WWW.TUTBY.NEWS - наш запасной адрес на случай, если TUT.BY не открывается


Сталыя забароны ў дзяцінстве (штодзённыя бацькоўскія “нельга”, “не чапай”, “не глядзі”), дзіцячыя страхі і дарослыя комплексы адназначна адбіваюцца на стане нашага здароўя на працягу ўсяго жыцця. Больш за тое, гэты “багаж” часцяком выліваецца ў хранічныя захворванні і недамаганні. Культура цела — гэта наша ўнутраная культура ўвагі да сябе і да ўласных рэакцый, гэта культура ўзаемаадносінаў з блізкімі і са сваімі прыхільнасцямі. Гэта не культ цела, але далікатнае стаўленне да сябе. Пра культуру цела разважаем з Дар’яй Цітавец, цялесна-арыентаваным псіхолагам у чарговым матэрыяле праекта “Культура паляпшае жыццё!”.

Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч

— Уявім такую сітуацыю: дзіця глядзіць з бацькамі тэлевізар, на экране цалуюцца, і дарослыя яму кажуць: “Заплюшчы вочы, глядзець нельга”. Дзіця ўспрымае гэтае пасланне літаральна: “Цалавацца дрэнна”, — у яго фармуецца ўстаноўка на рэакцыю бацькоў, страх на пацалункі і ў цэлым на ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Гэты імпульс застаецца ў целе. Цела ў сваю чаргу рэагуе і, як адзін з варыянтаў, заціскае мышцы тазавай вобласці. Калі такія забароны будуць паўтарацца, то ў будучыні ў гэтага чалавека могуць узнікнуць праблемы па сэксуальнай частцы. Часам моцныя зацісканні ў вобласці таза цягнуць за сабой дэфармацыю костак, парушэнне правільнага становішча пазваночніка, а таксама змена працы дзетародных органаў. Так рабіць нельга: з дзіцем неабходна пагаварыць і растлумачыць яму, што людзі цалуюцца, калі любяць адзін аднаго. Бо калі дзіця становіцца дарослым, забароны і страхі вырастаюць разам з ім і перашкаджаюць яму жыць поўным жыццём. І я, працуючы з хваробамі людзей, часта сустракаю наступствы такіх сітуацый.

— Гэта значыць, пастаянныя забароны фармуюць у целе чалавека зацісканні, якія потым выліваюцца ў боль і хранічныя недамаганні?

— Так, вельмі многія праблемы ў чалавечым целе ўзнікаюць ад унутраных цяглічных заціскаў. Зацісканне можа фармавацца ў целе як у дзяцінстве, так і ў дарослым жыцці, але мацней за ўсё на нас ўздзейнічаюць бацькоўскія рэакцыі, што выклікалі страхі і забароны, — менавіта яны ствараюць падмурак для будучых комплексаў і заціскаў.

— Ці можна вылучыць нейкія заканамернасці: пра што часцей за ўсё расказваюць нашы хваробы?

— Часткі цела чалавека нельга разглядаць паасобку, таму што паміж усімі органамі ёсць тонкая сувязь. Напрыклад, праблемнае месца — нага, але адразу нельга сказаць адназначна, што азначае гэты боль, трэба прааналізаваць, якая менавіта нага баліць, у якім месцы зацісканне, ад чаго яно ідзе. Але агульныя заканамернасці вызначыць сапраўды можна.

Напрыклад, болі ў спіне, скрыўленне пазваночніка кажуць, што на спіне ў чалавека ляжыць “груз адказнасці” — тое, што мы бярэм на сябе, часта не толькі сваё, але і чужое, непатрэбнае. Калі пасля сеансу тэрапіі ў чалавека расслабляецца спіна, ён атрымлівае палёгку і кажа: “Я як заплечнік зняў”.

Падціснутыя плечы часцей за ўсё гавораць пра няўпэўненасць: чалавек нібы імкнецца схавацца, схаваць тое, пра што ён думае і што адчувае. У перадплеччах запасіцца гнеў. Калі чалавек сутыкаецца з негатыўнай сітуацыяй, гэтая зона моцна напружваецца, ён быццам збіраецца ў бой і сціскае кулакі. Пастаяннае напружанне ў гэтай вобласці фармуе заціск і адгукаецца болем, праблемамі з суставамі.

Болі ў нагах, як правіла, — гэта немагчымасць рухацца наперад і рабіць нейкія актыўныя дзеянні.

“Людзей не навучылі любіць сябе, і часцей за ўсё яны думаюць пра тое, што пра іх скажуць іншыя. Адсюль і “абыякавае” стаўленне да свайго цела і здароўя”.
— Пра што кажа боль у грудной клетцы і ў жываце?

— Спераду, на грудзях — зона самаідэнтыфікацыі: тут мы збіраем ўсе нашы крыўды, ці, дакладней сказаць, рэакцыі на крыўды і на тое, што нас кранае. Тут жа “сядзіць” пачуццё віны, стала жыць з якім вельмі шкодна. Важна ўсвядоміць памылку, якую ты зрабіў, пастарацца выправіць яе і адпусціць праблему.

У жываце запасяцца нашы страхі: калі чалавек палохаецца, ён перастае дыхаць — робіць ўдых, напружвае жывот і замірае. У той момант мы гэтага нават не ўсведамляем. У кожнага другога беларуса то гастрыт, то язва, то нейкія іншыя праблемы са страўнікам, таму што людзі выхаваныя на страху і жывуць потым з ім усё жыццё.

Чаму ў немаўлятаў баліць жывоцік, колікі мучаць? Калі малое нараджаецца, яму ўсё страшна. Таму важна трымаць дзіця на руках, калыхаць, ствараць яму камфортны прытулак, да якога ён прывык ва ўлонні маці.

— Так, сапраўды, не адно пакаленне ў нас выхавана менавіта на забаронах і страху…

— З самага нараджэння бацькі перадаюць нам свае турботы і перадузятасці. Бацькам нават не трэба “вучыць” дзіцяці комплексам і праблемам: таты і мамы транслююць малому мадэль паводзінаў уласнай скаванасцю, страхамі, сваімі незадаволенасцямі, навязанымі ім у сваю чаргу іх бацькамі. І так да бясконцасці. Уяўляеце, якую кучу псіхалагічных праблем мы перадаем кожнаму новаму пакаленню! Дзіцячая псіхіка асабліва неабароненая і вельмі эмацыйна рэагуе на кожнае “нельга”. Потым доўга даводзіцца працаваць з чалавекам, каб ён усвядоміў свае дзіцячыя комплексы і страхі, адпусціў ўсе свае зацісканні, дазволіў целу пазбавіцца ад хвароб і болі. Бо наша здароўе збольшага ў нашых руках. У галовах, калі казаць дакладней.

Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч

— Дар’я, можаце прааналізаваць, як беларусы збольшага адчуваюць сябе?

— Я бачу ў людзях нейкую сарамлівасць, яна прысутнічае ва ўсім. З аднаго боку, беларусы імкнуцца да пераменаў, у іх ёсць жаданне жыць лепш, але ў той жа час заўсёды ёсць нейкі страх паказаць сябе з лепшага боку: быць свядомым, здаровым, больш прыгожым і паспяховым чым іншыя. Магчыма, гэта звязанае з савецкай устаноўкай “не вылучацца з натоўпу”. І ў той жа час беларусы баяцца, што ў іх не атрымаецца стаць такімі, якімі яны хацелі б быць — зноў жа, “лепш не высоўвацца”. Людзей не навучылі любіць сябе, і часцей за ўсё яны думаюць пра тое, што пра іх скажуць іншыя. Адсюль і “абыякавае” стаўленне да свайго цела і здароўя. У цела недастаткова проста закінуць нешта паесці: яно мае патрэбу ў доглядзе, у масажы, у правільным дыханні, у здаровым харчаванні.

— Беларусы ўнікальныя ў нелюбові да сябе? Вы працуеце ва Украіне і Расіі. Чым, на ваш погляд, беларусы адрозніваюцца, напрыклад, ад расійцаў?

— Беларусы — гэта целы “з заплечнікамі”. Яны бяруць на сябе занадта шмат адказнасці, і калі беларус кладзецца на жывот, часцяком бачная круглявасць спіны (згорбленасць, гарбаватасць) у вобласці груднога аддзела.

Калі да мяне прыходзіць расіец, ствараецца ўражанне, што прыходзіць камяк нерваў. Тэмп жыцця ў Маскве такі дынамічны, што ад яго людзі ходзяць нацягнутыя, як струна, і агрэсіўныя. Калі здымаеш гэта напружанне з цела, людзі прызнаюцца, што адчуваюць, быццам могуць лётаць. Але тое, што ў мяне ў Мінску займае гадзіну працы, у Маскве — дзве і больш.

Цікава, што “рукзачок” у Беларусі ў асноўным на жаночых плячах. Беларускія жанчыны бяруць на сябе занадта шмат адказнасці, і ад гэтага практычна ў кожнай адчуваецца каласальная стомленасць і боль. А як памяняць сітуацыю, яна нават не ведае: не ведае, куды ісці, як рухацца. Ёй страшна змяніць свой лад жыцця і цяжка ўявіць, што можна жыць па-іншаму.

Беларусы наогул вельмі недаверлівыя людзі і ўвесь час чапляюцца за старое. На нашых вельмі падобныя ўкраінцы, але ў іх усе працэсы па лячэнні ідуць больш дынамічна. Яны больш актыўна рухаюцца да пераменаў у жыцці.

“У кожнага другога беларуса то гастрыт, то язва, таму што людзі выхаваныя на страху і жывуць потым з ім усё жыццё”.
— Як людзі рэагуюць, калі вы называеце ім прычыны іх праблем?

— Я нікому нічога не кажу. Яны самі прыходзяць да разумення. Я задаю навадныя пытанні, чалавек пачынае разважаць, успамінае гісторыі (у тым ліку з дзяцінства) і сам разумее, што адбываецца з яго целам, адкуль у яго хваробы. Я вяду працу з чалавекам праз цела, а яно не падманвае, дае дакладныя адказы.

— Атрымліваецца, што любы стрэс накладвае адбітак на наша цела. Але як гэтага пазбегнуць? Як правільна рэагаваць на складаную сітуацыю?

— Пры любым негатыве важна зрабіць паўзу і разабрацца, чаму цябе кранаюць менавіта гэтыя словы або ўчынкі. Мы прывыклі шукаць прычыну вонкі: “Ён мяне пакрыўдзіў, значыць, ён дрэнны”. Але трэба зазірнуць углыб сябе і папрацаваць з уласнай рэакцыяй. Гэта значыць, не вінаваціць сябе ва ўсім, а асэнсаваць тое, што адбылося.

Менавіта цела дае нам зразумець, калі нешта ў нашым жыцці мы робім няправільна: нашы перажыванні, страхі, турботы аддаюцца ў арганізме болем і напругай. Потым у працэсе сумеснай працы нам даводзіцца здымаць гэтыя цяглічныя зацісканні і аднаўляць правільнае дыханне.

— Чаму мы перастаем правільна дыхаць?

— Гэта зноў жа вынік стрэсаў і сітуацый забаронаў, абмежаванняў, установак. Я часта назіраю, як людзі не могуць паўнавартасна дыхаць праз нос. Чалавек не дыхае ўсімі грудзьмі, а нібы бярэ паветра па трошкі. Хутчэй за ўсё, гэта запалоханы, няўпэўнены чалавек, які баіцца заявіць пра сябе. “Сядзіць, не дыхае”, — кажуць пра такога. Стаіўся быццам. Значыць, і ў жыцці ён не можа рабіць усё на сто адсоткаў. Спрацоўвае самаабмежаванне або разнастайныя страхі. З часам такі чалавек пачынае баяцца, што яму будзе балюча пры ўздыху. Ён думае: “Мне дастаткова таго, што я ўзяў”. Так ён паводзіць сябе і ў жыцці. Ці здараецца наадварот, калі чалавек пры натуральным дыханні набірае занадта шмат паветра. Так шмат, што гэты “перабор” пачынае праяўляцца пастаяннай млоснасцю. Такі чалавек і ў жыцці занадта спяшаецца і не беражэ сваё цела. Паспешлівае дыханне хутчэй кажа пра прагнасць, ненаеднасць і нежаданне прыслухоўвацца да сябе.

Важна аднавіць нармальнае, мернае, глыбокае дыханне, каб арганізм паўнавартасна насычаўся кіслародам. Бо што адбываецца пры заціску? У стрэсавай сітуацыі, калі чалавек адчувае страх, у яго замірае дыханне, і ў арганізм перастае паступаць кісларод, кроў і ўсе хімічныя працэсы запавольваюцца. Арганізм напружваецца — вось і заціск. Я на практыцы паказваю, як з дапамогай правільнага дыхання пазбавіцца ад такіх боляў у целе.

“Ёга — хутчэй мужчынская практыка: у ёй амаль усе практыкаванні патрабуюць падцягнутага жывата, а для жанчыны гэта ненатуральны стан.”
— Правільнае дыханне здольнае наладзіць працу хворага органа?

— Так. Калі пачаць правільна дыхаць, балючае месца насычаецца кіслародам, і паступова праца гэтай часткі арганізма ідзе на лад. Чалавек пазбаўляецца ад пастаяннага і звыклага ўжо болю, і рэакцыі пры гэтым бываюць самыя розныя, здараюцца і слёзы, і смех. Вельмі часта чалавек пачынае кашляць — з яго выходзіць ўсё лішняе, што сядзела ў ім.

Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч

— Дарэчы, пра тэхніку дыхання. У беларусаў цяпер стала модна займацца ёгай. Як вы ставіцеся да гэтага павальнага захаплення?

— Я лічу, што гэта адна з самых эфектыўных практык для цела. Ёга прыводзіць працу ўсяго цела ў дынамічны рух. Але гэта хутчэй мужчынская практыка, бо жаночае цела мае патрэбу ў больш спакойным падыходзе. У ёзе амаль усе практыкаванні патрабуюць падцягнутага жывата, а для жанчыны гэта ненатуральны стан. Бо жывот — гэта месца, дзе жанчына выношвае дзіця. А калі яно будзе плоскае і напружанае, які народзіцца малыш?

Ёгу распрацоўвалі мужчыны, а ні адзін мужчына не можа зразумець жаночае цела да канца. Я лічу, што ёга патрэбная чалавеку на нейкім пэўным этапе, а затым кожны павінен выбраць для сябе індывідуальны кірунак, зыходзячы з патрэбаў уласнага цела. А жанчынам усё ж больш падыходзіць спецыяльная (жаночая) гімнастыка.

— А як жа стэрэатыпы прыгажосці? Яны якраз патрабуюць плоскага падцягнутага жывата, стройнага, загарэлага цела… Ці можна сцвярджаць, што ідэальнае цела сведчыць пра ўпэўненасць чалавека ў сабе, пра яго здароўе і поспех у супрацьлеглага полу?

— Не зусім так. Шчыра кажучы, я бачу, што ў жыцці часцяком усё не так, як у тэлевізары. У жыцці вельмі шмат дзяўчат, якія, здавалася б, адпавядаюць усім цяперашнім канонам прыгажосці, але насамрэч адчуваюць сябе заціснутымі і закамплексаванымі. Паводле стандарту ў іх ёсць усё, але мужчыны не звяртаюць на іх увагу. Прычын таму можа быць мноства: скрытыя праблемы ў арганізме, няўпэўненасць у сабе, дыеты і намаганні, якіх патрабуе стройная фігура, — усё гэта не дае жанчыне адчуць сябе шчаслівай. Тыя ж праблемы часцяком тычацца і мужчын.

І ў той жа час я сустракаю шмат цікавых жанчын-пампушак: здавалася б, яны не адпавядаюць стандартам, але пры гэтым адчуваюць сябе самаўпэўненымі і жаданымі. Яны не проста даглядаюць за сваім целам, але прыслухоўваюцца да яго патрэбаў і прымаюць сябе такімі, якія яны ёсць.

— На жаль, тое, чым вы займаецеся, і падобныя віды дапамогі людзям пакуль не вельмі распаўсюджаныя. Нам прасцей з’есці таблетку і забыць пра сваю праблему…

— Так, сапраўды, а калі не палёгкі няма, можна перакласці адказнасць на лекара, сказаць, што гэта ён дрэнную таблетку даў. Значна складаней пастарацца і папрацаваць над сабой. Калі да мяне прыходзяць людзі па дапамогу, я заўсёды кажу: “Мы працуем разам: я раблю сваю працу на 100%, але вынік залежыць толькі ад таго, колькі намаганняў робіце вы”. Галоўнае, каб чалавек сам хацеў сабе дапамагчы.

Ганна Трубачова, Вера Сірата
Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча
(Журналісцкае агенцтва “Таранціны і сыны”) 
-10%
-25%
-30%
-10%
-15%
-10%