Арцём Мартыновіч,

Але ўжо два студэнты забралі дакументы, бо зразумелі, што “абралі не тую спецыяльнасць”.



Павел Вярбіцкі паступіў на фізічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка з 88 баламі па тэстах і атэстаце. Да сесіі хлопец не давучыўся. 
 
Павел Вярбіцкі: “Не маё гэта, няма здольнасцяў. Можа ў наступным годзе ў музычнае паступлю. Я займаюся фізікай, прымяняю, калі з камп'ютарамі важуся. Калі б здолеў, вучыўся б”, — тлумачыць былы студэнт. 
 
Як даведалася Еўрарадыё, на фізфаку БДПУ такіх ужо двое і яшчэ трэці збіраецца сысці. "Абіраюць не сваю спецыяльнасць", — стандартна тлумачаць у дэканаце. І ўпэўніваюць, што тыя сыходзяць самі. 
 
“Адзін літаральна сёння забраў дакументы. У яго адносіны былі, як у школьніка. Напрыклад, спазняецца на лекцыю, яго просяць заяву напісаць, чаму спазніўся. Гэта ж не школа, што пайшоў да дырэктара і той усё прабачыў. Яму не спадабалася. А іншы — паступіў і кажа, што не туды”, — расказваюць у дэканаце.
 
І дадаюць, што летась на сесіі хацелася адлічыць палову, цяпер толькі 20% за першыя сесіі. Гэта прагрэс! 
 
Дзіўна, але на факультэце вучыцца хлопец, які набраў… 85 балаў з тэстаў і атэстата. Трымаецца! Няўжо стане настаўнікам фізікі ў школе?
 
У Полацкім дзяржаўным універсітэце на машынабудаўнічым дакументы забралі ўжо двое першакурснікаў. Адзін меў добры бал атэстата, з дакорам заўважаюць у дэканаце. 
 
“Матывавалі тым, што абралі не тую спецыяльнасць. Адзін хлопец добра ў школе займаўся і высокі атэстат быў. Але ён сам усё закінуў, вырашыў, што не яго спецыяльнасць. Калі кідаюць, то ў іх амаль усе гадзіны прапушчаныя. Значыць, адразу вырашылі, што не будуць вучыцца”, — гавораць у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
 
Бралі з нізкім балам і на фізічны факультэт Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна: можна было паступіць з 87 баламі. І тут, дарэчы, яшчэ нікога не паспелі адлічыць. 
 
“Сесія пакажа вынікі. У нас навучаюцца тыя, хто хоча. Калі не хоча, тады, вядома, мы не можам навучыць”, — даводзяць у дэканаце фізічнага.
 
А вось з факультэта міжнародных адносінаў БДУ (прахадны вышэй за 300 балаў) да сесіі не сыходзяць. Бо адразу вызначаюцца з будучай прафесіяй.
 
"Не магу прыгадаць, каб у кастрычніку-лістападзе забіралі дакументы. Бо нашыя абітурыенты ўзважана прымаюць рашэнні: высокі прахадны",— кажуць на факультэце міжнародных адносінаў.
 
Няма адлічаных і на факультэце міліцыі Акадэміі МУС. 
 
“Такія выпадкі, каб адлічваліся да сесіі, у нас вельмі рэдка здараюцца”, — адказваюць у гэтай ВНУ. 
 
Нагадаем, да сесіі выключыць могуць, калі ў студэнта месяц прагулаў, ці калі ён сам захоча забраць дакументы.
-10%
-10%
-51%
-50%
-20%
-46%
-10%
-20%
-21%
-50%
0066814