Зміцер Лукашук,

Еўрарадыё цікавіцца лёсам унесеных у “чорны спіс” ЕС старшынь выбарчых камісій, якія на сёлетніх выбарах працаваць не будуць.
 

Мікалай Мяцеліца
— адзін з рэкардсменаў па праведзеных выбарчых кампаніях. І ўсё на пасадзе старшыні альбо акруговай, альбо тэрытарыяльнай камісіі. Дзевяць выбарчых кампаній ён паспеў правесці ад першых прэзідэнцкіх выбраў у 1994 годзе. Пасля выбараў 2006 года яго ўнеслі ў “чорныя спісы” Еўрасаюза. Тады ж скончылася і яго “выбарчая” кар’ера.

Мікалай Мяцеліца: “У мяне ІІ група інваліднасці, мне аперацыю на сэрца зрабілі і я па стане здароўя... Не, ну, у камісіі яшчэ і можна было б быць, але быць старшынёй я б ужо ні ў якім разе не пагадзіўся б, бо гэта нервовая і напружаная праца. Карацей, я па стане свайго здароўя ўжо не мог выконваць гэтыя абавязкі”.

Тым не менш на сёлетніх парламенцкіх выбарах Мікалай Мяцеліца будзе прысутнічаць на адным з выбарчых участкаў назіральнікам ад грамадскага аб’яднання. Што да ўключэння ў спіс неўязных, то, упэўнівае былы старшыня камісіі, гэта ніяк на яго жыццё не паўплывала.

Мікалай Мяцеліца: “Я займаўся службай занятасці, быў начальнікам абласнога ўпраўлення — мне давялося ў Амерыцы пабываць, тры разы ў Галандыі, у Польшчы, у Нямеччыне па службе. Таму тое, што мяне ўключылі... У мяне пасля таго, як унеслі, не было ні магчымасці, ні неабходнасці бываць за мяжой. Таму гэта на мяне, шчыра скажу, ніяк не паўплывала”.

Найбольш крыўдным Мікалай Мяцеліца лічыць тое, што і пасля таго як ён стаў і працоўным, і “выбарчым” пенсіянерам, працягвае заставацца ў “чорным спісе”. І дадае: ніколі не думаў, каб абскардзіць гэта рашэнне еўрачыноўнікаў. Маўляў — бессэнсоўна “гуляць у гэтую лаянку палітычную на міжнародным узроўні”.

Былога старшыню Магілёўскай рэгіянальнай выбарчай камісіі Валерыя Бярэстава зрабілі неўязным пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Сёння ён — начальнік галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці. Як статыст ён ведае — лепш за ўсё адпачываць на радзіме.

“Паколькі я ніколі не збіраўся, ды і сёння не збіраюся, выязджаць у краіны Еўрасаюза, то на мае жыццёвыя абставіны гэта ніяк адмоўна не паўплывала!” — кажа Валерый Бярэстаў, якога ЕС вінаваціць у фальсіфікацыі выбараў.

Дарэчы, ён і сёння — старшыня абласной выбарчай камісіі ў запасе. У запасе ад мясцовых выбараў 2008 года. І калі раптам хтосьці з сённяшніх дэпутатаў Магілёўскага аблсавета датэрмінова складзе свае паўнамоцтвы — будзе арганізоўваць выбары новага.

Мікалай Мяцеліца ўпэўнены, што неўязным яго зрабілі беспадстаўна, проста за кампанію. Ад бяссілля, дадае Валерый Бярэстаў. Бо фальсіфікацыяй вынікаў выбараў ніхто з іх, сцвярджаюць у адзін голас, не займаўся. Больш за тое, упэўніваюць, што гэта ўвогуле немагчыма!

Валерый Бярэстаў: “Гэта ні практычна, ні тэарэтычна немагчыма! Пры такой колькасці назіральнікаў усіх узроўняў. У тым ліку, і ад БДІПЧ АБСЕ, Еўрасаюза і гэтак далей. Гэта практычна немагчыма, і ў гэтым, напэўна, няма неабходнасці”.

І дадаюць, што за сваё старшынства глядзець у вочы людзям ім не сорамна.
 
-30%
-50%
-10%
-30%
-10%
-10%
-10%
-15%
-15%
0070465