Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Рэспубліканскае канструктарска-інжынернае прадпрыемства "Навуковае прыборабудаванне" Нацыянальнай акадэміі навук напярэдадні Новага года вырабіла па заказу Мінгарвыканкама абсталяванне для аўтаматызацыі 34 стаянак аўтатранспарту.

Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства заслужаны работнік прамысловасці Валерый Якаўлеў, гэта невялікія, разлічаныя на 40 машын, паркоўкі з тэрміналамі, якія забяспечваюць рэгістрацыю аўтамабіля і разлік за час стаянкі электроннымі карткамі. Сістэма надзейная і хутка акупляецца, затрачаныя сродкі вяртаюцца на працягу 8 месяцаў.

Распрацоўку парковачных аўтаматаў, паводле слоў спецыяліста, у "Навуковым прыборабудаванні" пачалі ў 1998 годзе па заданню Савета Міністраў. За гэты час створаны шэраг канструкцый, якія даюць магчымасць камбінаваць варыянты ўстройства парковак у залежнасці ад колькасці машын і інтэнсіўнасці іх руху - ад невялікіх стаянак на 80 месц да паркінгаў, якія ўмяшчаюць 10 тысяч машын. Сістэмы прыдатныя пры абсталяванні аўтастаянак на адкрытых пляцоўках паблізу адміністрацыйных, гандлёвых і іншых будынкаў, у падземных і крытых наземных памяшканнях, у зонах паркоўкі аўтамабіляў уздоўж магістралей і трас. Ахвотна купляюць іх расіяне. У Маскве беларускае прадпрыемства пастаянна выйграе тэндэры на пастаўку гэтага абсталявання. А вось айчынныя гораданачальнікі неахвотна ідуць на ўвядзенне тэхнічных навінак. Праўда, у сталіцы сітуацыю паступова ўдаецца мяняць, правінцыя ж па-ранейшаму не ўспрымальная да атрыбутаў цывілізацыі, падкрэсліў Валерый Якаўлеў.

Паводле ацэнак спецыялістаў, сёння дзяржаўны бюджэт недаатрымлівае амаль 70 працэнтаў сродкаў, якія збіраюцца з уладальнікаў аўтатранспарту на платных стаянках з-за адсутнасці на іх тэхнічных інтэлектуальных устройстваў. У Мінску да гэтага часу толькі тры стаянкі аснашчаны аўтаматычнымі ўстройствамі "Навуковага прыборабудавання", і працуюць яны бездакорна, адзначыў Валерый Якаўлеў.