Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Тое, што выйшла на паверхню, - толькі вяршыня айзбэргу. У Лукашэнкавых памагатых напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў папросту здаюць нэрвы. Паводле сацыёлягаў, падае папулярнасьць кіраўніка краіны ў народзе, таму й пачаліся пошукі вінаватых.

Першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі палкоўнік Уладзімер Замяталін у інтэрвію Інтэрфаксу выкрыў сапраўдную існасьць дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Івана Пашкевіча. Са словаў Замяталіна, былы камсамольскі работнік Пашкевіч "апранаецца ў тогу сяброў прэзыдэнта й палітолягаў-саветолягаў". Затым у чарговым інтэрвію Замяталін заявіў, што Пашкевіч цяпер "скінуў маску". Пашкевіч жа, зь меркаваньня Замяталіна, проста "правакатар". Пагэтаму першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Ўладзімер Замяталін папярэджвае: там, дзе сьвеціцца прозьвішча Івана Пашкевіча, патрэбна ставіць шыльду "Асьцярожна. Пажадана не чапаць. Правакатар".

Нагадаю: Іван Пашкевіч у свой час аказаў вялікую падтрымку Лукашэнку падчас разгону Вярхоўнага Савету, быў прызначаны намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, пазьней сышоў з Адміністрацыі й зноў стаў дэпутатам. Прычыны тлумачыць сам Іван Пашкевіч.

І.П.: - Няма сакрэту, што адна з прычын майго звальненьня з Адміністрацыі прэзыдэнта - гэта якраз тое, што прэзыдэнт краіны зноў запрасіў на працу ў Адміністрацыю Ўладзімера Замяталіна. У гэтай сытуацыі я быў проста вымушаны падаць прашэньне кіраўніку краіны аб тым, што я ня згодзен з такой сытуацыяй, і далей працаваць разам з Уладзімерам Пятровічам я ня маю рацыі.

Іван Пашкевіч сьцьвярджае, што Ўладзімер Замяталін ды памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў вінаваты ў апошніх правалах Аляксандра Лукашэнкі. Тут маюцца на ўвазе апошнія візыты ў Расею, абвастрэньне адносінаў з расейскімі электроннымі СМІ й беларускімі прафсаюзамі. На думку Пашкевіча, кіраўніка Беларусі "пастаянна падстаўляюць, на пачатку перадвыбарчай кампаніі дапушчаны шэраг бязглуздых памылак".

Цень падае найперш на Ўладзімера Замяталіна, які калісьці працаваў у выбарным штабе былога прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча. Пасьля правалу кебічаўскай каманды, ён перайшоў на бок Лукашэнкі й займаў шэраг розных пасадаў, зьвязаных зь ідэалёгіяй. Пашкевіч называе дзеяньні Замяталіна правакацыйнымі, якія спрыяюць, адпаведна, расколу ў грамадзтве й паніжэньню аўтарытэту ўлады. Іван Пашкевіч так тлумачыць прычыны непрыязнасьці да Ўладзімера Замяталіна.

І.П.: - Я працаваў у сыстэме ўлады. Гэта вышэйшы штаб кіраўніка краіны - Адміністрацыя прэзыдэнта. І шчыра кажу, што працаваў і стараўся працаваць вельмі добра на карысьць дзяржавы й прэзыдэнта, каб быў добры імідж кіраўніка дзяржавы ў вачох грамадзкасьці, беларускага народу. Але ў гэты час я працаваў побач з Уладзімерам Пятровічам, паколькі ён пасьля зыходу з Адміністрацыі прэзыдэнта ўзначальваў Камітэт па друку, пасьля быў віцэ-прэм'ерам ва Ўрадзе, і больш за тое, калі ён працаваў віцэ-прэм'ерам, то мая праца ў Адміністрацыі прэзыдэнта перасякалася зь ягонай вельмі часта. Больш за тое, Уладзімер Пятровіч, які павінен быў курыраваць і займацца справамі сацыяльнай абароны насельніцтва ў сілу адсутнасьці вопыту, навыкаў працы, аналізу, ён займаўся тым, што ён лепш ведае, -ідэалёгіяй. Мы вельмі перасякаліся. Але тое, што ён рабіў яшчэ тады, я лічыў, што гэта ідзе на разбурэньне беларускай грамадзкасьці, гэта супраць прэзыдэнта краіны. Гэта прадоўжылася вельмі доўга. Я не мог з гэтым і пагадзіцца, не мог зрабіць нешта й супраць, і таму я прыняў рашэньне сысьці з Адміністрацыі прэзыдэнта.

- Якую ролю цяпер адыгрывае Замяталін?

І.П.: - Канечне, прэзыдэнт краіны разьлічвае на яго станоўчую работу. Я падтрымліваў і хачу й надалей падтрымліваць Аляксандра Рыгоравіча, як і дзесяткі супрацоўнікаў Ураду, вэртыкалі. Але я бачу, чым бліжэй час "ікс", выбары прэзыдэнта, тым болей і болей на гэтым палітычным полі выбарчай кампаніі дапускаецца памылак, і гэтыя памылкі могуць прывесьці да трагедыі. Таму ня толькі мяне хвалюе гэта, але й тых дзесяткі чалавек, якія гатовыя аказваць дапамогу, ды для іх, як і для мяне, узьнікае пытаньне: а што ж робіцца. Пагэтаму ад імя гэтых людзей хтосьці й павінен быў першым паставіць пытаньне - а што ж робіцца? І я яго паставіў. Тое, што бруд зараз на мяне й тое, што ў газэтах будзе, - я гэта ведаў, гэта якраз у стылі працы Ўладзімера Пятровіча. Больш за тое, як працаваў тры гады ў Адміністрацыі прэзыдэнта, на мяне й тады навальваўся груд гразі, і ў дзяржаўных нават газэтах, і самае сьмешнае, што куратарствам гэтых газэт займаўся я, але за кожным гэтым брудам стаяў Уладзімер Пятровіч. Я ж лічыў, што ў той момант, калі я працаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта, ні ў якім разе нельга апускацца да барацьбы, да супрацьстаяньня двух чыноўнікаў, якіх на працу запрасіў прэзыдэнт краіны. Таму ў той момант ніхто, ні адна газэта - ні апазыцыйная, ні дзяржаўная - ні нават у прыватных размовах я ніколі не закранаў гэтую фамілію. Так і павінен сябе паводзіць дзяржаўны служачы. Але калі я там ужо не працую, але я зьвязаны нейкімі абавязкамі й з кіраўніком дзяржавы, то ў гэты момант ужо маўчаць нельга.

Тым часам Уладзімер Замяталін лічыць, што рэальная цана Івану Пашкевічу - гэта дзевяць галасоў яго калег-дэпутатаў, якія раптам вырашылі, што Пашкевіч можа заняць нейкую пасаду ў парлямэнцкіх структурах. Якая ж цана Ўладзімеру Замяталіну, чаму яго трымае Лукашэнка? Гэтае пытаньне да Івана Пашкевіча.

І.П.: - Гэта вельмі цікавае пытаньне, гэта яшчэ стане аналізам такога становішча. У мяне ёсьць свой пункт гледжаньня на гэта. Але я лічу, што гаварыць у гэтую палітычную сытуацыю, у перадвыбарчую кампанію, зараз нельга.

Што ж трымае ў сакрэце Іван Іванавіч? Магчыма, гэта стане вядомым толькі пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Цяпер ён ня хоча працягваць "брудную кампанію", распачатую ў дзяржаўных СМІ першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Уладзімерам Замяталіным.

Аляксандар Дашчынскі

Радыё Рацыя
0058648