Ксенія Ельяшэвіч,

Ужо некалькі год жыхары невялікай вёскі Гердуцішкі Маладзечанскага раёна змагаюцца за свой мост праз Беразіну. Пераправа, якой забяспечваецца сувязь з “цывілізацыяй”, з кожным днём становіцца ўсё больш і больш небяспечнай. А пакуль чыноўнікі вырашаюць “хто вінаваты”, драўляныя канструкцыі маста працягваюць гніць. І першыя “званочкі” аб магчымай трагедыі ўжо ёсць.

У ноч на 22 жніўня ў вёсцы загарэлася хата. Суседка адразу выклікала ратавальнікаў, але калі яны прыехалі, дах дома ужо праваліўся ўнутр. Два чалавекі – гаспадар хаты ды яго сястра згарэлі жыўцом. Як расказвалі потым сяльчане, за жыццё людзей яшчэ можна было змагацца, калі б не мост. Да вескі падыходзяць дзве дарогі. Адна з іх – праз рэчку. Гэты шлях спачатку і абралі ратавальнікі. Але пад’ехаўшы да Бярэзіны яны былі вымушаныя развярнуць сваю машыну ды ехаць у аб’езд – ужо ненадзейныя канструкцыі пераправы маглі б не вытрымаць цяжкой тэхнікі. Час быў згублены. І хоць тут складана ды, можа, неправільна шукаць вінаватых, але людзі загінулі.

Як Дачнік стаў тутэйшым


- Гэтым пытаннем я займаюся даўно. Два гады хіба, можа, ужо нават і тры з паловай! Звяртаўся ў розныя інстанцыі – пачынаючы ад старшыні сельскага савета, старшыні райвыканкама, пракурора Маладзечанскага раёна, старшыні аблвыканкама, рэзідэнцыю прэзідэнта. Пісаў вельмі шмат лістоў, сустракаўся з людзьмі. Але ўсе звароты застаюцца без выніку на сённяшні дзень, - расказвае мясцовы жыхар Анатоль Любчанка. У вёсцы сяляне яго клічуць Дачнікам, бо сам ён не тутэйшы, жыў раней у Мінску, але адносна нядаўна купіў тут участак ды пабудаваў лецішча.Але негледзячы на вядомы стэрыатып “прыезджы”, ён не абыякава ставіцца да таго што адбываецца ў вёсцы ды бадай адзіны хто зараз змагаецца за інтарэсы вяскоўцаў.

Мост быў пабудаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму за кошт КСУП “Сасноўка Агра”. Пераправа сапраўды была вельмі патрэбная, таму рабілі яе самі сяляне, як кажуць, “талакой”. Такім чынам з’явіўся пераход да электрычак, сувязь з дарогай на Аляхновічы і Маладзечна. Школьнікі маглі дабрацца да аўтобусу, што вёз іх на заняткі. Ну і самае патрэбнае для забеспячэння нармальна жыцця вёскі – цяпер праз мост магла праязджаць аўталаўка, хуткая дапамога ды пажарная служба.

На мосце быў зроблены драўляны насціл. Вядома, з цягам часу ён станавіўся непрыдатным і ўрэшце рэшт кожны раз прыходзілася рабіць рамонт сваімі сіламі. Але з кожным годам гэта было ўсё складаней і складаней. Зараз у вёсцы засталіся амаль адныя старыкі, якія ўжо не маюць тых сілаў, каб рэмантаваць мост самім. Здавалася б – калі так, то дзяржава старыкам-та дапаможа? Тым больш калі зараз мы так шмат чуем пра падтрымку сяла.

Але ўжо колькі год жыхары Гердуцішак змагаюцца за свой мост – а ўсё безвынікова.

“Нічыйны” мост

Праблема ўся – як бы парадаксальна гэта не гучала – у даўнішняй ініцыятыве саміх вяскоўцаў. “Не ўстаноўленая балансавая прыналежнасць аб’екта” – гэтак іншымі словамі можна сказаць, што мост цяпер нікому не належыць, а значыць - і ніхто за яго не адказвае.

- Адныя толькі абяцанні. Старшыня аблвыканкаму даслаў мне некалькі адказаў быццам бы гэты мост даручана ўзяць на балансавую прыналежнасць Маладзечанскаму райвыканкаму. Але воз і дагэтуль там застаецца. Гэта было ў 2010 годзе, - працягвае Анатоль Любчанка. - Яны паведамлялі нібы “прымуць меры”, але, на жаль, і дагэтуль ніякіх дзейных мер не зроблена. У мінулым годзе зноў жа сіламі сялян быў праведзены рамонт – паклалі некалькі дошак, балак. Дошкі, як вы самі бачаце – гніюць ужо. А зімой можа ўжо і балкі пачнуць гніць ды правальвацца. Быў увогуле такі крытычны стан маста, казаў ім: вы злодзеі! Не сёння, дык заўтра туды нехта праваліцца! Можа чый унук ці ўнучка, бацькі чые могуць зваліцца – дык будзе трагедыя сямейная! І ніякіх зрухаў, уяўляеце?! Гэта ўвогуле злачынства нейкае з боку мясцовых уладаў, у тым ліку старшыні аблвыканкаму. Я асабіста быў на прыёме, дзе мне абяцалі што прымуць меры і праінфармуюць мяне аб зробленым. Аднак на сённяшні дзень ніякіх дзейных мер не прынята. Ад райвыканкаму апасля гэтага не было ніякага адказу – увогуле ніякага “ни привета, ни ответа”. Абсалютна нічога.

А праз нейкі час Анатоль Аляксеевіч даведаўся, што мост вырашылі знесці. Тут ужо зусім проста: няма пераправы – няма і праблемы.

- Быў такі адказ ад пракуратуры, што рашэннем райвыканкама вырашана знесці мост, - кажа ён. - Маўляў, на балансе нідзе не стаіць, пабудаваны быў самастойна. Я ж ім адказваю – як ён мог быць пабудаваны самастойна, калі там стаяць прамысловай вытворчасці швелера (-металічныя канструкцыі). Адкуль селянін мог узяць прамысловыя швелера?! Тады ён быў пабудаваны сялянамі, пры дапамозе калгасу. Але не выключаю таго, што і пры ўдзеле сельсавету. Але ж навошта мост зносіць? Ён жа нам патрэбны! Потым выязджала каміссія, якая вызначыла што так, мост патрэбны як жыццёва неабходная артэрыя для забеспячэння побытавых умоў жыхароў гэтага населенага пункта. Было гэта ў тым годзе перад самым Новым годам. Тады прысутнічаў і дэпутат. Я пісаў у Палату прадстаўнікоў. Прыязджаў Сінякоў, прадстаўнік ад нашай выбарчай акругі. Я потым пытаўся – якая вашая роля тут? Каб вы прыехалі, пражэстукалявалі ўсё тут – а што пасля гэтага? Мост, які стаяў, такі і стаіць дагэтуль.

“Лятаючыя школьнікі”

“Перапіска” з уладамі цягнецца ўжо не першы год. Як прызнаецца Анатоль Любчанка, калі б ён збіраў усе гэтыя дакументы ў адным месцы, то атрымаўся бы гроссбух паўметровай таўшчыні:

- Разам са зваротам у аблвыканкам я накіроўваў і калектыўныя скаргі. Два разы. Два разы адпраўляў! Аднак ні ў першы, ні ў другі раз гэта нічога не дало. Проста непрабіўная сценка чыноўнікаў ды іхны бюракратычны апарат. Усе ездзяць – і пажарныя, і хуткая дапамога, і прыватны аўтатранспарт – усе ездзяць праз гэты мост. У сваіх адказах яны часта спасылаліся на тое, што праз гэты мост ніхто не едзіць. А што ж школьнікам? Хоць, можа, і адзін які школьнік, але яму трэба ісці праз мост. Што яму рабіць? Пералятаць праз яго?! Нават калі нейкія каміссіі і прыязджаюць – то яны ж людзей не клічуць! Баяцца, баяцца што людзі злавацца будуць, благіх слоў нагавораць.

“Будзе труп - тады прыедзем!”

Дагэтуль мост знаходзіцца ў ненадзейным стане, хаця машыны працягваюць праз яго рух. Спрацоўвае вядомае “авось пранясе”. Праўда, як кажуць самі сяляне, выпадкі таго, як машыны амаль не падалі з гэтага маста былі, і не адзінкавыя.

Але, на жаль, ніякіх канктрэтных мер датычна гэтай пераправы дагэтуль не зроблена. Пакуль жа мост, як кажа Анатоль Любчанка, цікавіць толькі саміх жыхароў:

- Раз паспрабаваў звярнуцца на гарачую лінію аднаго з беларускіх тэлеканалаў. Ведаеце, што мне там адказалі? Прамым тэкстам: калі будзе труп – тады мы прыедзем. Дык я кажу: мадам, вы зусім там абалдзелі?!

У такой сітуацыі застаецца толькі спадзявацца на сумленне чыноўнікаў, якія не стануць кіравацца ў гэтым пытаннні тым жа прынцыпам. На час выхада матэрыяла атрымаць афіцыйны каментар ад Маладзечанскага райвыканкама так і не атрымалася.

-10%
-5%
-10%
-20%
-40%
-20%
-10%
0070663