Яўген Валошын,

Фото с сайта vk.com
Фото с сайта vk.com
Якава Навуменку смяротна траўмавалі 19 жніўня, аднак украінскія следчыя органы пачалі з размахам шукаць зламысніка толькі на наступны дзень пасля яго смерці - 27 жніўня: пра трагедыю напісалі СМІ. На той момант з часу нанясення смяротных пабояў прайшло восем дзён.

Затрымаць зламысніка па гарачых слядах, як відаць, не ўдалося.

Толькі праз восем дзён пасля здарэння сайт севастопальскай міліцыі змясціў паведамленне пра тое, што па факце забойства распачата крымінальная справа і вядуцца пошукі зламысніка. Яшчэ праз дзень - пра тое, што праваахоўнікі шукаюць відавочцаў здарэння. Тады ж справу пад асабісты кантроль узяў пракурор горада.

Ад таго часу мінулі амаль тры тыдні. Тэлефануем у міліцыю Севастопаля і спрабуем даведацца, ці затрыманы забойца Якава Навуменкі.

“Ідзе следства, пакуль я не магу агучыць гэту інфармацыю”, - кажа прэс-сакратар Упраўлення МУС Украіны па горадзе Севастопалі Алена Фроляк.

Нягледзячы на сціплыя паведамленні міліцыі, зразумела, што ўкраінскія праваахоўнікі папросту не ведаюць, хто забойца і з якіх матываў ён траўмаваў Якава Навуменку.

“Ёсць некалькі версій, і кожная з іх адпрацоўваецца”
, - падсумоўвае Алена Фроляк.

Ці складана знайсці забойцу, які так “наслядзіў” у люднай частцы горада? Да прыкладу, беларускія праваахоўнікі часта вылічваюць людзей пры дапамозе мабільных тэлефонаў, відэакамер і гэтак далей.

Але шырока шукаць сведак севастопальскія праваахоўнікі пачалі, як відаць, занадта позна.

“Злачынства здарылася на тэрыторыі Украіны, расследаваннем гэтай справы займаюцца праваахоўныя органы гэтай краіны. Па прававую дапамогу яны да нас не звярталіся, - паведамляе начальнік аддзела інфармацыі Следчага камітэта Беларусі Павел Траулька. - У выпадку такога звароту мы акажам поўную і ўсебаковую дапамогу. Такая міжнародная практыка і такія законы”.

Сын Якава Навуменкі Ціхан па-ранейшаму адмаўляецца распавядаць пра тое, што здарылася вечарам 19 жніўня на Плошчы Нахімава.

“Размаўляў я з Ціханам, ён сказаў, што няма жадання ні з кім мець зносіны па гэтым пытанні, - кажа Еўрарадыё блізкі сябар Ціхана Навуменкі Сяргей Цароў. - Я яму задаў пытанне: “Ціша, ну як там?” Ён сказаў: “Сяргей, людзі працуюць, няхай працуюць”. Як яны працуюць - гэта іншае пытанне. Але пакуль ні з кім размаўляць ён не хоча”.

Еўрарадыё паведамляла пра акалічнасці здарэння на Плошчы Нахімава, якое скончылася смерцю нашага спевака. Па сутнасці гэтыя звесткі праз пэўны час пацвердзілі ў севастопальскай міліцыі. Якаў Навуменка разам з сынам прыбыў да Плошчы Нахімава катарам. Вядома, што беларусы далучыліся да натоўпу разявак, якія слухалі выступленне скрыпача. Скончылася сітуацыя канфліктам: Якава Навуменку смяротна траўмаваў “невядомы”.

Па чутках, наш спявак упаў падчас штурханіны і стукнуўся галавой. Але, як паведамілі Еўрарадыё ў гарадской бальніцы №2 Севастопаля, у рэанімацыю выклікалі ўрача з аддзялення сківічна-тварнай хірургіі: Якаву Навуменку зашывалі моцна рассечаную губу. Выходзіць, што беларускага артыста збівалі па-сапраўднаму і жорстка.

Але ці будзе знойдзены зламыснік і ці шукаюць яго на поўную моц - гэта пытанне.
-20%
-25%
-20%
-20%
-35%
-30%
-60%