Аляксандр ПУКШАНСКІ,

75-гадовая пенсіянерка, інвалід другой групы з Віцебска, паспрабавала на смак любімыя арэшкі, засталася незадаволенай, пасля чаго звярнулася ў суд — і выйграла!

Бабуля — інвалід другой групы. З кватэры не выходзіць. Прадукты, медыкаменты і гэтак далей ёй прыносіць сацыяльны работнік.

— Мне захацелася арахісавых арэшкаў. Я іх вельмі люблю. Сацыяльны работнік Ірына ў той дзень па маёй просьбе прынесла мне смажаны арахіс у шкарлупіне, які купіла на вагу. Адкрыла я цэлафанавы пакет з арахісам, шчоўкнула адну шкарлупіну і адразу адчула, што арэшак нясмачны. І другі — таксама, — распавядае Людміла Пятроўна. Яна папрасіла не называць сваё прозвішча. Маўляў, каму трэба, ведаюць.

Па словах пенсіянеркі, яна патэлефанавала ў краму і паскардзілася на дрэнную якасць арэшкаў. На тым канцы проваду параілі папрасіць сацыяльнага работніка прыйсці ў краму, каб абмяняць арэшкі. Але прынцыповая бабуля катэгарычна адмовілася: "Я сказала, што сацработнік працуе на мяне, а не на іх. Чаму яна павінна чужыя агрэхі выпраўляць? Тым больш што за дадатковы візіт я плачу 6 з паловай тысяч рублёў…"

Бліжэй да вечара незнаёмы хлопец прынёс ёй два пакеты арэхаў — па 150 грамаў кожны, і ўжо не вагавых, а ў фабрычнай упакоўцы.

— Узяла арэшкі і кажу, што тут толькі 300 грамаў, а сацыяльны работнік мне прыносіла пакет з 452 грамамі. Ён нічога не адказаў і пайшоў. Думаю, 300 грамаў дык 300 — усё роўна гэтыя новыя арэхі смачныя. А назаўтра раніцай толькі прачнулася, а мне ў дамафон хтосьці звоніць. Хто? З крамы!

Аказалася, той жа хлопец зноў прыйшоў і прынёс бабулі яшчэ адзін пакецік з арэхамі. Такім чынам, з незадаволенай пакупніцай фактычна разлічыліся. Пенсіянерка вырашыла, што верне нясмачныя арэшкі, але на ўсялякі выпадак пакіне трохі сабе — у якасці доказу.

А праз два дні — тэлефонны званок з крамы: "Людміла Пятроўна, можна, мы з індывідуальным прадпрымальнікам, у якога магазін набыў арэхі, якія вам не спадабаліся, прыйдзем?"

Людміла Пятроўна падумала, што, напэўна, прыйдуць прасіць прабачэння. Тым больш што ў яе засталіся рэчавыя доказы.

Маладая супрацоўніца крамы паводзіла сябе спачатку прыязна, а затым — вельмі агрэсіўна.

— Яна мне кажа: пакажыце гэтыя арэшкі! Я працягваю пакет з невялікай колькасцю арэшкаў, чэк унутры. Дзяўчына дастае з пакета дзве шкарлупіны. Разламала адну і ўбачыла, што на самой справе арэшак вельмі дробны. Забрала гэты пакецік і не аддае мне. Я папрасіла, каб мне вярнулі пакецік — а яна схавала яго за спіну. Я гэтыя прыёмы ведаю. Зайшла ёй за спіну і адабрала гэты пакецік. І тут яна як раззлуецца на мяне! — у дэталях распавядае бабуля.

Як ужо затым было высветлена падчас пасяджэнняў суда, якія, што цікава, адбыліся дома ў бабулі (такое магчыма, калі заяўнік не выходзіць з дому па стане здароўя. — Аўт.), прадстаўнік крамы паводзіла сябе некарэктна.

Вось невялікая цытата з рашэння суда Кастрычніцкага раёна г. Віцебска: "Пасля іх візіту ў яе (ісціцы) здарыўся сардэчны прыступ. Просіць спагнаць з адказчыка кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў".

Адказчыкам на судзе было вядомае ў абласным цэнтры гандлёвае адкрытае акцыянернае таварыства "Веста", якому належыць сетка магазінаў.

На вялікі для бабулі жаль, суд вырашыў спагнаць на яе карысць толькі 70 тысяч рублёў. Затое з ААТ спагнана дзяржаўная пошліна — 300 тысяч рублёў.

Дарэчы, пенсіянерка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй мае вялікі вопыт у вырашэнні розных праблем. І суседзі, і знаёмыя часта тэлефануюць Людміле Пятроўне, каб пракансультавацца, што рабіць у пэўных жыццёвых сітуацыях. Людміла Пятроўна параіла і нашым чытачам смела адстойваць свае правы.
-50%
-70%
-50%
-15%
-26%
-10%
-30%
-10%
-12%
-35%
0067154