Яўген Валошын,

Пасля ўрокаў педагог вымушаны пераўвасабляцца ў Бэтмана: рабіць працу і за сілавікоў, і за рабочых. Тым часам, загружаць настаўніка стымулюе закон. 

Перыядычна “Еўрарадыё” скардзяцца настаўнікі з розных рэгіёнаў Беларусі. Скаргі ― адны і тыя ж: замест урокаў даводзіцца пісаць горы папераў і займацца абавязкамі, далёкімі ад навучальнага працэсу.

“Мы не школа, а дом быту. Настаўнікі ходзяць па кватэрах, вядуць спісы дзяцей, якія нарадзіліся, ― распавядае Аляксандр Уладзіміравіч, педагог па фізкультуры з Маскоўскага раёна сталіцы. ― І сочым пасля гэтага, пайшлі яны навучацца ці не”.

Настаўнік абураецца, што яго калег загружаюць, як таго вярблюда ў караване, даводзіцца рабіць працу за іншыя ведамствы.

Аляксандр Уладзіміравіч: “Нядаўна прыйшоў запыт з РАУС па маім адрасе: “дзіця схільнае да бадзяжніцтва”, “маці вядзе антысацыяльны лад жыцця”. Высвятляецца, што таму дзіцяці ўсяго год з лішкам. Дык вось мы павінны хадзіць да гэтага дзіця, ледзь не з цыцкі яго карміць, сачыць, у якім стане ён знаходзіцца, уяўляеце? А нядаўна быў рэйд па нядбайных сем’ях. ЖЭС склаў “настойлівыя рэкамендацыі”, каб мы вялі, не паверыце, тлумачальную працу з неплацельшчыкамі і заклікалі іх пагашаць пазыкі за кватэру. Апроч гэтага, мы цяпер адну за адной сустракаем і праводзім праверкі: Камітэт адукацыі, раённы аддзел, Мінгарвыканкам, пажарнікі, санстанцыя… Рэвізораў цікавяць любыя дробязі, але не якасць адукацыі”, ― выказвае меркаванне педагог.

“У вечаровы час мы павінны па чарзе ўдзельнічаць у рэйдах па дыскатэках. Бацька каўтануў пляшку чарніла і ляжыць дома, а ты ідзі глядзі аб 11-й гадзіне, дзе яго дзіця ходзіць-гуляе, што яно робіць, ― пералічвае дадатковыя абавязкі Пётр Станіслававіч, педагог па геаграфіі з Мінскай вобласці. ― І калі нешта здараецца, то адразу ж вінаваты настаўнік. Гісторыя была летам. Каля адной з вёсак стаяў металічны прыпынак. Гэта канструкцыя звалілася на дзіця. Вінаватымі аказаліся камунальнікі. Але і класны кіраўнік дзіцяці атрымала вымову, што яна не правяла там нейкі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Улетку, уяўляеце? Класных кіраўнікоў, дарэчы, абавязваюць ісці ў кожную сям’ю, глядзець там тое, што павінны правяраць пажарнікі. А калі сям’я нядбайная, яшчэ і ў лядоўню зазіраць, ці мае дзіця што паесці, і правяраць наяўнасць дроваў…”

Кадр з праграмы Першага нацыянальнага тэлеканала, дзе настаўнікаў загружаюць новым абавязкам: дзяжурыць на нерэгуляваных дарожных пераходах у якасці стоп-мэнаў.

Настаўніца з Брэсцкай вобласці Яніна Пятроўна пагаджаецца са скаргамі сваіх калег. Але і на гэтым іх пералік не заканчваецца.

“Палітінфармацыю мы праводзім кожны панядзелак, усе настаўнікі павінны выйсці і вывесці дзяцей на свята, напрыклад, на Дзень Перамогі. Трэба праводзіць асобную работу з адоранымі дзецьмі, з хлопцамі і дзяўчатамі, якія маюць праблемы з міліцыяй. Трэба ўдзельнічаць у так званых працоўных дэсантах. Нядаўна каля нашай школы прыбіралі бетон і клалі новую плітку ― усе настаўнікі і некаторыя бацькі. І за гэта, вядома, нічога не заплацілі, ― разводзіць рукамі педагог. ― А калі нехта спрабуе змагацца, то чуе ад кіраўніцтва наступнае: “Не хочаце працаваць ― сыходзьце”. Гэта ж вельмі проста робіцца. Таму людзі ўсе маўчаць. У вёсцы працы мала”.

Калі чуеш ад педагогаў расповеды пра іх “працоўны крыж”, то і думкі не ўзнікае, што гэта нармальна. Замест таго, каб выводзіць беларускую адукацыю на належны узровень, даводзіцца закрываць педагогамі ўсе магчымыя дзюркі.

Кадр з праграмы Першага нацыянальнага тэлеканала, дзе настаўнікаў загружаюць новым абавязкам: дзяжурыць на нерэгуляваных дарожных пераходах у якасці стоп-мэнаў

Але самае дзіўнае, што дзейныя беларускія законы дазваляюць за бясплатна нагружаць беларускага настаўніка розным “шалупіннем”. І вось чаму:

“Працягласць працоўнага часу настаўніка складаецца не толькі з педагагічнай дзейнасці, але і з іншых службовых абавязкаў, ― тлумачыць дзейнае заканадаўства Валянціна Герасімовіч, загадчыца аддзелам сацыяльна-эканамічнай работы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. ― Праблема ў тым, што аплата вядзецца толькі за гадзіны педагагічнай дзейнасці. Іншая частка не аплачваецца”.

Стаўка настаўніка ― гэта 18 гадзін у тыдзень. Хоць звычайна педагогі працуюць на паўтары стаўкі і больш. А так званая скарочаная працягласць працоўнага часу ― 36 гадзін у тыдзень. Калі працуеш на адну стаўку, то дырэктар мае законнае права загружаць цябе іншай дзейнасцю яшчэ на 18 гадзін у тыдзень. Але часам педагогі скардзяцца, што кіраўніцтва выходзіць і за гэтыя межы, працягваюць патрабаваць і патрабаваць.

А ў якіх дакументах такія законы замацаваныя, цікавімся ў Валянціны Герасімовіч:

“Кваліфікацыйны даведнік быў у нас зацверджаны пастановай Міністэрства працы ад 28 кастрычніка 2001 года. У кастрычніку мінулага года ўносіліся дапаўненні і змены ў сувязі з тым, што ўступіў у сілу Кодэкс аб адукацыі.

Мы, прафсаюзы, каля двух гадоў ужо падымаем пытанне. Таму што зарплата педагогаў у нас вельмі нізкая. Нядаўна мы адправілі чарговыя лісты і ў парламент, і ў Савет міністраў, і ў Міністэрства адукацыі, і ў Федэрацыю прафсаюзаў. Мы, як прафсаюзы, кажам пра тое, што настаўніку трэба плаціць за ўсё, не толькі за педагагічную дзейнасць. І ў гэтым годзе гэта пытанне шырока мусіруецца. Але праблему неабходна вырашаць рашуча”.

-20%
-20%
-25%
-15%
-20%
-50%
-15%
0068422