Чытаць па-беларуску


Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў адказ на свой ліст да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца з нагоды несанкцыянаванага зносу гістарычнага будынка ў Аршанскім раёне.

Фота: Радыё Свабода
Фота: Радыё Свабода

Колішні жылы будынак дамініканскага кляштара ня быў унесены ў спіс помнікаў архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай. Тым ня менш ён уваходзіў у адзіны кляштарны комплекс з касцёлам дамініканаў, помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. У лісце за подпісам старшыні аблвыканкаму Уладзімера Цярэнцьева напісана, што "гэтая пабудова страціла архітэктурныя асаблівасці падчас пажараў, перабудоў і нямэтавага выкарыстання". 

Спадар Аўтухоў звярнуўся да старшыні аблвыканкаму пасля таго, як будынак - маёмасць сельгаспрадпрыемства "Смаляны" - пачалі зносіць без усякіх папярэдніх даследаванняў. Рэшткі гмаху збіраліся ўкінуць у два катлаваны, вырытыя каля касцёла XVIII стагоддзя таксама без дазволу навукоўцаў. Дзякуючы пратэстам краязнаўцаў і грамадзкіх актывістаў зьнішчэнне будынка ў першы ж дзень было спыненае, але яго паспелі зруйнаваць ці не на 80%.

Так выглядаў кляштар да зруйнавання. Фота: "Глобус Беларусі"

І толькі потым, калі прыехалі археолагі і адказныя асобы з Аршанскага райвыканкаму, высветлілася, што вакол касцёла, даўно прызнанага помнікам архітэктуры, не была зацверджана ахоўная зона. І адмыслоўцам, якія ўбачылі ўжо толькі парэшткі гістарычнага кляштарнага будынка, давялося канстатаваць, што "культурны пляст і археалагічныя знаходкі не выяўленыя. У падмурку зафіксаваныя адзінкавыя экзэмпляры цэглы, якія могуць датавацца XVIII стагоддзем".

На думку Леаніда Аўтухова, выпадак бескантрольнага руйнавання гістарычнага будынка абуральны, тым болей у Смалянах - мястэчку, дзе захавалася некалькі помнікаў архітэктуры, якія маглі б прывабіць у гэтыя мясціны багата турыстаў. Таму да старшыні Віцебскага аблвыканкаму ён звяртаўся з прапановамі неадкладна правесці археалагічныя даследаванні комплексу дамініканскага кляштара, прыняць праграму па ахове і рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, што знаходзяцца ў Смалянах, распрацаваць паўнавартасную праграму па стварэнні ў Смалянах турыстычна-экскурсійнага цэнтру.

Толькі першая прапанова была выканана, і тое пад ціскам грамадскасці, якая патрабавала таго ж самага: адмыслоўцы Акадэміі навук насамрэч прыяжджалі ў Смаляны да парэшткаў кляштарнага будынка. Але наўрад ці гэта можна лічыць паўнавартасным археалагічным даследаваннем, на якім настойвае актывіст. Астатнія ініцыятывы былі праігнараваныя. У адказе з аблвыканкаму гаворыцца, што "г.п. Смаляны ўваходзіць у склад Аршанска-Копыскай культурна-турыстычнай зоны з цэнтрам у г. Воршы" і што ў 2011 годзе была зацверджаная праграма па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Аршанскага раёну на 2011–2015 гады".

У гэтай праграме ёсць пункт "Выяўленне матэрыяльных аб’ектаў, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць", але ў Смалянах яго праігнаравалі, палічыўшы кляштарны будынак "некаштоўным", і нават не пракансультаваўшыся з навукоўцамі. Гаворыцца ў праграме і пра іншыя смалянскія архітэктурныя помнікі — пра неабходнасць правядзення "супроцьаварыйных работ" на парэштках былога дамініканскага касцёлу, былой Свята-Аляксееўскай царквы і замка "Белы Ковель". І ўсё гэта - за сродкі ўласнікаў.

Дзяржава гатовая спрычыніцца хіба толькі да захавання апошняга са згаданых аб’ектаў: "руіны замка „Белы Ковель“ уключаныя ў дзяржпраграму „Замкі Беларусі“", - напісаў намеснік старшыні аблвыканкаму ў адказ на зварот Леаніда Аўтухова. Але сродкі выдзеляць не на аднаўленне славутага помніка архітэктуры, а толькі на кансэрвацыю ягоных парэшткаў.

-10%
-10%
-10%
-20%
-17%
-10%
-20%
-10%
0071694