, родную мову.

На гэтым пакуль што спынімся. Паспрабуем прасеяць праз сіта развагі ўсё бачанае і чутае. Ды будзем жыць далей думкамі і мроямі пра родную Беларусь.

Янка Запруднік, Самерсэт, кастрычнік 2013
-15%
-10%
-10%
-10%
-30%
-50%