Зміцер Панкавец,

Андрэй Гайдукоў. Фота з сацыяльных сетак
Андрэй Гайдукоў. Фота з сацыяльных сетак
8 лістапада ў Віцебску быў затрыманы намеснік кіраўніка моладзевай суполкі "Саюз маладых інтэлектуалаў" Андрэй Гайдукоў. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ "Амерыканцы".

Цікава, што пра дзейнасць Саюза раней нічога не было чуваць.

Паводле наяўнай, абрыўкавай інфармацыі, КДБ абвінавачвае маладога актывіста ў намеры заключыць пагадненне з амерыканскімі спецслужбамі (ЦРУ). Гайдукова абвінавачваюць па артыкуле 356 "Здрада Радзіме". Гэта ад 7 да 15 гадоў турмы. Хоць спачатку абавіначвалі па артыкуле 356 частка 1 "Усталяванне супрацоўніцтва са спецслужбай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы". Паводле гэтага, можна атрымаць не больш за два гады.

Што такое "Саюз маладых інтэлектуалаў"? Старшыня арганізацыі Яўген Канстанцінаў кажа:

"Мы ўтварыліся тры гады таму, летась удзельнічалі ў Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі. Хаця найперш мы грамадска-культурніцкая арганізацыя. Ствараем платформу для партыі інтэлектуалаў".

Яўген Канстанцінаў называе абвінавачанні супраць Гайдукова абсурдным. "Гэта трызненне. Ён не вучоны, не вайсковец, не разведчык. Ён нават не ведае англійскай мовы, у школе вывучаў нямецкую".

Андрэй Гайдукоў працаваў звычайным слесарам на заводзе "Нафтан" у Наваполацку. Навучаўся ва ўніверсітэце завочна.

Мама Андрэя Гайдукова Вольга Пятроўна кажа: "Вядома, у сына быў свой пункт гледжання на ўсё. Ягонае затрыманне — ці звычайнае глупства, ці падстава".

Жанчына кажа, што 8 лістапада ў іх дома прайшоў ператрус. Канфіскавалі кампутары, тэлефоны. Учора яна разам з Яўгенам Канстанцінавым ездзіла ў Мінск, каб перадаць сыну неабходныя рэчы.

"Цяпер у яго дзяржаўны адвакат, але шукае іншага. Тут вельмі цяжка, бо гэта не маёмасныя справы, напрыклад. У гэтай сферы знайсці спецыяліста не так і лёгка", — кажа Вольга Пятроўна.

Дарэчы, Яўген Гайдукоў не быў сябрам Хрысціянскай дэмакратыі. "Я некалькі разоў з ім размаўляла па тэлефоне, але ён не далучаўся да нашага аргкамітэта", — кажа кардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.

Затое ў БХД быў Ілля Барысаў з Полацка, якога таксама затрымлівалі па гэтай справе 8 лістапада. "Дамовіўся з сябром, што ён пераначуе ў мяне, яму трэба было некуды ехаць, а я жыву побач з вакзалам. Чую званок у дзверы адчыняў. Стаяць невядомыя мужчыны. Кажуць, з КДБ. Разам з імі былі два студэнты — панятыя".

У Іллі Барысава дома канфіскавалі дыскі, флэшкі, як звязаныя з "Саюзам маладых інтэлектуалаў", так і з БХД. Сярод іх былі і заклікі на Плошчу-2010.

"Надзелі наручнікі, кінулі на задняе сядзенне машыны. Спачатку адвезлі ў Наваполацк, там яшчэ раз правялі асабісты надгляд, а потым павезлі ў Мінск", — кажа Ілля Барысаў.

У сталіцы яны былі бліжэй да гадзіны ночы.

"Павялі мяне з наручнікамі некуды наверх. Казалі, каб не паварочваў галаву. Мне здалося, што там бачыў Гайдукова ў апошні раз. Прывялі да следчага, быў допыт. Не магу сказаць, што на ім было [даў падпіску аб неразгалошванні]. Мне паказалі доказы супраць Гайдукова. Доказы не пісьмовыя. Але там усё вельмі сур’ёзна. Біць не білі, але псіхалагічны ціск быў".

Хлопец кажа, што пасля допыту яго выставілі з будынка. "Я злавіў таксі і папрасіў, каб давезлі да кальцавой. Заплаціў сто тысяч. Лавіў папуткі, яны ўвайшлі ў маю сітуацыю і нават не ўзялі грошай. Прыехаў дадому, прыняў душ і нават да 8-й раніцы паспеў на працу".

Ілля Барысаў працуе ў сістэме ЖКГ Полацка. "На наступны дзень на працу прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Казалі, што Гайдукоў мяне здаў. Магчыма, гэта ў іх такі псіхалагічны трук, але мне ўзгадалася апошняя размова з Гайдуковым, дзе той казаў: "Калі што, я цябе таксама за сабой пацягну".

Пакуль што Ілля Барысаў адмаўляецца паведамляць, у якім статусе ён знаходзіцца. Таксама і мама Андрэя Гайдукова не ведае, на колькі дзён яе сын узяты пад варту.

-50%
-50%
-15%
-20%
-30%
-20%
-10%
-33%
-75%
-25%