Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Хлопцы прынялі прысягу, у якой пакляліся ні пры якіх абставінах не служыць у войску. Анархісты выступаюць за альтэрнатыўную службу. У той жа час яны не адмаўляюцца ўзяць у рукі зброю ў выпадку варожага нападу на Беларусь.

Незадоўга да пачатку пэрформансу ля будынку па адрасе пляц Свабоды, 15, над Менскам усчалася завея. Удзельнікі зьявіліся раптоўна: апранутыя ў традыцыйную для анархістаў ваенізаваную вопратку. З дваццаці прысутных знайшлася сямёрка адважных, якія апранулі працівагазы, хусткі на твар альбо з барабанам у руках сталі перад кратаваным плотам ваенкамату й урачыста вымавілі словы свае прысягі:

- "Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, знаходзячыся ў здаровым розуме й цьвярозым стане ўсеагульную вайсковую павіннасьць разглядаю як сучасную форму прыгону для моладзі нашай краіны… Што ёсьць на самой справе: фарбаваньне сьнегу ў зімовы пэрыяд альбо чыстка пляцу зубнымі шчоткамі"… А цяпер, дарагія здрайцы, ці хочам мы паўтара года займацца ананізмам? - Не!!! - Ці хочам мы быць дармовай працоўнай сілай? - Не!!! - Быць гарматным мясам у брудных гульнях палітыкаў? - Не!!! - Перад тварам прысутных таварышаў я ўрачыста прысягаю ніколі ні пры якіх абставінах не служыць у войску.

Каб пацьвердзіць сур'ёзнасьць сваіх намераў, патэнцыйныя прызыўнікі ўрачыста спалілі прыпісныя пасьведчаньні. За акцыяй спаленьня назіраў галоўны рэдактар анархісцкае газэты "Навінкі" Паўлюк Канавальчык. У свой час Паўлюк быў вымушаны трапіць у псыхлякарню "Навінкі", каб пазьбегчы прызыву ў войска.

RR: - Чаму Вашыя сябры абралі менавіта 23 лютага, а не 8 верасьня - Дзень беларускае вайсковае славы?

П.К.: - Трэба зазначыць, што пакуль мы маем узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, а не Вялікага княства Літоўскага ці чаго іншага.

RR: - Ці можна дапусьціць, што ў выпадку перамогі нацыянал-дэмакратаў у Рэспубліцы Беларусь падобныя акцыі будуць ладзіцца 8 верасьня?

П.К.: - Магчыма, але спадзяюся, што да таго часу мы даб'емся, каб вайсковае павіннасьці ў Рэспубліцы Беларусь не існавала ўвогуле.

Міма ішоў вайсковец, які рпрэзэнтаваўся як працоўнік ваенкамату падпалкоўнік Кузьмін:

RR: - Як вайсковец і афіцэр, як Вы ставіцеся да альтэрнатыўнае службы ў войску?

- Пожалуйста, пусть будет, я не против.

Сьледам за афіцэрам міма антывайсковай акцыі кіраваўся суворавец:

RR: - Як Вы ставіцеся да альтэрнатыўнае вайсковае службы?

- Нормально. Лучше работать на работах… Ну кому как, кому работать, кому служить.

RR: - Колькі табе гадоў, як даўна стаўся сувораўцам?

- Гадоў дванаццаць, зь лета вучуся на першым курсе.

А вось стаўленьне да альтэрнатыўнае службы сямейнае пары, якая памятае Другую сусьветную вайну.

Кабета: - Все молодые люди должны пройти школу.

Мужчына: - Нет! Нужен закон про альтернативную службу. Но альтернативная служба должна быть службой: госпитали, больницы и т.д. Там, где люди тяжело работают, но не берут в руки оружие.

Акцыя скончылася тым, што некалькі анархістаў паспрабавалі перадаць свае дэклярацыі непасрэдна працаўнікам Менскага абласнога ваенкамату:

- Там сказалі, што нас прыняць ня могуць. У іх, напэўна, перадсьвяточны банкет.

Антымілітарысты-анархісты вырашылі не выпрабоўваць лёс. Акцыя цягнулася ня больш за 20 хвілінаў. На разьвітаньне мы запыталіся, што будуць рабіць хлопцы ў выпадку варожага нападу на Беларусь:

- Калі раптам ворагі нападуць, мы, безумоўна, возьмем у рукі зброю й будзем абараняцца.

Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
,