Ганна ПЯРОВА,

Зараз праблема выбару ўніверсітэта стаіць перад выпускнікамі школ, гімназій і ліцэяў асабліва востра. У прыёмных камісіях завяршаецца прыём дакументаў. Праўда, калі сталі вядомымі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, для адных выбар скараціўся, а для іншых — наадварот, пашырыўся.

Безумоўна, кіруючыся бацькоўскімі парадамі ці ўласнымі амбіцыямі абітурыент, хутчэй за ўсё, захоча стаць студэнтам прэстыжнага і (пажадана) сталічнага ўніверсітэта. Але ці ёсць маладыя людзі, якія насуперак усім канонам паехалі шукаць шчасця зусім не ў сталіцы сінявокай?

Ар'яна Зарыфі гэтай восенню стане другакурсніцай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а пакуль з цеплынёй расказвае пра год, які яна ўжо правяла ў 35‑тысячных Горках:

"З'ехала з Магілёва, каб патраціць на адукацыю менш грошай: так ці інакш тут нават інтэрнат больш таннейшы. Тыя, хто ўвогуле нічога не ведаюць пра Горкі і пра акадэмію, здзіўляюцца: ну што я тут забылася? Але, праўда, ёсць і тыя, хто пагаджаецца са мной, што тут вельмі добра: людзі, планіроўка горада. Сапраўды, мне зручна хадзіць вучыцца: усе карпусы акадэміі (дарэчы, іх сямнаццаць!) знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго, студэнцкі гарадок таксама блізка да месца вучобы.

Спачатку, вядома, было нязвыкла, але хутка ўсё нармалізавалася, мне нават спадабалася жыць у малым горадзе! Пасля правядзення ў Горках "Дажынак‑2012" з'явілася шмат месцаў, якія можна наведаць у вольны ад заняткаў час, тым больш што вакол адны студэнты — не засумуеш. Мы маем магчымасць замест заняткаў фізкультурай наведваць басейн. Карацей, мне часам здаецца, што разнастайных забаў тут больш, чым сапраўднай вучобы! А яшчэ акадэмія дае шанц паехаць за мяжу, калі ты добра вучышся ды ўдзельнічаеш у грамадскай рабоце.

Ці шкадую я, што паступіла менавіта ў Горкі? Ні грама! І тлумачыць, чаму, я магу бясконца. Мне падабаецца сам працэс вучобы, а яшчэ я стала членам клуба творчай моладзі. Тым, хто скептычна глядзіць на гарады з насельніцтвам менш за сто тысяч чалавек, раю проста прыехаць сюды — самі паглядзіце, што ўсё зусім не кепска".

* * *

У гэтай жа акадэміі вучыцца і Таня Путрык, якая апынулася тут па іншых прычынах: "Я ўжо вучылася ў Мінску, але аднойчы не здолела здаць экзамен ды "вылецела" з універсітэта. Сядзела дома, а потым вырашыла: паступлю зноў! Толькі спецыяльнасць ужо іншую выберу. Зноў здала цэнтралізаванае тэсціраванне, як і ўсе. На жаль, не вельмі паспяхова. Спачатку думала застацца ў сталіцы, але ў той жа час вельмі не хацелася ісці на "завочку"… У апошні дзень сказала сабе: "Што будзе, тое хай будзе!" — ды сабрала валізкі.

Бацькі, усе сябры, знаёмыя падумалі, што гэта, напэўна, жарт такі своеасаблівы. Перапытвалі па сто разоў, чаму я "жыццё сабе ламаю"? Але жах "завочкі" перамог, і я адважылася, хоць спачатку сама не верыла, што з'язджаю з Мінска.

Некаторыя і зараз не разумеюць, што я тут раблю. Я ж пакуль што зусім не шкадую аб прынятым рашэнні. Казаць катэгарычна не буду, бо прайшло няшмат часу.

Так, тут, вядома, больш сумна, чым у сталіцы: заўсёды адзін і той жа маршрут для шпацыру. З плюсаў — ціха ды спакойна. Сумую па родных, тым больш што ехаць дадому гадзін шэсць. Што мяне ратуе — гэта кінатэатр!"

* * *

Сваю гісторыю расказала і Дар'я Урбан, студэнтка Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Гомель, безумоўна, не Горкі, але ў параўнанні з Мінскам, адкуль з'ехала Даша, усё ж такі горад не такі вялікі:

"Паехала вучыцца ў Гомель па банальнай прычыне: не прайшла на "бюджэт" у сталіцы. Дарэчы, мой хлопец адразу збіраўся ў Гомель паступаць, але ў яго, на жаль, не атрымалася.

Спачатку жыццё тут здавалася вельмі сумным. Потым вучыцца стала складаней. Таксама з'явіліся новыя сябры. Сумаваць часу не засталося! А каб наведваць бацькоў, амаль кожны тыдзень езджу ў сталіцу.

Людзі не перастаюць здзіўляцца, як можна было паехаць у Гомель з Мінска, без сяброў, зусім адной. Бацькі нават спрабавалі адгаварыць мяне, бо вельмі знерваваліся… Але я цвёрда вызначылася: буду доктарам! Мары павінны здзяйсняцца.

Зараз я не магу сказаць, шкадую ці не. З аднаго боку, не, бо з дзяцінства хацела лячыць людзей. З другога — знікла магчымасць бачыцца з дарагімі мне людзьмі, пра асабістае жыццё я і думаць забылася. Праўду кажуць, чужыя гарады "забіраюць" блізкіх. Часам вельмі хочацца, каб мяне падтрымала даўняя сяброўка. Магчыма, я яшчэ перавядуся ў Мінск. Хто ведае!"

* * *

Пагутарыўшы з дзяўчатамі, падумалася, што перспектыва вучобы за межамі сталіцы выглядае не так безнадзейна, як здавалася раней. Але ці так гэта сапраўды? Усе дзяўчаты скончылі толькі першы курс. І, мабыць, яшчэ не могуць успрымаць змены ў сваім жыцці аб'ектыўна. Гэту "версію" я вырашыла праверыць, і сустрэлася з Уладзімірам Бекішам, выпускніком Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта 2013 года, які ахвотна адказаў на мае пытанні.

—Як ты, мінчанін, стаў студэнтам Полацкага ўніверсітэта?

—Цяжка сказаць, выпадкова я выбраў ВНУ ці не, але на гэтае пытанне даводзілася адказваць не раз. Напэўна, пачну расказ з таго, што вывучыцца па спецыяльнасці "Праектаванне, будаванне і эксплуатацыя газанафтаправодаў і газанафтасховішчаў" можна толькі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце: усяго 18 чалавек на год атрымліваюць дыплом з гэтым запісам. Калі казаць увогуле, то ў Полацку вучыцца шмат моладзі з Мінска. Ёсць яшчэ дзве прычыны, па якой абітурыенты прыязджаюць на перыферыю: не дабралі балаў, каб прайсці на бюджэт у мінскай ВНУ, або чалавек проста хоча вылучыцца і зрабіць не так, як усе. Я такога хлопца ведаю, але яго пасля першага курса адлічылі: пазабаўляўся, і жаданне працаваць ды вучыцца прайшло.

—Як адрэагавалі сваякі і сябры на тваё рашэнне?

—На здзіўленне, збольшага нармальна, для іх было галоўнае, каб я атрымаў вышэйшую адукацыю. Бацькі казалі, што студэнт, які жыве пад матчыным крылом, — гэта не студэнт, і трэба ехаць пажыць асобна, паспытаць, як той казаў, сапраўднага студэнцкага жыцця ў інтэрнаце. З сябрамі сітуацыя была горшай, таму што ўсе яны "распаўзліся": хтосьці сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымліваў, хтосьці адразу пачаў працаваць, а хтосьці наогул за мяжу з'ехаў. Зараз са старых сяброў падтрымліваю сувязь толькі з адзінкамі.

—Не сумна было жыць у маленькім горадзе пасля ад'езду?

—На гэта пытанне не магу адказаць, таму што я не паспеў адчуць розніцу. Цэнтралізаванае тэсціраванне давялося здаваць у арміі, дзе я служыў адразу пасля школы, таму ехаў ва ўніверсітэт прама з казармы. Трапіў у студэнцкі інтэрнат, дзе можна было спаць, колькі хочаш, есці, колькі хочаш і што хочаш. Там былі дзяўчаты, там былі хлопцы — усё весела, усё выдатна.

—Пасля пяці гадоў, праведзеных у Полацкім універсітэце, не шкадуеш пра сваё рашэнне?

—Я ніколі ні пра што не шкадую! Магчыма, таму я так лёгка паехаў у іншы горад. Усё залежыць ад чалавека: калі табе не сумна з самім сабой, то будзе цікава ў любым месцы, знойдзеш, чым займацца.

Пасля размовы з героямі артыкула мяне прыемна ўразіла, што ніхто са студэнтаў не выказаў думкі наконт таго, што адукацыя ў рэгіёнах не адпавядае пажаданаму ўзроўню. Безумоўна, маё невялічкае даследаванне не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, але мне здаецца, зараз перспектыва з'ехаць з Мінска дзеля атрымання адукацыі падаецца не такой ужо і безнадзейнай. А як лічыце вы?
-30%
-30%
-25%
-50%
-30%
-15%
-21%
-35%
-25%
-40%
0071674