Надзея ДРЫЛА,

Фото: ЗвяздаВось ужо больш чым паўгода прайшло, як Надзея Каткавец узначаліла Дэпартамент аграпрамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Маскве. За гэты час дала інтэрв'ю ўжо некалькім беларускім газетам (у тым ліку і "Звяздзе"), бо лічыць зносіны з журналістамі часткай сваёй працы. Калегі ж любяць экс-намесніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі за тое, што яна, акрамя "перасушанай" інфармацыі і лішку лічбаў, заўсёды знойдзе "жывое" слова і трапнае параўнанне... І з пачуццём гумару (якое, як прызналася сама Надзея Мікалаеўна, дапамагае наладжваць дзелавыя сувязі) у гэтай жанчыны-кіраўніка ўсё ў парадку.

"Чакайце. Буду праз гадзіну", — на поўным сур'ёзе адказвае на мой тэлефонны званок Надзея Каткавец... і праз секунду з'яўляецца з усмешкай у дзвярах гасціннага беларускага пасольства ў Маскве, дзе мы і пагутарылі за кубачкам кавы.

Пра ломку, заторы і наднацыянальныя інтарэсы

— Надзея Мікалаеўна, ці страшна вам было мяняць працу, месца жыхарства?

— Тое, чым я займалася апошнія два гады на пасадзе першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання (у складзе працоўнай групы ад Беларусі ўдзельнічала ў выпрацоўцы пагаднення ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. — Аўт.), плаўна перацякло ў цяперашнюю працу. Нескладана было ўнікнуць у задачы, якія стаяць перад дэпартаментам, бо яны выцякаюць з задач Мытнага саюза і ўжо прынятага пагаднення. Таму перамены прайшлі спакойна, у мяне не было абсалютна ніякай ломкі. Што датычыцца пераезду, то, натуральна, Мінск і Масква — усё ж такі розныя гарады. Але я ўжо паспела прызвычаіцца да затораў на маскоўскіх дарогах. Калі трэба хутчэй вырашыць пытанне — карыстаюся грамадскім транспартам. Мама захварэла, таму кожныя выхадныя лятаю дадому ў Мінск. І, каб не губляць час у дарозе, да аэрапорта дабіраюся на электрацягніку.

— Любіце лятаць?

— Не магу сказаць, што люблю. Але не баюся.

— А чаго баіцеся?

— (Задумваецца). Не ведаю. Не магу сказаць, што ёсць нешта такое відавочнае, чаго я баялася б. Не баюся вечарам прайсціся па горадзе. Спакойна застаюся адна ў кватэры...

— Не адчуваеце сябе адзінокай у чужым горадзе?

— З такім інтэнсіўным графікам жыцця і працы практычна не маю на гэта часу. А калі якая вольная хвіліна і з'яўляецца, тут жа знаходжу, чым сябе заняць. Дрэнна, што мы сустрэліся не ў мяне дома. Я б вам паказала, якія прыгожыя дываны мяне навучылі выбіваць (не вышываць, хоць вышываць я таксама ўмею) іголкай на тканіне. Мне дапамагае сяброўка: яна малюе контур карціны, а я затым па гэтым контуры наношу ніткі. Нядаўна аформіла ў рамку вялікую карціну з пальмамі, цяпер выбіваю лебедзяў.

— Ці цяжка было пераарыентавацца з нацыянальных інтарэсаў на наднацыянальныя?

— Не. Амаль 9 гадоў я прапрацавала намеснікам і першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. За гэты час папоўніўся не толькі мой багаж ведаў, але і багаж знаёмстваў. У любы момант магу патэлефанаваць былым калегам, намеснікам міністра, калі трэба — выйсці і на міністра па рашэнні нейкага вельмі важнага пытання. Ведаю міністраў, намеснікаў міністраў, начальнікаў галоўных упраўленняў, дырэктараў дэпартаментаў Казахстана і Расіі. Калі ўзнікае неабходнасць, тэлефаную ім, каб пракансультавацца з імі. І ніколькі не саромеюся гэтага. Я вельмі кантактны чалавек, лёгка знаходжу агульную мову з людзьмі. Гэта якасць дапамагае мне і на новай пасадзе.

— А як часта цяпер даводзіцца ездзіць у камандзіроўкі?

— Камандзіровак, вядома ж, ніхто не адмяняў. Па-мойму, нельга, седзячы ў кабінеце, зразумець, што ўсё, што ты робіш, правільна. Больш глыбока ўнікнуць у сутнасць справы лягчэй на месцы. Мы ў дэпартаменце распрацоўваем прававыя нормы, якія пасля будуць прымяняцца на месцах. Таму трэба выязджаць туды, размаўляць з бізнэсменамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. За 6 месяцаў я толькі ў Астане была ўжо двойчы. Вельмі важна, каб наша работа не ішла ў разрэз з той палітыкай, якая вядзецца краінамі-ўдзельніцамі Мытнага саюза. Наадварот, яна павінна аб'яднаць і памножыць той патэнцыял, які мае кожная з трох краін.

Падчас Еўразійскага форуму агароднікаў

Пра стараннасць, агуркі і дастойную зарплату

— Што са зробленага на мінулай пасадзе — асаблівая нагода для гонару?

— У міністэрстве я, вядома, не арала, не сеяла і не даіла. Мы з калегамі распрацоўвалі неабходныя дакументы па субсідзіраванні сельскай гаспадаркі, па прыцягненні інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць... Імкнуліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для сельскагаспадарчых арганізацый. Думаю, што гэта ў нас атрымлівалася. Прынамсі, я старалася максімальна. Да сваёй працы заўсёды ставілася вельмі адказна. Курыравала ў міністэрстве такія сур'ёзныя кірункі як эканоміка, фінансы, знешнеэканамічная дзейнасць. Прыемна было назіраць, як з года ў год павялічваецца колькасць гаспадарак, якія эфектыўна працуюць.

— А якую задачу перад сабой ставіце цяпер?

— Выпрацаваць праект пагаднення пра ўзгодненую аграпрамысловую палітыку краін-удзельніц Мытнага саюза. Так, навошта сёння ў Беларусі вырошчваць цвёрдыя гатункі пшаніцы? Яны апрыёры не вырастуць, бо глеба і ўмовы надвор'я для гэтай культуры не падыходзяць, чаго не скажаш пра Казахстан. Ці вытворчасць каніны... Гэта наогул нацыянальны прыярытэт нашых казахскіх партнёраў. Затое ў Столінскім раёне перавытворчасць з агуркамі. Такая ж сітуацыя з гароднінай і ў Падмаскоўі. А ў тым жа Казахстане такой прадукцыі не хапае. Усё гэта трэба ўлічыць і звесці ў адзіным пагадненні. Чым больш эфектыўна будзе выкарыстоўвацца патэнцыял Мытнага саюза па ўсіх кірунках, тым больш упэўнена мы будзем адчуваць сябе ў сусветнай эканамічнай прасторы. Пераканана, што калі будзем працаваць разам, то зможам не толькі забяспечваць сельгаспрадукцыяй па прымальных цэнах сваё насельніцтва, але і выступаць адзіным магутным пастаўшчыком сельгаспрадуктаў на сусветныя рынкі, усталёўваць сусветныя цэны.

— Як чалавек, які шмат гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, якой вы бачыце будучыню беларускай вёскі?

— Усё менш і менш людзей хоча жыць у вёсцы, працаваць у сельскай гаспадарцы. Праблема гэтая характэрна не толькі для нашай з вамі радзімы. Але Беларусь у гэтым плане рухаецца ў правільным кірунку: на мой погляд, нічога лепшага, нічога разумнейшага за аграгарадкі нельга было прыдумаць. Бо населены пункт без добрых дарог, сувязі, без крам, без культурных устаноў, школ не мае будучыні. Будучыня ж АПК, на мой погляд, за сельгасарганізацыямі, якія і далей павінны працягваць узбуйняцца, за прагрэсіўнымі тэхналогіямі і сур'ёзна абучанымі маладымі кадрамі. А яны сёння патрабуюць не толькі дастойнай зарплаты, але і камфортных умоў жыцця. Гэта правільна. Жанчына ў вёсцы павінна мець магчымасць і ў кіно схадзіць, і манікюр зрабіць, і прычоску... А не быць, прабачце за параўнанне, "ламавіком".

Пра Ясельду, вялікую гаспадарку і Івана Грознага


— Сябе вы адчуваеце вясковай жанчынай або гараджанкай?

— Адназначна, вясковай. Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Большую частку свядомага жыцця адпрацавала ў сельскай мясцовасці: эканамістам, бухгалтарам, старшынёй гаспадарак. І толькі апошні час я ўмоўна гарадскі жыхар. Бо і лад жыцця, і праблемы, і працоўныя моманты — усё адназначна звязана з вёскай. Мая мама жыве пад Мінскам, у вёсцы Атоліна. І я, хоць і маю кватэру ў Мінску, усё роўна на выхадныя прыязджаю менавіта туды. Часта бываем мы і ў бацькоўскім доме ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Там такая цудоўная прырода! Побач з вёскай два возеры з чыстай вадой. На адным з іх дагэтуль жывуць лебедзі. Недалёка лес, рака Ясельда.

— Раскажыце пра сваіх бацькоў.

— Тата памёр 6 гадоў таму. Маме 76 гадоў сёлета споўнілася.

— Бацькі ўсё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы?

— Так, мама працавала ў калгасе даяркай, тата — жывёлаводам на ферме. І дома ў нас, колькі сябе памятаю, была вялікая гаспадарка. Мы з братам змалку дапамагалі бацькам. І сёння, калі прыязджаю па выхадных, з задавальненнем дапамагаю маме садзіць і капаць бульбу. Яна дагэтуль трымае і парася, і курэй, бо па-іншаму ўжо не можа.

— Кім хацелі стаць у дзяцінстве і якую ролю бацькі адыгралі ў вашым выбары?

— Мне вельмі падабаецца гісторыя. У любым праяўленні: і музеі, і фільмы, і кнігі. У мяне і цяпер каля ложка на тумбачцы ляжыць кніжка пра Івана Грознага. Жартую, што, калі пайду на пенсію, мабыць, перавучуся і буду экскурсаводам музея Вялікай Айчыннай вайны (усміхаецца). І паступаць пасля школы хацела на гістфак Брэсцкага педінстытута. Але дзякуючы аднаму моманту маё жыццё выруліла ў зусім іншым кірунку. Калі я заканчвала 10 клас, да нас у школу прыехаў выкладчык з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. І агітаваў паступаць у Горкі. Такім чынам я разам з яшчэ трыма аднакласнікамі апынулася ў сельгасакадэміі. Бацькі тут мне не ўказвалі. Гэта было выключна маё рашэнне. І яно аказалася правільным. Цяпер ні аб чым не шкадую. Я вельмі люблю сваю работу.

— Цяпер большасць вясковай моладзі прагне пераехаць у горад. Няўжо вас ніколі не пужала перспектыва застацца жыць і працаваць у вёсцы?

— Штодзень па дарозе ў школу і са школы я праходзіла каля адміністрацыі мясцовага калгаса. У той час там галоўным эканамістам працавала Еўдакія Кандзярэшка. Я ішла і ўяўляла сябе ў ролі Еўдакіі Міхайлаўны. Тады я, вясковая дзяўчына, пра большае і марыць не магла (усміхаецца).

Фото: Звязда

Пра піражкі, нявестак і мужчынскі характар

— А ў кватэры ў вас ёсць любімае месца?

— Так, кухня. Я люблю гатаваць.

— І што лепш за ўсё атрымліваецца?

— Калі часу мала, то раблю сырнікі, мучныя бліны. Рыбу можна вельмі хутка запячы ў духоўцы. А калі ёсць час, то я займаюся піражкамі. Мае дзеці вам могуць расказаць. Я замешваю шмат дражджавога цеста і начыняю яго тым, што ёсць пад рукамі. Сасіскамі, варанай каўбасой, тушанай капустай, варэннем, згушчонкай... Прыгожыя такія атрымліваюцца. Па вялікіх талерках іх раскладаю і, калі ласка, хто з чым любіць, частуйцеся. Таксама люблю даглядаць дэкаратыўныя кветкі. У мяне ў гарадской кватэры каля двух дзясяткаў вялікіх падлогавых вазонаў з імі.

— Затое ўжо дарыць іх ёсць каму: наколькі я ведаю, у вас ажно чатыры сыны.

— Тры сыны ў мяне жанатыя, яны ўжо атрымалі вышэйшую адукацыю. Малодшаму ж, Сяргею, 22. Ён студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

— А прафесіі старэйшых сыноў звязаны з сельскай гаспадаркай?

— Андрэй у мяне інжынер-землеўпарадчык. Ён жыве ў вёсцы Атоліна, вельмі шмат бабулі дапамагае. Разам яны ўпраўляюцца з хатняй гаспадаркай. Аляксей, як і я, эканаміст сельгасвытворчасці, працуе ў сельскагаспадарчай арганізацыі нашага інвестара з Германіі ў Смалявіцкім раёне. Віталь — інжынер-механік. Працуе ў Белаграсэрвісе. Сваёй працай задаволены больш за братоў. Сяргей, калі адвучыцца, таксама будзе інжынерам-механікам.

— Лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— (Не раздумваючы). Так.

— Што для вас шчасце?

— Усё тое, што мяне акружае. Бытавыя ўмовы ў мяне добрыя. Мая праца мне падабаецца. Я з задавальненнем іду на працу. Калі прылятаю дадому, мяне заўсёды сустракаюць сыны, нявесткі, унукі. Сям'я ў мяне вялікая і дружная. Што яшчэ трэба для шчасця?

— Вы добрая свякроў?

— Калі ў сем'ях маіх дзяцей узнікае нейкае непаразуменне, я заўсёды на баку сваіх нявестак. І ўпэўнена, што гэта правільная пазіцыя.

— А кіраўнік?

— Лічу, што працоўная дысцыпліна пачынаецца з сябе. У мяне матэматычны склад розуму і мужчынскі склад характару. Ніколі не стану ў калектыве абмяркоўваць падначаленага негатыўна. Калі пра некага і гаворым, то толькі ў наступным плане: "У чалавека бяда — можа, яму трэба нечым дапамагчы".

— Якое пытанне хацелі пачуць ад мяне?

— Так адразу і не скажаш. Давайце дамовімся, што пройдзе нейкі час, і мы зноў сустрэнемся. Напрыклад, пасля Новага года.

Фота Ігара Козела і з асабістага архіва Надзеі Каткавец

Р.S. Аўтар выказвае падзяку супрацоўнікам Пасольства Беларусі ў Расіі за дапамогу ў арганізацыі інтэрв'ю.
 
-30%
-10%
-60%
-70%
-20%
-26%
-20%
-15%
0066771