Аляксандра Дынько,

Захварэўшы ў 23 гады на анкалогію і перажыўшы перасадку касцявога мозга, Аляксандр Паляшчук вярнуўся ў звычайнае жыццё.

Фота: svaboda.org

Сашу цяпер 28 год, хаця выглядае ён, падаецца, значна маладзей. Працуе эканамістам у камерцыйным банку, слухае шмат сур'ёзнай музыкі і калекцыянуе згубленыя пальчаткі. У яго пакоі партрэт Леніна, "папёрты" з нейкай установы, суседнічае з наварочаным камп’ютарам і старымі вясковымі жбанамі. Саша ўсмешлівы, ветлівы і далікатны. Саша вельмі моцны.

"Я павінен быў памерці тры гады таму. Мне нічога не дапамагала. Метастазы пайшлі ў косткі. Але пасля хіміятэрапіі я ўжо атрымаў паказанне да трансплантацыі. Трапіў у дзявяты шпіталь. Там мне зрабілі аперацыю па перасадцы касцявога мозга ад самога сябе".

Калі пяць год таму ў Сашы доўга трымалася невысокая тэмпература і балела спіна, у найгоршае ніхто не верыў.

Фота: svaboda.org

"Тэмпература — усяго толькі 37, пот уначы і татальная стомленасць. Потым урач табе кажа: "Хопіць ужо тут хварэць". Закрывае бальнічны, і ты ідзеш на працу. А пасля ходзіш у туалет, каб шпуляць сабе ўколы з абязбольваючымі. Мне тады спіна надта балела. Болі ад аўтаімуннай паразы пазванкоў падобныя да радыкуліту. Чатыры месяцы ніхто не разумеў, што са мной. І гэта час, за які хвароба прагрэсавала".

Пасля адзін з дактароў знайшоў у Сашы пухліну вілачковай залозы. Зрабілі аперацыю, апраменьванне, хіміятэрапію: "Я нават не ведаў, што ёсць такі орган. Залоза гэтая выбракоўвае дрэнныя лімфацыты. Тады ўжо ўздыхнулі — хоць нейкі вынік".

Самае першае, з чаго Саша пачынае размову пра сябе, кажа: "Мне пашчасціла хварэць у Беларусі". Ён пераконвае, што анкалагічнае лячэнне ў нас пастаўленае вельмі добра. Найгоршае — гэта дыягностыка.

Фота: svaboda.org

"Мне адразу паставілі неадэкватную стадыю — другую. А трэба было ставіць чацвёртую, бо ў мяне былі метастазы ў хрыбет, таму трэба было абіраць больш моцнае лячэнне".

Кажа, што на камп’ютарную тамаграфію можна прастаяць у чарзе па паўгады. А яшчэ ў Беларусі няма такога метаду даследавання анкалогіі, як пазітронна-эмісійная тамаграфія. Яна даступная ў Расіі. Не надта абазнаныя беларусы, жадаючы трапіць на такую дыягностыку, часта робяцца ахвярамі махляроў. Так здарылася і з Сашам.

"Недалёка ад Санкт-Пецярбургу ёсць радыялагічны інстытут, дзе такое даследаванне праводзіцца. Запісваюць яны бясплатна па тэлефоне. І вось некаторыя фірмы прапануюць паслугі рэгістрацыі за 200-400 долараў. І мяне так падманулі".

Здаецца, Саша стараўся зразумець усё пра сваю хваробу і яе лячэнне. Шмат чаму давялося вучыцца, прызнаецца ён. Але папярэджвае — у інтэрнэце пра сваю хваробу чытаць не трэба. І па форумах не варта хадзіць, каб атрымаць нейкую параду. На яго вачах гінулі людзі, якія давяралі медыцыне меней за ўсе іншыя даступныя спосабы.

"Калі я праходзіў хіміятэрапію як падрыхтоўку да трансплантацыі, са мной ляжаў хлапец з Украіны. Ён, пэўна, быў баптыст і ўсё чытаў Біблію. Калі яму паставілі анкалогію крыві, то ён паехаў у сваю вёску чытаць малітвы. Лічыў, што можа духоўнымі сродкамі адолець хваробу. Але потым вярнуўся. І, на жаль, яго зараз няма ў жыцці. Засталося двое дзетак".

Фота: svaboda.org

Пайсці па "бабках" Сашы раілі ад самага пачатку. Кажа, што давялося нават сварыцца з бацькамі, якія верылі, што можна вылечыцца знахарствам. Такіх "вернікаў" Саша бачыў шмат.

"Вельмі тыповая сітуацыя з жанчынамі. Яна разумее, што ў яе анкалогія, едзе да лекара. І калі кажуць, што трэба выдаляць ці цалкам, ці нейкую частку грудзей, то яна палохаецца — і едзе чытаць малітвы і піць нейкія зёлкі. Гэта вельмі тыпова, калі жанчына вяртаецца ў шпіталь, калі ўжо выратаваць яе немагчыма, а можна толькі працягнуць жыццё на месяц-два".

Саша — перакананы атэіст і верыць у медыцыну.

"Чалавек праходзіць апраменьванне, хіміятэрапію, а потым кажа: мне Бог дапамог. Гэта няўдзячнасць да лекараў, — абураецца ён. — Для мяне дык проста абсурдна. Шмат людзей кажуць: ты не верыш у Бога, табе будзе складана паміраць. А што гэта значыць? Мне адказваюць: я вось буду паміраць і скажу, што аддаю сваё цела ў рукі Бога. А ты што скажаш?" Гэта нешта ірацыянальнае, я гэтага не разумею".

Фота: svaboda.org

Саша кажа, што не заўжды верыў, што вылечыцца, але рабіў усё, што казалі дактары.

"Я дакладна ведаў, што магу памерці. Не слухаў пра бабак-знахарак. Толькі да навукі трэба звяртацца ў такіх выпадках", — перакананы ён.

Лячыцца было вельмі няпроста. Асабліва хіміятэрапія — гэта доўга і вельмі пакутна. Дэпрэсія насцігае амаль адразу, кажа Саша. Некаторыя не вытрымліваюць, таму ў аддзяленнях хіміятэрапіі можа не быць зашчапак у туалетах, а на вокнах краты.

"Я сам пытаўся, чаму краты на вокнах. А мне кажуць: жанчына адна не вытрымала і сіганула з дзявятага паверху. Статыстыка па такіх самазабойствах хаваецца, але яны ёсць", — распавядае хлопец.

Што сапраўды нядобра ў Беларусі, мяркуе Саша, — складана атрымаць наркатычнае абязбольванне.

"Мяне пяць гадзін аднойчы ванітавала. Я зрабіў некалькі зацяжак канапель — і гэта цуд проста! Ваніты адышлі цалкам, і з’явіўся апетыт. Бо няма лекаў, якія дапамагаюць у гэтых выпадках. А ў ЗША, напрыклад, якраз таму і дазволена паліць каноплі".

Фота: svaboda.org

Усё Сашава лячэнне ў Беларусі было бясплатным. Улучна з трансплантацыяй касцявога мозга. Ён кажа, што калі б 20 год таму захварэў, то можа, і не дапамаглі б. А так трансплантацыю зрабілі ў Мінску. За мяжой яна каштавала б ад 50 да 100 тысяч еўра.

"Спачатку праводзяць вельмі моцную хіміятэрапію, у выніку якой касцявы мозг гіне на сто працэнтаў. А потым ідзе пераліванне крыві, якая была ўзятая ад мяне па выніках хіміятэрапіі. Там адмысловыя камлёвыя клеткі, кроў заліваецца ў крываток, клеткі гэтыя засяляюцца ў касцях і цалкам аднаўляецца крывавытварэнне. Таму анкалагічныя клеткі гінуць і замест іх утвараюцца новыя", — тлумачыць ён тое, праз што давялося прайсці.

Саша просіць, каб у артыкуле згадалі яго доктара Мілановіч Наталлю Феадосеўну — загадчыцу аддзялення трансплантацыі гарадской 9-й бальніцы.

"Яна першы чалавек у краіне па анкалогіі крыві, па трансплантацыі камлёвых клетак, — кажа ён. — Яна, дарэчы, упэўненая, што няма ніякай сувязі паміж чарнобыльскай аварыяй і распаўсюджваннем анкалогіі крыві па тэрыторыі краін СНД. Пэўна, што анкалогія на дадзеным этапе лічыцца нечым кшталту генетычных мутацый, якія накапіліся ў нашым генатыпе з-за таго, што няма натуральнага адбору. Тыя, хто вылечваюцца ад анкалогіі, свой генатып перададуць сваім дзеткам".

Таму цяпер ён дзяцей заводзіць баіцца. Распавядае пра хлопца, якога сустрэў у бальніцы: "Ягоны бацька меў такую ж хваробу, як ён і як я. Але бацька ў 25 год здолеў яе адолець, а сын у 25 год ад той жа хваробы памёр. Гэта не статыстыка, канечне, але замалёўка такая. Але дзетак я цяпер баяўся б заводзіць".

Саша кажа, што хвароба яго змяніла. Грошы, тлумачыць ён, нічога не вартыя. "Для мяне галоўныя каштоўнасці — любоў, музыка, добрыя стасункі з бацькамі. Грошы ж з сабой не забярэш".

Тое, што давялося перажыць, Саша не хавае, але і не надта высоўвае наперад. Не хвароба вызначае яго ў жыцці. Праўда, прызнае, што на некаторыя яго паводзіны з людзьмі досвед усё ж уздзейнічае:

"Калі вы хворы, вам трэба стасавацца са здаровымі. Не трэба гуртавацца на падставе сваёй хваробы, — кажа хлопец. — Не трэба ўтвараць суполкі "ВКонтакте" для анкалагічна хворых. Утварыце суполку тых, хто любіць класічную музыку, кансалідуйцеся на падставе нацыянальнай свядомасьці. Хвароба — гэта толькі этап, выпрабаванне. А арыентавацца ў жыцці трэба на здаровых". 

Фота: svaboda.org