Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На першай у гэтым годзе сэсіі Праграмы Разьвіцьця ААН (ПР ААН) два тыдні таму ў Нью-Ёрку былі зацьверджаныя так званыя "краёвыя рамкі супрацоўніцтва" для Беларусі на бліжэйшыя 4 гады. Мэта гэтай праграмы, як адзначаецца ў самім дакумэнце, - стварэньне найбольш спрыяльных умоваў для максымальнай рэалізацыі патэнцыялу беларускіх грамадзянаў у інтарэсах чалавечага разьвіцьця й барацьбы зь беднасьцю.

У Нацыянальным прэс-цэнтры рэпрэзэнтавалі Праграму Разьвіцьця ААН прадстаўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў Ніл Бунэ й першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка. Тут неабходна адзначыць, што так званыя краёвыя рамкі супрацоўніцтва рыхтуюцца прадстаўнікамі ПР ААН пры непасрэдным удзеле ўраду краіны й структураў грамадзянскай супольнасьці. Як адзначыў спадар Бунэ, ва ўсіх краінах прадстаўнікі ААН шчыльна працуюць і з урадавымі, і зь недзяржаўнамі арганізацыямі. Прадстаўніцтва ААН падвяло вынікі рэалізацыі ў Беларусі папярэдняй пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця за 1996-2000 гг.

Экспэрты ААН лічаць, што індэкс чалавечага разьвіцьця ў Беларусі - найбольш высокі сярод краінаў СНД. Але забясьпечаны ён пераважна коштам высокага індэксу адукацыі беларусаў. Ураду Беларусі ўдалося захаваць высокі ўзровень занятасьці; стыпэндыі, пэнсіі, дапамогі выплочваюцца рэгулярна. Але згодна з афіцыйнай статыстыкай, прыведзенай у Праграме сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2001-2005 гг., даходы 79% насельніцтва ніжэйшыя за мінімальны пражытковы бюджэт.

Такім чынам, нягледзячы на высокую занятасьць, прыбыткі насельніцтва не адпавядаюць узроўню мінімальных спажывецкіх выдаткаў. Хвалююць экспэртаў ААН і гендэрныя праблемы: скарачэньне насельніцтва, нізкі ўзровень нараджальнасьці, няпоўныя сем'і, стан жанчын, праблемы ў галіне аховы здароўя. Аўтары дакумэнту робяць выснову, што Беларусі належыць вырашыць праблему выкарыстаньня наяўных чалавечых, эканамічных і прыродных рэсурсаў для павышэньня ўзроўню чалавечага разьвіцьця, паляпшэньня якасьці жыцьця людзей і стварэньня ўмоваў для іх самарэалізацыі.

ААН вылучае для Беларусі два галоўныя праграмныя кірункі: першы - спрыяньне эканамічнаму разьвіцьцю шляхам умацаваньня дэмакратыі; другі - ахова навакольнага асяродзьдзя. У межах першага праграмнага кірунку ПР ААН будзе спрыяць Беларусі ў пашырэньні грамадзкага дыялёгу па праблемах устойлівага чалавечага разьвіцьця й сацыяльна-эканамічнай палітыкі. ПР ААН дапаможа Беларусі ў распрацоўцы эфэктыўнай сыстэмы падтрымкі й разьвіцьця малога прадпрымальніцтва.

У галіне аховы навакольнага асяродзьдзя ААН сваю дапамогу канцэнтруе на праблемах Чарнобылю, дапамозе насельніцтву на забруджаных тэрыторыях, а таксама зьніжэньню ўзроўню прамысловага забруджваньня прыроды.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што агульным прыярытэтам для ўсіх праектаў і праграм ААН зьяўляюцца: абарона правоў чалавека, забесьпячэньне роўнасьці жанчыны й мужчыны, а таксама пашырэньне доступу насельніцтва да інфармацыі (канкрэтна - да глябальнай сеткі Інтэрнэт).

Сума сродкаў, прадугледжаных краёвымі рамкамі супрацоўніцтва на бліжэйшыя 4 гады для Беларусі, складае $9,5 млн. Супрацоўнікі ПР ААН спадзяюцца яшчэ й на дадатковыя ахвяраваньні донараў.

Іна Студзінская

Радыё Рацыя