Ігар Мельнікаў, Гістарычная праўда

Гэта адна з найбольш вядомых памежных станцый на былой савецка-польскай мяжы, існаваўшай з 1921 па 1939 гг. Праз яе праязджалі нешматлікія савецкія грамадзяне, едучыя ў Еўропу і замежныя пасажыры, якія накіроўваліся на Усход. І нават зараз, праз амаль 80 гадоў з моманту ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, у гэтай мясцовасці без цяжкасці можна знайсці сляды "рыжскай мяжы".

У сакавіку 1921 года тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж бальшавіцкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай. З пачатку 1920-х гадоў станцыі Стоўбцы, Коласава, Негарэлае сталі галоўнымі транзітнымі пунктамі паміж "першай рэспублікай працоўных і сялян" і "панскай" Польшчай. 
 
Пры гэтым тут не толькі адбывалася перасадка пасажыраў. Частай з’явай былі абмены шпіёнамі, палітычнымі зняволеннымі. Менавіта тут у 1933 годзе адбыўся сумна вядомы абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча. Апошні пазней напіша: "Ён з астрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялізарны край - гэта адзін вялікі астрог, дзе думка чалавечая сцісненая ў абцугах савецкага абсурду, дзе не толькі рабіць і гаварыць, але і думаць, і дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсіх абавязковага шаблону. 
 
Станцыя Коласава
Станцыя Коласава

Ён пойдзе ў край белага нявольніцтва, голаду, беднасці, людаедства, а я — кіруюся на Захад, да "капіталістычных" гаспадарстваў, дзе буду прынамсі спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госці з ДПУ не пастукаюцца да мяне". Коласава быў першай польскай станцыяй і для тых рэпатрыянтаў з СССР, якія вырашылі пакінуць Саўдэпію і накіравацца ў Другую Рэч Паспалітую. 
 
Усё гэта адбывалася на вачах мясцовых жыхароў. У Коласава жыве 88-мі гадовая Сцепаніда Яўсейчык, якая ўсё жыццё пражыла "на мяжы двух цывілізацый". "Памятую і польскую стражніцу і казарму. Мы памежнікам, ягады насілі прадаваць. Збіралі ля мяжы, з сабой бралі пашпарты, бо польскія салдаты правяралі. "Капісты" ладзілі абеды для дзяцей са шмадзетных сямей", - успамінае жанчына.
 
Абед для шмадзетных беларускіх сялян, арганізаваны КАП
Абед для шмадзетных беларускіх сялян, арганізаваны КАП
 
Сцепаніда Яўсейчык пазнае на здымку карэспандэнта LIFE Джона Філіпса польскую памежную стражніцу
Сцепаніда Яўсейчык пазнае на здымку карэспандэнта LIFE Джона Філіпса польскую памежную стражніцу
 
1938 год, Коласава. Польская памежная стражніца. Здымак Джона Філіпса (LIFE)
1938 год, Коласава. Польская памежная стражніца. Здымак Джона Філіпса (LIFE)
 
Мясцовыя коласаўскія сяляне ўвесь час працавалі на пана. Звалі яго Ян Крупскі. Ад яго бацька Сцепаніды атрымаў зямельны надзел – 14 га. Пачатак 1930-х гадоў выдаўся вельмі цяжкім для ўсходніх ускраін Польшчы. Неўражай, праблемы ў эканоміцы краіны прывялі да праблем з харчаваннем. "Тады ў Польшчы цяжка было, але людзі як у Савецкім Саюзе, не паміралі. Той жа пан дапамагаў, калі жытам, калі бульбай. Мы потым за гэта ў яго адпрацоўвалі. Дык ён і тады нам плаціў за працу па 1 злотаму. А той злоты дарагі быў, не тое што сённяшнія грошы", - працягвае мая суразмоўніца. "Канешне з працай беларусам цяжка было. На высокія пасады бралі палякаў. А нам толькі на зямлі дазвалялася працаваць. І адукацыю цяжка было атрымаць. Але неяк жылі, працавалі", - гаворыць Сцепаніда Сцяпанаўна.
 
Фундамент савецкай памежнай заставы
Фундамент савецкай памежнай заставы
 
Савецкая памежная застава ў Коласава (справа). Здымак пачатку 1930-х гадоў
Савецкая памежная застава ў Коласава (справа). Здымак пачатку 1930-х гадоў

Успамінаючы тое, як беларусы  спрабавалі перасекчы "рыжскую мяжу" жыхарка Коласава падкрэслівае: "У нас аднойчы некалькі маладых хлопцаў збеглі "у Расію". Казалі, тут жа няма дзе вучыцца, а там, у БССР свабода. Вось так і згінулі. Аказалася, што ўсе атрымалі па 25 гадоў за шпіянаж. Іх маці потым, калі Чырвоная Армія прыйшла, пытала салдат, ці можа яны бачылі яе сыноў. А хто там што бачыў. Пасля вайны толькі адзін з іх вярнуўся і расказаў, што ў Сібіры сядзеў. Беглі і з Саветаў у Польшчу. Напярэдадні вайны, у 1939 годзе да нас у хату пастукаў чалавек. Аказалася, што ён збег з БССР і таямніча перайшоў мяжу. Бацька спужаўся і не хацеў яго пускаць у хату. А той толькі есці прасіў. Мы тады здзівіліся. Лічылася ж, што на ўсходзе добра жывуць, а ён нам кажа: "Там Бога няма, і хлеба няма". Мы яму нешта далі і ён пайшоў".
 
Падзеі "вызваленчага паходу" Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь Сцепаніда Яўсейчык апісвае так: "Польскіх памежнікаў тут не шмат было. 15-18 чалавек. Яны мяжу пільнавалі, ды хадзілі там па 2-3 чалавекі. Ля мяжы была паласа баранаваная. Шмат дроту, слупоў. А 17 верасня 1939 года сюды прыйшлі бальшавікі. 
 
Мне 14 гадоў было, але я памятаю, як палякі, памежнікі бегалі напярэдадні і ў біноклі назіралі за тым бокам. Там ужо была бачна савецкая тэхніка, войскі. Бальшавікі рыхтаваліся да паходу ў Заходнюю Беларусь. На вышцы памежнай з польскага боку памежнік быў. Дык ён пытаў бальшавікоў, што адбываецца на іх баку. Тыя гаварылі, што "Сталін дамовіўся з польскім урадам і Чырвоная Армія рыхтуецца ісці на дапамогу Польшчы". 17 верасня таго "капіста" на вышцы забілі і закапалі недалёка ад чыгункі. З раніцы была страляніна, а пазней польскія памежнікі разбегліся. 
 
Памежнік КАП ля цягніка на польска-савецкай мяжы
Памежнік КАП ля цягніка на польска-савецкай мяжы

Калі ўжо саветы прыйшлі, у верасні 1939 года, дык у памяшканні былой польскай стражніцы жылі вязні, якія рамантавалі дарогу. Гэтых людзей прыгналі з усходу. "Нас нібы "вызвалілі", але мяжа засталася і ў БССР нас не пускалі без пропуску. У маці была сястра стрыечная ў БССР, дык маці праз былую мяжу да яе не пусцілі. Бацьку аднойчы, мусіць у 1940 годзе, адправілі ў Негарэлае на працу. Ён калі вярнуўся адтуль, дык казаў, што ў Саветах жывуць вельмі бедна, а мы ж тады таксама ўжо былі савецкімі, аднак, тое, што "за польскім часам" назапасілі, з таго і жылі. У калхоз забралі і карову і коней і праца толькі за "палачкі-працадні". А пана гэтага Крупскага і яго сям’ю вывезлі на Усход", - расказвае Сцепаніда Яўсейчык. 
 
Парэшткі польскай памежнай стражніцы Коласава
Парэшткі польскай памежнай стражніцы Коласава
 

Аднак новая вайна не прымусіла чакаць на сябе. Ужо ў чэрвені 1941 года Трэці Рэйх напаў на былога хаўрусніка – Савецкі Саюз. Хутка фронт дакаціўся і да "рыжскай мяжы". "Немцы, як прыйшлі, дык прыгналі савецкіх палонных і загадалі ім разбіраць савецкую заставу і польскую стражніцу. Нам, мясцовым, потым патлумачылі, што робяць гэта, каб партызаны не карысталіся з гэтых будынкаў. Польскія памежныя слупы яшчэ бальшавікі паздымалі, а вось савецкія амаль два гады пасля верасня 1939 года тут стаялі. Іх знішчылі менавіта немцы", - успамінае тыя страшныя часы жыхарка Коласава. 
 
Паслухаўшы гэты цікавы аповед накіроўваемся на былую "рыжскую мяжу", якая праходзіла па старажытнаму "Кацярыненскаму тракту". Адразу, як трапляеш на гэтую тэрыторыю, кідаецца ў вочы вялікая колькасць пагоркаў. Памежная інфраструктура, магілы, акопы – усё гэта сляды нялёгкай гісторыі Коласава. 
 
Парэшткі савецкай заставы
Парэшткі савецкай заставы
 
Ля чыгуначных шляхоў бачны падмурак савецкай памежнай заставы. Ля яго знаходзілася брама з надпісам "Прывітанне працоўным Захаду". Яшчэ нядаўна ля гэтага месца былі падмуркі памежных слупоў, аднак зараз іх ужо знішчылі. 
 
Трошкі далей ад савецкай заставы, бачым падмурак польскай памежнай стражніцы. 
 
Ад некалі магутнага і вялікага будынку засталіся толькі некалькі масіўных пліт. Ля стражніцы ляжыць вялікая колькасці іржавага дроту. Калісьці ён знаходзіўся на польскіх памежных умацаваннях, аднак пазней быў сабраны тут і зараз з’яўляецца маўклівым сведкай падзей ХХ стагоддзя. 
 
Бетонны падмурак, на якім мацаваўся памежны знак
Бетонны падмурак, на якім мацаваўся памежны знак
 
На "Кацярыненскім тракце" дакладна бачны іншыя вельмі цікавыя артэфакты, а менавіта бетонныя падмуркі польскіх і савецкіх памежных знакаў. 
 
1938 год. Коласава. Савецка-польская мяжа. Фота Джона Філіпса (LIFE)
1938 год. Коласава. Савецка-польская мяжа. Фота Джона Філіпса (LIFE)

Месца, дзе стаяў польскі памежны знак
Месца, дзе стаяў польскі памежны знак

Прайшло ўжо амаль 80 гадоў, аднак старая мяжа да сённяшняга дня захоўвае шмат напамінаў пра той перыяд, калі Беларусь была падзелена паміж Польшчай і СССР. Сёння, гэта такі ж цікавы гістарычны аб’ект беларускай гісторыі, як і шматлікія замкі і сядзібы, крэпасці і ўмацаваныя лініі. 
 

 
Па добраму тут варта было б зрабіць цікавы турыстычны аб’ект, прапаноўваючы наведвальнікам акунуцца ў атмасферу тых часоў. Думаю, што гэта зацікавіць не толькі беларусаў, але і замежных гасцей нашай краіны. Да таго ж кожны з захаваўшыхся артэфактаў трэба як мінімум закансерваваць і захаваць для нашчадкаў, бо гэтыя камяні – лепшая ілюстрацыя ня простай гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя. 
 
-25%
-17%
-15%
-20%
-15%
-10%
-50%
0070970