Службе маніторынгу ГА “БАЖ” стала вядома пра выпадак, які адбыўся 4 верасня ў Бабруйску з удзелам вядомага мясцовага блогера Алега Жалнова. У блогу ён размяшчае зафіксаваныя пры дапамозе аўдыё- і відэатэхнікі парушэнні.
 
Алег Жалноў
Алег Жалноў
 
4 верасня спадар Жалноў з сынам каля будынка мясцовага ДАІ (вуліца Лынькова, 6) знялі на відэа парушэнне правіл дарожнага руху – няправільную паркоўку машын на тратуары. Па словах Жалнова, машыны належалі супрацоўнікам аддзела наркакантролю, які месціцца ў тым жа будынку.
 
Блогер звярнуўся з вуснай заявай з гэтай нагоды да інспектара ДАІ Аляксандра Бутоўскага, які таксама заехаў у той час на тратуар. Інспектар заявіў, што яго працоўны дзень скончаны, і выклікаў па мабільным тэлефоне іншых работнікаў міліцыі.
 
Супрацоўнікі ДАІ, што прыбылі на месца (Аляксандр Аляксандраў, Віталь Падута, Яўген Сераштанаў), спрабавалі забараніць відэаздымкі, а пасля затрымалі абодвух Жалновых, звінаваціўшы ў парушэнні п. 35 правілаў дарожнага руху (неабгрунтаванае стварэнне першкодаў руху транспартнага сродку).
 
З прымяненнем сілы абодвух зацягнулі ў будынак і павалілі на падлогу, надзеўшы кайданкі. Затым даставілі ў міліцыю, дзе правялі асабісты дагляд і забралі некаторыя рэчы: тэлефоны, відэакамеру, смартфон, банкаўскія карткі, пропуск на працу, пашпарты.
 
Затрыманых адпусцілі праз тры гадзіны, пасля таго, як следчы ўзяў з іх тлумачэнні. Рэчы вярнулі вечарам наступнага дня, але відэакасету і карту памяці смартфона, дзе былі зафіксаваныя падзеі каля будынка ДАІ, так і не аддалі.
 
Жалноў кажа, што ў ДАІ яго пагражалі “пасадзіць” па крымінальнай справе – нібыта за непадпарадкаванне і нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку міліцыі.
 
Па словах Жалнова, падчас затрымання з імі абыходзіліся настолькі брутальна, што яму пасля давялося выклікаць хуткую. А пасля вызвалення ён звярнуўся ў паліклініку да неўролага, які зафіксаваў пашкоджанне падскурнага нерва на правай руцэ. Прайшоў ён таксама судова-медыцынскую экспертызу і падаў заявы ў пракуратуру і на імя міністра ўнутраных спраў.
 
Раней у аб'ектыў блогера таксама не раз траплялі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Яны тройчы спрабавалі прыцягнуць яго да адказнасці па адміністратыўных справах. Двойчы бабруйскі суд выносіў рашэнні на карысць Жалнова, а на трэці раз супрацоўнікі УУС самі адмовіліся ад прэтэнзій. 
-25%
-30%
-50%
-20%
-30%
-35%
-15%
-50%
-15%
-23%
-15%
0070970