/ Фота: аўтара, а таксама з архіваў героя,

Іван Кандрацьеў - імя, больш-менш вядомае ў Расіі, ў Беларусі яшчэ зусім нядаўна ніхто не ведаў. Ды і цяпер, каб не наш суразмоўца, не ведалі б. Між тым наш зямляк Кандрацьеў быў у свой час цікавым пісьменнікам і меў блізкае сяброўства з Саўрасавым і Чэхавым. Менавіта ён напісаў адзін з найлепшых за ўсю гісторыю даведнік па Маскве, які цяпер выдаецца ў Расіі для віп-персон. Менавіта ён - аўтар песні "По диким степям Забайкалья", якая доўгі час лічылася проста народнай. Мы сустрэліся з беларускім даследчыкам Аляксандрам Смолікам, які толькі-толькі выдаў кнігу пра напаўзабытага аўтара. Выкладчык культуралогіі ведае, як з толкам капаць у глыбіню стагоддзяў і падштурхоўвае выдавецтвы пакінуць абыякавасць і ўзяцца нарэшце за адраджэнне імёнаў беларускіх аўтараў.

"Мы з адной вёскі"

У кабінеце загадчыка кафедры культуралогіі БДУКМ Аляксандра Смоліка, у шафе, ляжыць скарб. Не-не, гэта не аўтарскае перабольшванне. Сам суразмоўца наш так і казаў: "Гэта - скарб!", калі даставаў з той шафы копіі кніг аўтара 19-га стагоддзя Івана Кандрацьева. Гэтыя копіі Аляксандр Іванавіч здолеў атрымаць з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі - там захоўваецца больш за 60 кніг нашага земляка.



- Зацікаўленасць пачалася прыкладна гады чатыры таму, - пачынае распавядаць Аляксандр Смолік. - Я працаваў у Нацыянальнай бібліятэцы ў зале рэдкіх кніг. І мне трапілася сярод старадрукаў такая кніжачка: "Александр Сергеевич Пушкин. Его жизнь и творчество". Аўтарам быў пазначаны Кандрацьеў. Але сярод пушкіназнаўцаў я ніколі не сустракаў гэтага прозвішча. Захацелася даведацца, хто такі.

У шматлікіх вядомых даведніках не знайшлося такога імя, але нарэшце ў даведніку “Русские писатели 1800-1917 гг.” Рэйблата навукоўца знайшоў пра Кандрацьева дзве старонкі. І тут Аляксандра Іванавіча чакала дзіўнае: пісьменнік гэты нарадзіўся ў тым самым сяле, што і ён, - Каловічы Вілейскага павета. Толькі гадоў на сто раней.

Фотаздымак сям’і сваякоў І.К. Кандрацьева. У цэнтры ўнучатая пляменніца Пелагея Серапіёнаўна Рогач

На Вілейшчыне Іван Кандрацьеў жыў да сямі гадоў, потым не аднойчы вяртаўся сюды за жыццё. Асноўная ж частка творчага жыцця гэтага чалавека была звязана з Масквой. 

Якімі шляхамі трапіў туды беларус з незаможнай сям'і?

Праз Вільню. Спачатку Іван Кандрацьеў вучыўся ў школе кантаністаў (вайскоўцаў, якія павінны былі служыць 25 год), а потым у фельчарскай школе ў Пецярбургу. Пазней паступіў на службу ў армію, але па невядомых прычынаў прабыў там не так шмат, як планавалася. Адтуль - на родную Вілейшчыну, а потым - у Вільню, дзе ўжо жыла яго сястра. У Вільні і пачаўся творчы шлях хлопца. 

- Яго прынялі служачым канцылярыі Віленскай акругі. Але служба чыноўніцкая, відаць, яго не вельмі цікавіла. Ён пачынае наведваць Віленскі тэатр. Паступае туды акцёрам-аматарам. А потым пачынае пісаць п’есы, - расказвае Аляксандр Іванавіч.

Па словах суразмоўцы, у 1869 годзе Кандрацьеў напісаў вадэвіль “Валасны пісар”. Яму было тады толькі 20 гадоў.

- Задоўга да "Пінскай шляхты" Дуніна-Марцінкевіча ён крытыкуе царскіх чыноўнікаў, паказвае казнакрадства, рабаванне беларусаў. "Пінскую шляхту" надрукавалі толькі ў 1912 годзе, а яго працу ў 1869 годзе выдалі. А ў 1870 годзе ў Расіі рыхтаваліся да двухсотгоддзя нараджэння расійскага імператара Пятра І. З гэтай нагоды вырашылі ў Маскве пабудаваць спецыяльны будынак тэатра і на перыяд урачыстасцей ставіць там спектакль. Быў аб’яўлены конкурс на лепшую п’есу народнага тэатра. І наш малады суайчыннік, незнакаміты яшчэ, максімаліст, вырашыў паўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Напісаў п’есу “На Поволжье”. Паслаў туды. Хутка на імя генерал-губернатара Мураўёва прыходзіць дэпеша прыслаць такога-та чыноўніка для атрымання прэміі. За гэту п'есу Кандрацьеў узяў залаты медаль.

 
Некаторыя творы выхадца з Вілейкі Івана Кандрацьева паспяхова выдаюцца ў Расіі і зараз.

Падчас атрымання прэміі беларус пазнаёміўся з мастаком Іванам Сурыкавым, які параіў таленавітаму чалавеку застацца ў сталіцы. У Маскве пісьменнік пражыў з 1871 да 1904 года, пакуль трагічна не загінуў.

Аляксандр Іванавіч распавядае, што падчас вывучэння біяграфіі земляка абыходзіў людзей з роднай вёскі: шукаў тых, хто ведаў сям'ю Івана Кандрацьева. І калі адразу здавалася, што гэта справа амаль немагчымая, то зараз краязнаўцы з дапамогай мясцовых жыхароў нават месца, дзе стаяў некалі дом Кандратавых (мянушка сям'і Кандрацьевых), вызначылі з вялікай дакладнасцю. А ў Каловічах паставілі памятны знак у гонар невядомага раней Івана Кандрацьева. Тыдзень таму там адбылася знакавая падзея - у вёску з'ехаліся навукоўцы і зладзілі Кандрацьеўскія чытанні. Здаецца, пра такую народную памяць у роднай вёсцы Іван Кандрацьеў пры жыцці мог толькі марыць.
 

Даведнік па сталіцы, вялікае перасяленне народаў і азбука для дзетак

"По диким степям Забайкалья,
Где золото роют в горах,
Бродяга, судьбу проклиная,
Тащился с сумой на плечах".


Радкі, знаёмыя многім. Іх напісаў беларус. Абгрунтавана даказаў гэты факт у сваёй кнізе "Божы дар Івана Кандрацьева" Аляксандр Смолік.

- Вельмі цікавая сітуацыя атрымалася: адзін наш беларускі малады бард Мартыненка, не ведаючы, што аўтар гэтай песні беларус, вельмі цікава яе пераклаў на беларускую мову. Цікавы пераклад, які перадае настрой, змест, экзістэнцыю.

Іван Кандрацьеў сам быў добрым перакладчыкам. Перакладаў Байрана, Гейнэ, многіх іншых класікаў. І нават беларускія фальклорныя творы перакладаў на рускую мову. Пераклады Кандрацьева даследчык знайшоў у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.


У Смоліка шмат хто пытаецца: "А ці пачуваў Кандрацьеў сябе беларусам?". Аляксандр Смолік упэўнена адказвае: "Так". У шматлікіх творах Іван Кандрацьеў прыгадвае Беларусь, некаторыя сюжэты нават адбываюцца на беларускай зямлі, у адной з баладаў амаль галоўны дзеяч - Нёман. У шматлікіх апавяданнях месца падзей - у тады яшчэ беларускай Вільні.

Нягледзячы на тое, что Іван Кандрацьеў добра пачуваў сябе ў розных жанрах, своеасаблівымі спецыялізацыямі для яго сталі дзіцячая літаратура і гістарычныя раманы.

- У яго вялікая спадчына для дзяцей ёсць. Задоўга да чытанак Алаізы Пашкевіч і Якуба Коласа для беларусаў, ён выдаў чытанку пад назвай “Искра Божья” для дзяцей. Я на канферэнцыі БДУ выступаў з дакладам "Ці чытаў Якуб Колас “Искру Божью?". Здаецца, што чытаў і, можа, нават вывучаў. Таму што Колас вучыўся ў настаўніцкай семінарыі, а кніга Кандрацьева была рэкамендавана для народных школ расійскімі ўладамі. Там ён узгадвае неаднаразова Беларусь.

У савецкі час пісьменнік быў забаронены за свае манархічныя погляды і адданасць рэлігійнай тэматыцы ў шматлікіх творах.

Мы разглядваем скарбы Аляксандра Смоліка, і нам здаецца, што Іван Кандрацьеў і сам у нечым заставаўся дзіцём. Сапраўды, сярод яго твораў не толькі азбукі і чытанкі для дзяцей - асаблівае месца адводзіць Кандрацьеў вывучэнню дзіцячых гульняў. Чаго толькі варты здаравенны зборнік "Дома и на воздухе. Детские игры и забавы": з прыгожымі малюнкамі і цікавым падрабязным апісаннем тагачасных дзіцячых забаў!



- Ёсць у яго такая пазнавальная гульня "Лото племен и народов". На карцінках там узгадваюцца народнасці, якія засялялі царскую Расію, у тым ліку беларусы, - распавядае Аляксандр Іванавіч.

Вельмі цікава праглядаць "Полный самоучитель русской азбуки в зоологических картинах".



На кожную букву - нейкая жывёліна, часам экзатычная. І толькі буква "І" збівае з панталыку: на старонцы намаляваны... Іван-пастух!




"У 1893 г. завершана праца над кнігай "Седая старина Моск­вы", якую І.К. Кандрацьеў называе гістарычным аглядам і поў­ным паказальнікам маскоўскіх "достопамятностей". У творчай спадчыне пісьменніка гістарыч­нае даследаванне мае асаблівую каштоўнасць. Аўтар сабраў і сістэматызаваў унікальныя звесткі па гісторыі горада: цэрквы, манастыры, палацы, масты, вуліцы, плошчы… Фаліянт, аб’ём якога складаўся амаль з 700 старонак, быў падараваны ім­пе­ратару Мікалаю II..." - чытаем у манаграфіі беларускага навукоўца. Сапраўды, даведнік па Маскве атрымаўся ў аўтара такім удалым, што ў расійскай сталіцы яго і зараз перавыдаюць. А ёсць і асаблівы, крамлёўскі, тыраж гэтай кнігі - для віп-персон. Кошт сямісотстаронкавага фаліянта - 21 тысяча расійскіх рублёў (5 млн 722 тыс. беларускіх рублёў, альбо 656 долараў ЗША).

"Грачи прилетели"

Сярод сяброў пісьменніка з-пад Вілейкі былі такія знакамітыя мастакі, як Левітан, Саўрасаў. Аляксандр Смолік распавядае некалькі гісторый, звязаных з апошнім. Першая: невялічкая маскоўская кватэра Кандрацьева мела роспіс Саўрасава замест шпалераў.

- Знайшоўся ліст, дзе Саўрасаў Левітану тлумачыць, чаму размаляваў пакоі сябра бярозкамі: мастакі, маўляў, хаця б на пленэры ходзяць, а Кандрацьеў сядзіць у хаце са сваімі кніжкамі...

Пісьменнік жыў адзін, не меў сям'і. Таму часцяком з'яўляўся ў тракцірах.

- Лічаць, што ён адносіўся да лідараў маскоўскай багемы. Некаторыя кажуць, што зашмат піў, і трошкі абвінавачваюць, быццам менавіта пад яго ўплывам Саўрасаў і Успенскі таксама злоўжывалі... Але я даказваю, што гэта не так. У Гіляроўскага можна прачытаць, што ён бачыў на Мясніцкай Саўрасава, які ехаў п’яны з Кандрацьевым у экіпажы; і Кандрацьеў яго падтрымліваў, каб той не зваліўся, - значыць, быў больш цвярозы, - смяецца суразмоўца. - Але хто не піў тады і хто цяпер не выпівае? Да таго ж тракціры і тады былі месцам сустрэч, як і зараз. Па-другое, пасколькі ў яго не было сям’і, то ён і харчаваўся ў гэтых тракцірах. У яго цэлы зборнік ёсць супраць п’янства. Ёсць словы, якія ён казаў Левітану: "Не злоўжывай гэтай гадасцю, ні адзін п’яніца не стварыў п’яным ніколі нармальны твор". Але потым заўважаў: "Хіба толькі Саўрасаў і я".

Памёр Іван Кандрацьеў рана - у 54 гады. Быў пахаваны на Лазараўскіх могілках, але ад яго магілы зараз нічога не засталося.

Аляксандр Іванавіч працягвае распавядаць:

- Ён быў эмпатычны чалавек: імкнуўся ўсім дапамагчы. І калі Саўрасаў быў у складаным матэрыяльным становішчы, наш зямляк нават прадаваў яго карціны. Я знайшоў пісьмо, дзе Кандрацьеў Антону Паўлавічу Чэхаву піша: "Не хотите ли вы купить "Грачи прилетели"? Чэхаў адказаў, што марыць пра такую карціну, але зараз і сам без грошай...

- Я б хацеў, каб пачалі выдаваць яго кнігі і ў нас, - марыць вучоны. - А то расіяне выдаюць – грошы зарабляюць. Мы ж, беларусы, нейкія абыякавыя да сваёй спадчыны. Мы грошы ледзь-ледзь знайшлі на гэтае сціплае выданне маленькае. Праўда, міністр культуры Барыс Святлоў даў згоду і выдзеліў сродкі, нават уступны артыкул напісаў – зразумеў важнасць. У мяне атрымалася ў Нацыянальную бібліятэку некаторыя творы нават перадаць… Вось, чытанні прайшлі на радзіме пісьменніка. Калі дасць бог, правяду іх яшчэ некалі ў Вільні ды ў Маскве. Так што нешта ўжо ёсць, дзякуй богу.

Здаецца, беларусам трэба спяшацца. У суседняй Літве, напрыклад, на пісьменніка Івана Кандрацьева, які некаторы час жыў у тады яшчэ беларускай Вільні, некаторыя даследчыкі ўжо паспелі пакласці вока і сказаць, як адбылося раней і з Адамам Міцкевічам: "Наш!".

{banner_819}{banner_825}
-50%
-20%
-15%
-50%
-10%