Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


За права рэпрэзэнтаваць Беларусь у Вене змагаліся дэлегацыі Вярхоўнага Савету й Палаты Прадстаўнікоў. "Да паседжаньня ў Парыжы месца Беларусі ў арганізацыі будзе пуставаць", - заявіў на адкрыцьці Сталага Камітэту дзейны старшыня ПА АБСЭ Адрыян Сэвэрын. Аднак гэтае рашэньне не было прагаласавана, што дало магчымасьць кожнаму са спаборных беларускіх бакоў трактаваць яго на сваю карысьць.

Пакуль што цалкам зразумела адно - з чацьвяра Беларусь паўнавартасна ніяк і нікім не прадстаўленая ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Аднак няма адказу на галоўнае пытаньне - ці азначае гэта спыненьне мандату Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, які прадстаўляў Беларусь ва ўплывовай міжнароднай арганізацыі цягам апошніх чатырох гадоў.

Гэтая, так бы мовіць, "падвешанасьць" узьнікла пасьля заявы дзейнага старшыні ПА АБСЭ Адрыяна Сэвэрына, які паведаміў на адкрыцьці Сталага Камітэту ў Вене, што да парыскай сэсіі месца Беларусі ў арганізацыі будзе пуставаць. Ці ёсьць гэта спыненьнем мандату Вярхоўнага Савету, - не зразумела, бо рашэньне не выносілася на галасаваньне.

Сталы Камітэт павінен быў прыняць рашэньне пасьля паседжаньня мандатнай камісіі, якая выпрацоўвала рэкамэндацыі. Камісія заслухала абедзьве беларускія дэлегацыі ( Вярхоўнага Савету й Палаты), а таксама прадстаўнікоў рабочай групы па Беларусі. У выніку працяглай дыскусіі рэкамэндацыі мандатнай камісіі зьвяліся да таго, што тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету скончыўся, аднак дэмакратычна абранага парлямэнту ў Беларусі дагэтуль няма, а значыць прадстаўляць Беларусь ня можа ніхто.

Фактычна мандатная камісія прапанавала "нулявы варыянт", які першым -заўважу - агучыў кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ханс-Георг Вік . Гэты "нулявы варянт" у большай ступені задавальняў дэлегацыю Палаты Прадстаўнікоў, бо азначаў спыненьне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету.

Аднак ужо на паседжаньні Сталага Камітэту высьветлілася, што супроць фармулёк пра недэмакратычную беларускую Палату выступае сьпікер Дзярждумы Расеі Генадзь Селязьнёў, які зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У выніку - за конт дэлегацыяў Расеі й Армэніі - прапановы былі адхіленыя. Бо рашэньне прымаецца паводле формулы "кансэнсус мінус адзін". Гэта й змусіла старшыню Парлямэнцкай Асамблеі Адрыяна Сэвэрына без галасаваньня заявіць пра спыненьне ўсялякага прадстаўніцтва Беларусі ў арганізацыі.

У зацікаўленых беларускіх бакоў гэтая сытуацыя выклікала супрацьлеглыя камэнтары. Кіраўнік дэлегацыі Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька заяўляе: паколькі не было прагаласаванае рашэньне пра спыненьне мандату Вярхоўнага Савету, гэты орган аўтаматычна працягвае сваё прадстаўніцтва. У Вену ж дэлегацыя Вярхоўнага Савету была запрошана як афіцыйная.

Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў трактуюць заяву Адрыяна Сэвэрына ледзь не як факт свае перамогі. Бо адсутнасьць прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі як мінімум спыняе мандат Вярхоўнага Савету, як максымум - адкрывае Палаце шлях да прызнаньня. Менавіта гэтага дамагаюцца прадстаўнікі дэлегацыі Палаты - Вольга Абрамава й Ўладзімер Навасяд, якія называлі сябе ў Вене сапраўднай апазыцыяй, а Вярхоўны Савет - радыкальнай.

На прызнаньне Палаты мабілізаваны зараз усе нешматлікія рэсурсы афіцыйнага Менску (у першую чаргу, Расея). Бо ад таго, ці прызнаюць на Захадзе абраную - вядома, якім шляхам - Палату, будзе залежаць фармат будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Эўропа не гаворыць ні " так", ні " не" - асноўныя дэбаты разгорнуцца ў Парыжы, куды ізноў запрошаныя дзьве беларускія дэлегацыі.

Юрась Карманаў

Радыё Рацыя