Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Дамоўленасць аб увядзенні адзінай валюты Саюзнай дзяржавы пакуль што не дасягнута. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў інтэрв'ю журналістам пасля заканчэння пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое прайшло 10 лютага ў Маскве. Ён адзначыў, што з прэм'ер-міністрам Расіі Міхаілам Касьянавым дасягнута дамоўленасць аб тым, што пагадненні, на неабходнасці прыняцця якіх настойвае беларускі бок перад увядзеннем адзінай валюты, павінны быць разгледжаны двухбаковымі рабочымі групамі. Як паведаміў Сяргей Сідорскі, гэтыя групы пад кіраўніцтвам старшыні Нацбанка Беларусі Пятра Пракаповіча і віцэ-прэм'ера Расіі Аляксея Кудрына павінны прыняць рашэнне на працягу бліжэйшага месяца.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што на перагаворах з Міхаілам Касьянавым "практычна выйшлі на разуменне" ўсіх прапанаваных Беларуссю пагадненняў за выключэннем пагаднення аб адзінай бюджэтнай палітыцы.

Як паведаміў Сяргей Сідорскі, быў абмеркаваны таксама паліўна-энергетычны баланс Саюзнай дзяржавы на 2004 год. Ён адзначыў, што гэты дакумент узгоднены на ўзроўні профільных міністэрстваў, аднак патрабуе дапрацоўкі. Бакі дамовіліся падпісаць паліўна-энергетычны баланс на наступным пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, патрэбнасць Беларусі на сёлетні год складае 18 мільёнаў тон нафты і 20,5 мільярда кубічных метраў газу. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, расійскія пастаўшчыкі нафты гатовы поўнасцю задаволіць патрэбнасці рэспублікі. Што ж датычыцца аб'ёмаў газу, то перагаворы па гэтым пытанні яшчэ будуць прадоўжаны.

БелТА