
Свята ў Докшыцах
Хлопец са скрыпкай і дзве дзяўчыны ў святочных строях. Натоўпы святочна апранутых людзей, дзяўчаты з вянкамі, якія водзяць карагод, аднапавярховая забудова і Свята-Пакроўская царква на фоне… Гэта “Свята ў Докшыцах”.
Маркавец намаляваў “Свята ў Докшыцах” у 1976-м, калі камуністычная ідэалогія лезла ва ўсе сферы жыцця, калі “сацрэалізм” насаджаўся ў мастацве. Ён паказаў местачковае свята, радасць простых людзей, якую не здолела забіць тагачасная палітыка.
А ці ўмеюць зараз ў Докшыцах весяліцца гэтак, як у часы Маркаўца? І ці ўзгадаюць на Дні горада нябожчыка-мастака, які не толькі прысвяціў роднаму гораду карціну, але і двойчы рэстаўраваў роспісы Свята-Пакроўскай царквы?
![]() |
Віктар Маркавец. Фота Дзяніса Раманюка |
Гасцінная Докшыччына
У скверы за царквой прываблівае брама “Докшыччына гасцінная”. За ёй размясцілі свае выставы-падворкі сельсаветы Докшыцкага раёна. Паказваюць, хто чым багаты – і яблыкі, і бульба, і сала, і гарэлка, і розныя прысмакі. Выставы ўпрыгожаныя даматканымі посцілкамі, вырабамі народных майстроў. Супрацоўнікі вясковых клубаў апранутыя ў народныя строі. Дзяўчаты з Бягомля граюць на цымбалах.На сцежцы сабраўся вялікі натоўп - старшыня райвыканкама Алег Пінчук разам са сваімі намеснікамі абыходзіць выставу. Прывітанні і найлепшыя пачастункі прыхаваныя для таго моманту, калі ля падворкаў на хвіліну-дзве прыпыніцца начальства.
Алег Пінчук заўважае прысутнасць незалежнай прэсы. Падыходзіць да мяне, вітаецца і кажа: “Косця, вы ж толькі благога не пішыце, у нас шмат добрага”.
![]() |
Старшыня райвыканкама Алег Пінчук слухае прывітанне вяскоўцаў |
Калі начальства сыходзіць, вяскоўцы пачынаюць частавацца самі і частаваць прысутных.
- Карэспандэнт, выпіце чарачку… Нічога, што на працы. І мы на працы. Напішыце, што наш падворак самы лепшы, - прапануе мне гарэлку жанчына з Ваўкалатаў.
- Пішы, сынок, пішы, - крычыць гарманіст з Тумілавічаў. - Заходзь на сто грамаў.
Мне зноў настойліва прапануюць гарэлку, але я адмаўляюся. Гасцінныя тумілавіцкія гаспадыні не адпусцілі мяне, пакуль не пачаставалі грыбной поліўкай.
Ёсць у гэтых “падворках” штосьці ад бутафорыі, але весялосць і гасціннасць вяскоўцаў - сапраўдная. Калі хочаце выпіць чарку і смачна пад’есці, бярыце фотаапарат, трохі лепшы за “мыльніцу”, і едзьце ў які райцэнтр на свята горада. Мне ж ацэньваць кулінарныя таленты гаспадыняў з-пад Докшыц не было калі, бо мерапрыемства працягвалася ў іншым месцы.
"Такое жыццё"
Адкрыццё свята адбываецца на прыступках Гарадскога цэнтра культуры, колішняга райкама партыі. Школьнікі танчаць з рознакаляровымі сцяжкамі і запускаюць у неба балёнікі.“Мы ведаем тут кожную вуліцу і кожны дом. Мы тут жывём, граем вяселлі, трымаем за руку сваіх першынцаў, вядзем іх у школу. А потым - унукі і праўнукі, і ўсё - па-новай. Такое жыццё”, - па-простаму тлумачыць вядоўца любоў да роднага горада.
“Птушкі, якія лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае. Рыбы, якія плаваюць па моры і ў рэках, ведаюць ямы свае. Пчолы і ім падобныя ахоўваюць вуллі свае. Таксама і людзі, дзе нарадзіліся і выгадаваныя, да гэтага месца вялікую любоў маюць”, - усплываюць у памяці радкі Францішка Скарыны. Скарына пісаў на старабеларускай мове, а свята, падрыхтаванае Докшыцкім райвыканкамам, ідзе на мове суседняй краіны.
На сцэне з’яўляецца Алег Пінчук, віншуе са святам, хваліцца сёлетнімі дасягненнямі. Нарэшце дабудавалі водна-аздараўленчы комплекс, але яшчэ не паспелі давесці да ладу. Дабудоўваецца дом на 48 кватэр. У Бягомлі адкрылі краму “Дары прыроды”, а ў Докшыцах адрамантавалі “Дзяжурны” магазін. Найлепшы ўраджай сабралі ў “Аграсэрвісе”, “Таргунах” і “Бягомльскім”, а на “Дажынкі” паедуць дзесяць чалавек.
“Хачу пажадаць, каб бог усім дапамагаў, а анёл захоўваў”, - завяршае прамову старшыня райвыканкама.
![]() |
Дзіцячы вазок, упрыгожаны да свята |
У куце каля Цэнтра культуры стаяць маладыя сем’і з упрыгожанымі дзіцячымі вазкамі. Адзін з іх стылізаваны пад карабель, іншы - пад грузавік. “Працуеце кіроўцам?” - пытаюся. - “Ага”. Дзіцячых вазкоў тут ажно дванаццаць. А за год у горадзе нарадзілася 71 немаўля.
Хэнд-мэйд па-докшыцку
Праз дарогу размясцілася, як паведамляе вялікая шыльда, “Территория детства”. Выхаванцы докшыцкіх школаў ды Цэнтра дзіцячай творчасці паказваюць свае таленты.Вялізная выстава дзіцячых малюнкаў. Побач вучні пачатковых класаў малююць самі. У малюнках заўважныя мясцовыя матывы - дзяўчынка выводзіць герб Докшыц, хтосьці паспрабаваў намаляваць з натуры Свята-Пакроўскую царкву.
![]() |
Дзяўчынка малюе герб Докшыц. Са збаноў выцякае вада - то сімвал Бярэзіны і Вяллі, якія пачынаюцца ў гэтым краі |
Найлепш у докшыцкай дзятвы і падлеткаў атрымліваецца разнастайны хэнд-мэйд: на сталах і стэндах экспануюцца вырабы з саломкі, бісеру, карціны ў тэхніцы квілінг ды іншых тэхніках, назвы якіх мне невядомыя. Многія з іх уражваюць дасканалым выкананнем. Маглі б яны ўпрыгожыць сцены не адной сталічнай кватэры.
Воддаль стаяць чацвёра прадстаўнікоў клуба гістарычнай рэканструкцыі "Хальвель" з Віцебска. Рэжуцца з мясцовай дзятвой у нейкую, стылізаваную пад сярэднявечча, настольную гульню.
Пакахала трактарыста
Не чакаў сустрэць тут Уладзіміра Лобача, этнолага, выкладчыка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. “Прыехаў паглядзець, як народ весяліцца”. Спадару Лобачу дужа спадабаліся вясковыя “падворкі”. “Тут сваё, сапраўднае”, - кажа навуковец, які аб’ехаў ды абышоў пехам усё Падзвінне, даследуючы народныя традыцыі.На сцэну выходзіць ансамбль “Талака” Віцебскай абласной філармоніі. Граюць на скрыпках і гармоніку. Граюць выдатна, рэпертуар у іх беларускамоўны, але… розны. Ёсць спевы, якія гучалі сто гадоў таму і відавочна запісаныя ў нейкай вёсцы. А болей псеўдафальклору: песня пра тое, як гарадская дзяўчына пакахала трактарыста. Звышскладаныя танцавальныя нумары: прыгожа, але на вясковых вечарынах у часы Буйніцкага так не танчылі.



Шкада, што ў раёнах беларускамоўную творчасць прымаюць толькі ў адным выглядзе, які можна акрэсліць як постсавецкая пародыя на этнаграфію. Такая культура знаходзіць свайго ўдзячнага гледача: на лаўках, расстаўленых перад сцэнай, паселі чалавек сто, з якіх большасць - жанчыны немаладога веку.
Можа, такая “народная творчасць”, цікавая адно старэйшым, выпрацоўвае ў нашай моладзі алергію на ўсялякую беларускамоўную культуру? Бо не выступаюць у Докшыцах тыя гурты, якія, узнаўляючы традыцыйную культуру, збіраюць тысячы гледачоў на “Камяніцы” і “Вольным паветры”. Бо не завітваюць сюды беларускія барды, не заязджаюць “Рэха” і “N.R.M.”…
Дзеці, малыя дакшычане, таксама святкуюць. Забаўляюцца. З’язджаюць з надзіманай горкі. Ядуць поп-корн, салодкую вату і цукеркі-смактулькі. Катаюцца на дзіцячых электрамабілях, і раз-пораз з цацачнымі машынамі здараюцца цацачныя дарожна-транспартныя здарэнні. Каля 5D-кінатэатра - новай забаўкі для Докшыц - утварылася чарга.
Адзначылі, як умелі
Дзень горада ў Докшыцах адзначылі, як умелі. Стараліся, паказалі найлепшае работнікі вясковых установаў культуры, прадстаўляючы свае “падворкі”. Стараліся дзеці і падлеткі, выбіраючы свае найлепшыя творы для выставаў. Стараліся ўдзельнікі вясковых творчых калектываў, канцэрт якіх прызначаны на другую палову дня. Гасцей і гледачоў было багата, значыць, свята не было непатрэбным. Нават калі яны прыйшлі з-за адсутнасці альтэрнатывы. Нават калі яны прыйшлі, каб іх дзеці маглі пакоўзацца на горцы.Да гонару арганізатараў: у цэнтры ўвагі свята было не начальства, а простыя людзі. “Працоўная дынастыя” з прадпрыемства камунальнай гаспадаркі. 92-гадовая бабуля з Бягомльшчыны разам з унукамі і праўнукамі. Пералічылі імёны немаўлят, якіх бацькі прывезлі на ўпрыгожаных вазках. Падкрэслілі такім чынам, што мы, землякі, адно адному не чужыя.
Але робіць прыкрае ўражанне дэманстратыўная адмова ад беларускай мовы. Робіць прыкрае ўражанне ігнараванне і непрыманне ўласнай культурнай і гістарычнай спадчыны. Ёй аддалі месца ў скверы за царквой, то бок на задворку. Старшыня з гонарам кажа, што 606 год з дня першай згадкі пра Докшыцы мінула, а ніхто і словам пра падзеі і асобаў гэтых шасці стагоддзяў не згадаў. Хоць улада павінна быць зацікаўленая, каб рабіць нацыянальныя каштоўнасці прывабнымі для пакалення, якое расце за ноўтбукамі і смартфонамі.
…А словаў ушанавання памяці Віктара Маркаўца я так і не пачуў. Хочацца спадзявацца, што я іх проста прапусціў.