Надзея Нікалаева,

Рэгістрацыя патэнцыяльных удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання распачнецца ў краіне 2 мая. Як расказаў нашаму карэспандэнту дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў, у сувязі з рашэннем урада аб пераносе ў маі рабочых дзён рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ не будзе весціся з 9 па 12 мая ўключна. Але па суботах (18, 25 мая і 1 чэрвеня) пункты рэгістрацыі будуць працаваць. 18 мая — з 9.00 да 19.00, а 25 мая і 1 чэрвеня — з 9.00 да 18.00.

— 1 чэрвеня — апошні дзень рэгістрацыі, — нагадаў Мікалай Фяськоў. — А 2 ці 3 чэрвеня ні ў каго з тых, хто па нейкай прычыне спазніўся, дакументы прымацца ўжо не будуць. За месяц, які адводзіцца на рэгістрацыю на ЦТ, можна знайсці час, каб дайсці да бліжэйшага пункта. Калі забыўся — крыўдуй толькі на сябе і чакай наступнай прыёмнай кампаніі...

Для афармлення пропускаў на цэнтралізаванае тэсціраванне абітурыент можа звярнуцца ў любы пункт рэгістрацыі, прычым у любым горадзе (пункты рэгістрацыі можна знайсці на сайце rіkс.bу). Усе пункты падключаны да аўтаматызаванай сістэмы "Агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ". Сістэма працуе па прынцыпе "аднаго акна": сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Дазваляе падабраць абітурыенту найбольш зручнае для экзамену месца, нават калі той пажадае здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў іншым горадзе. Абітурыент можа завітаць у пункт рэгістрацыі ў Мінску і аформіць сабе пропуск для праходжання ЦТ у Гомелі або Гродне, ці, наадварот, звярнуцца, напрыклад, у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і зарэгістравацца там для здачы аднаго тэста ў Мінску, другога — у Гомелі, а трэцяга — у Брэсце.

На рэгістрацыю абітурыент павінен прыйсці з пашпартам або іншым дакументам, які засведчыць яго асобу. Такім дакументам з'яўляецца від на жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, які сведчыць асобу. Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку вадзіцельскае пасведчанне, для рэгістрацыі не падыходзяць. Не будуць прымацца і тлумачэнні накшталт "здаў пашпарт у пасольства для адкрыцця візы". Пра наяўнасць дакументаў трэба было паклапаціцца загадзя...

— Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць будучыя тэсты, ажыццяўляецца менавіта на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней на цэнтралізаваным тэсціраванні вобласць рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява, — папярэдзіў Мікалай Фяськоў.

Пры рэгістрацыі абітурыента папросяць таксама прад'явіць квітанцыю аб унясенні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ (яе памер не змяніўся і складае па-ранейшаму 10 тысяч рублёў) або дакумент аб праве на вызваленне ад унясення грошай (калі такое права існуе). Гэта можа быць пасведчанне інваліда, выпіска з медыцынскіх дакументаў, даведка аб месцы жыхарства і складзе сям'і, дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць статусу ў дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, пасведчанне аб праве на льготы асоб з сем'яў вайскоўцаў, работнікаў органаў МУС і г.д., якія загінулі ці сталі інвалідамі пры выкананні воінскіх і службовых абавязкаў.

Плата павінна пералічвацца на рахунак той навучальнай установы, на базе якой абітурыент будзе праходзіць тэсціраванне. Унесці плату можна ў любым з філіялаў Беларусбанка. Там жа можна атрымаць і інфармацыю аб банкаўскіх рэквізітах навучальных устаноў, вызначаных пунктамі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў 2013 годзе.

Для замежных грамадзян у парадку рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне зроблена адно важнае выключэнне: замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права зарэгістравацца не асабіста, а па пошце. Для гэтага ім трэба будзе накіраваць у пункт рэгістрацыі ксеракопію дакумента, які сведчыць іх асобу, і заяву, запоўненую па пэўнай форме (яе ўзор можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў rіkс.bу.) А квітанцыю аб унясенні платы за афармленне дакументаў і арыгінал дакумента, які сведчыць асобу, яны пакажуць ужо пры атрыманні пропуску. Галоўнае, каб дакументы прыйшлі па пошце не пазней за 1 чэрвеня — гэта значыць, не пазней за апошні дзень рэгістрацыі. Можна скарыстацца таксама і дапамогай сваякоў, якія пражываюць у Беларусі: тыя запоўняць заяву, аплацяць рэгістрацыйны ўзнос і пададуць у пункт рэгістрацыі ксеракопію дакумента, які сведчыць асобу будучага абітурыента.

Мікалай Фяськоў з задавальненнем адзначыў, што дзякуючы аўтаматызаванай сістэме рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне такое паняцце, як чэргі ў пункт рэгістрацыі, практычна знікла ў апошнія гады. Справа ў тым, што на ўнясенне ў сістэму ўсёй інфармацыі аб абітурыенце і афармленне пропуска ідзе, як правіла, не больш за 5 хвілін. Да таго ж, паколькі аператар запаўняе бланкі ў электронным варыянце, гэта выключае памылкі пры запаўненні бланка самім абітурыентам. Прычым праграма тут жа сігналізуе пра дапушчаную памылку, калі, напрыклад, аператар выпадкова набярэ няправільную колькасць сімвалаў у нумары пашпарта ці прапусціць нейкую графу. І нават калі абітурыент па дарозе згубіць свае пропускі, ён можа завітаць у любы пункт рэгістрацыі са сваім пашпартам, прычым у любым горадзе, каб атрымаць іх дублікат.

Як ужо паведамлялася раней, ніякіх прынцыповых карэкціровак у правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы сёлета было вырашана не ўносіць. Засталіся і льготы для пэўных катэгорый абітурыентаў, і асобны конкурс для навучэнцаў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі. Аднак быў павышаны ніжні парог тэставага бала для прэтэндэнтаў на вышэйшую адукацыю.

Для таго, каб мець магчымасць падаць дакументы ў ВНУ, абітурыенты павінны будуць набраць не менш як 10 балаў па рускай і беларускай мове, 15 балаў — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогі і 20 балаў — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах.

Станоўчыя значэнні тэставых балаў вызначаліся пасля аналізу вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання за два апошнія гады. Аналізаваўся працэнт выканання заданняў у тэстах і ўзровень складанасці заданняў, згодна са спецыфікацыямі па розных вучэбных прадметах, у адпаведнасці з якімі складаліся тэставыя заданні, а таксама праводзіўся аналіз вынікаў конкурснага адбору ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў 2011-м і 2012-м гадах. Паводле прагнозаў галоўнага адукацыйнага ведамства, каля 30% абітурыентаў могуць не дасягнуць устаноўленага парогу. Затое яны змогуць працягнуць навучанне ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Як сведчыць міжнародная практыка, праграму вышэйшай школы здольныя засвойваць толькі прыкладна 40% выпускнікоў школ. Між іншым, на ўваходзе ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўдзельнікам цэнтралізаванага тэсціравання дастаткова будзе набраць усяго 1 бал, што, безумоўна, можна лічыць вельмі ўмоўнай перашкодай.

Летась устаноўлены на цэнтралізаваным тэсціраванні парог у 7 тэставых балаў не змаглі пераадолець больш як 18 тысяч абітурыентаў ВНУ.
{banner_819}{banner_825}
-40%
-40%
-20%
-20%
-30%
-10%
-20%
-15%