Наталля Касцюкевіч,

Цэнтральны сквер у горадзе Свіслач лепш за ўсё адлюстроўвае нашу неадназначную сітуацыю з манументальнымі помнікамі. Уявіце, там стаяць адразу чатыры скульптуры - Уладзіміру Леніну, Іосіфу Сталіну і кіраўнікам паўстання 1863-1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту... Помнікі, якія ўвасобілі розных па сваёй ролі ў гісторыі асоб, аб’яднаў пляц беларускай правінцыі. Карэспандэнт TUT.BY зазірнула ў глыбіню нашага манументальнага мастацтва і даведалася, чаму мы яшчэ не гатовыя прамяняць сваю складаную любоў да Леніна на помнік карове з вымем.
 
Помнік Кастусю Каліноўскаму. Фота Андрэя Дыбоўскага, чэрвень 2008, globus.tut.by
Помнік Кастусю Каліноўскаму. Фота Андрэя Дыбоўскага, чэрвень 2008, globus.tut.by


Большасць помнікаў бальшавікам памерлі ідэйна
 
У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў каля 450 помнікаў манументальнага мастацтва. Да іх адносяцца скульптуры, калоны, надмагільныя пліты, бюсты, дошкі, манументы ў мемарыяльных комплексах, брацкія магілы, стэлы… Акрамя таго, у нас багата скульптур, якія не маюць такой каштоўнасці, але тым не менш упрыгожваюць гарады і мястэчкі.
 
Асноўная частка такіх помнікаў на Беларусі - бальшавіцкім лідарам і героям Вялікай Айчыннай вайны, беларускім дзеячам культуры, святым, трапляюцца гарадскія скульптуры іранічна-лірычнага зместу. Горадам-лідарам па колькасці манументальных помнікаў мастацтвазнаўцу, гісторыку архітэктуры, выкладчыку ЕГУ Сяргею Харэўскаму падаецца Полацк. А вось больш за ўсё бальшавіцкіх помнікаў, на яго думку, у Барысаве і Бабруйску. “Там шмат прадпрыемстваў і заводаў, і кожны з іх ставіў сабе Леніна. Лічылася праявай высокай культуры, калі на тэрыторыі прадпрыемства стаіць Ленін”, - кажа ён.

 
Памятник В.Ленину в г.Борисов,9 сентября 2002 г. Фото: photo.bymedia.net
Помнік Леніну ў Барысаве. Фото: photo.bymedia.net
 
Да таго ж, на меркаванне эксперта, большасць манументаў бальшавікам у нас ужо памерлі ідэйна. “Калі пастаянна не ўзнаўляць у свядомасці, каму і чаму пастаўлены гэтыя помнікі, яны паміраюць. Да многіх манументаў у нас проста прывыклі. Маладое пакаленне наўрад ці ведае, хто такія Калінін, Кіраў, Арджанікідзэ”, – разважае эксперт.
 
Карэспандэнт TUT.BY правяла апытанку каля помніка савецкаму партыйнаму дзеячу Міхаілу Калініну ў Мінску сярод дзесяці мінакоў. Шэсць чалавек ва ўзросце да 30 гадоў не ведаюць, хто такі Калінін. Трое мужчын за 30 аднеслі яго да савецкага лідара, адзін незнаёмец такога ж узросту зазначыў, што Калінін - удзельнік рэвалюцыі. Як бачым, словы Сяргея Харэўскага пацвердзіліся на практыцы.
 
Мы любім Леніна складанаю любоўю
 
На думку Дзяніса Барсукова, галоўнага спецыяліста Упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры, асоба, якой прысвечана больш за ўсё помнікаў на Беларусі, - Ленін. Амаль у кожным райцэнтры ёсць помнік правадыру рэвалюцыі. Але только дзевяць з іх, па інфармацыі Мінкульта, маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. “Да таго ж у нас 90% скульптур Леніну ананімныя. Раней аўтарства помнікаў Леніну было пазначана ва ўсіх даведніках. Зараз гэта архіўная, амаль дэтэктыўная гісторыя. Старыя скульптары гэтым ужо не ганарацца”, - тлумачыць Сяргей Харэўскі.
 
Першы ў свеце помнік Леніну з’явіўся ў 1922 годзе ў беларускім мястэчку Краснаполле Магілёўскай вобласці. Яго з дрэва зрабіў вядомы скульптар Артур Грубэ. Апошняга на Беларусі Леніна паставілі ў 1991 годзе ў Паставах на цэнтральным пляцы. Гэты салідны, выліты з бронзы да 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі манумент стаіць там і сёння. Прыкладна два гады таму ён меў крыху экзатычнае афармленне - па баках ад яго стаялі пластыкавыя пальмы-начнікі кіслотнага колеру. Але па словах мясцовых жыхароў, з пальмаў ля гарвыканкама насельніцтва кпіла, маўляў, там “малпаў больш, чым пальмаў”… Сёння каля помніка Леніну пальмаў ужо няма, іх перанеслі да музычнай школы.
 
На думку Сяргея Харэўскага, самы жудасны помнік правадыру рэвалюцыі - у Глыбокім. “Яго зрабілі па-аматарску і відавочна з крывымі нагамі”, - зазначае эксперт. У канцы мая гэтага года помнік знялі з пастамента і адправілі на рэстаўрацыю. Ці вернецца глыбоцкі Ленін на былое месца, дакладна не вядома.
 
Помнік Леніну ў Глыбокім. Фота Кастуся Шыталя, 23 сакавіка 2012
Помнік Леніну ў Глыбокім. Фота Кастуся Шыталя, 23 сакавіка 2012
 
Эксперт лічыць самым арыгінальным помнікам Леніну – манумент на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Яго стварыў скульптар Матвей Манізер. “Ён ведаў Леніна асабіста і перадаў у скульптуры высокае пачуццё. Тады яшчэ не было клішэ сярод скульптур Леніну, і помнік атрымаўся вельмі арыгінальны”, - распавядае Сяргей.
 
Фота: belarus.nemiga.info
Фота: belarus.nemiga.info
 
Але не толькі дарослы Ленін ушанаваны ў беларускай скульптуры. Напрыклад, каля дзіцячых садкоў таксама можна знайсці Леніных-херувімчыкаў. Адзін з такіх раней стаяў на тэрыторыі садка каля кубінскай амбасады. “Каб зараз сабраць тузін такіх гномікаў і паставіць у адным месцы, было б крэатыўна. Але зрабіць гэта самапасам, без узгаднення з уладай, нерэальна”, - кажа Сяргей.
 
Сяргей Харэўскі лічыць, што роля Леніна нашай дзяржавай не вызначана адназначна. Таму ніхто не ведае, як ставіцца да гэтых манументаў. Калі бачна, што помнік стаў руінай, яго трэба прыбраць. Гэтак зрабілі ў Беларучах Лагойскага раёна, а таксама ў Жухавічах Карэліцкага раёна. А ёсць такія прыклады, калі помнік пераносяць з месца на месца, дэманструючы нашу складаную любоў да яго.“У Наваградку Ленін стаіць на пастаменце ўпрысядку. Калісьці ён быў на цэнтральным пляцы сярод лістоўніц і камічна, быццам бы гномік, выскокваў з-пад лістоў. Да юбілею Адама Міцкевіча замест Леніна вырашылі паставіць помнік Міцкевічу. А Леніна перанеслі на іншую вуліцу, зусім прыбраць - рука не паднялася. Падобная гісторыя з пераносам Леніна адбылася і ў Нясвіжы”, - апавядае Сяргей Харэўскі.
 
Помнік Адаму Міцкевічу. Фота Андрэя Дыбоўскага, май 2007, globus.tut.by
Помнік Адаму Міцкевічу. Фота Андрэя Дыбоўскага, май 2007, globus.tut.by
 
 
Купала і Колас – наша ўсё?
 
Яшчэ адна шматлікая група помнікаў – беларускім дзеячам культуры. У нас ёсць манументы Кастусю Каліноўскаму, у вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна стаіць помнік Францішку Багушэвічу, у Астрыно Шчучынскага раёна і ў самім Шчучыне - Алаізе Пашкевіч (Цётцы). За савецкім часам паставілі помнік друкару Пятру Мсціслаўцу ў Мсціславе. “Там цікавая лірычная трактоўка: мсціслаўскі юнак марыць пра тое, у які свет паляціць... Рамантычны, летуценны вобраз, – акцэнтуе ўвагу Сяргей Харэўскі. - А цяпер паставілі й яшчэ аднаго Пятра Мсціслаўца, толькі дарослага!
 
Помнік юнаку Пятру Мсціслаўцу. Фота Андрэя Дыбоўскага, сакавік 2007, globus.tut.by
Помнік юнаку Пятру Мсціслаўцу. Фота Андрэя Дыбоўскага, сакавік 2007, globus.tut.by
 
Таксама падчас Саветаў у Полацку з’явіўся манумент Францыску Скарыне. Пасля развалу СССР паставілі помнікі Язэпу Драздовічу, Максіму Багдановічу. “Не так даўно ў Лепелі з’явіўся помнік Льву Сапегу і ў Мінску - Максіму Гарэцкаму. Але, на мой погляд, апошні няўдала прыспасобілі, і пісьменнік атрымаўся карузным дамавічком”, - разважае Сяргей.
 
Помнік Льву Сапегу. Фота Глеба Лабадзенкі, верасень 2011, globus.tut.by
Помнік Льву Сапегу. Фота Глеба Лабадзенкі, верасень 2011, globus.tut.by

Дзяніс Барсукоў лічыць, што лепш за ўсё наш нацыянальны дух адлюстроўваюць помнікі Купалу і Коласу. “Але асабліва мне падабаецца манумент Максіму Багдановічу”, - кажа ён. І дадае, што ў гэтым накірунку нам яшчэ можна працаваць – ставіць помнікі славутым дзеячам культуры і мастацтва. Аднак, каму канкрэтна, эксперт не сказаў.
 
Са свайго боку Сяргей Харэўскі прапанаваў паставіць помнік беларускаму настаўніку і мовазнаўцу Івану Насовічу, вядомым мастакам Фердынанду Рушчыцу і Хаіму Суціну, кампазітару Станіславу Манюшку.
 
У нас каля тузіна помнікаў Яну Паўлу II
 
Вялікую групу помнікаў на Беларусі складаюць манументы святым. Напрыклад, у Слуцку стаіць помнік святой Соф’і Слуцкай, у Гародні на падворку Кафедральнага сабора - Маці Божай, у Полацку - святому Мікалаю, у мястэчку Іванава Брэсцкай вобласці - святому Андрэю Баболю. Таксама ў нас дзесьці тузін помнікаў Яну Паўлу II. А ў мястэчку Лучай Пастаўскага раёна ў 2008 годзе паставілі першы ў свеце помнік дзеючаму Папе Рымскаму Бенедыкту XVI.
 
Помнік Бенедыкту XVI. Фота Андрэя Дыбоўскага, жнівень 2011, globus.tut.by
Помнік Бенедыкту XVI. Фота Андрэя Дыбоўскага, жнівень 2011, globus.tut.by

Першую ў Саюзе маштабную скульптуру ў стылі “ню” паставілі ў Мінску
 
На думку спадара Харэўскага, гарадская скульптура іранічна-лірычнага зместу разбіла ідэалагічную манаполію кансерватыўнага беларускага манументальнага мастацтва. Помнікі бабру і агурку, творы скульптара Уладзіміра Жбанава “Дзяўчына на лаўцы”, “Курыльшчык”, "Дзяўчынка з парасонам", "Фатограф", "Дама з сабачкам" даказалі, што цікавыя помнікі могуць быць несур’ёзнымі.
 
Помнік агурку ў Шклове. Фота Андрэя Дыбоўскага, жнівень 2007, globus.tut.by
Помнік агурку ў Шклове. Фота Андрэя Дыбоўскага, жнівень 2007, globus.tut.by
У савецкі час такога кшталту скульптуры былі адзінкавымі. Напрыклад, першым савецкім помнікам у стылі “ню” можна лічыць кампазіцыю “Купалінкі” ў парку Янкі Купалы. Па словах Сяргея Харэўскага, у той час гэта быў мастацкі і эстэтычны прарыў.
 
Якіх помнікаў нам не стае?
 
Неўзабаве ў Гомелі з’явіцца парк Савецкай эпохі, у Віцебску помнік князю Альгерду, а ў Мінску ўвекавечаць беларускіх чэкістаў, Усяслава Чарадзея, Глеба Менскага, Пятра Машэрава.
 
Тым не менш Сяргей Харэўскі спадзяецца, што ў нас будзе больш і пафаснай, і іранічнай скульптуры, і манументаў з нацыянальным каларытам. “Чаму у нас няма помніка карове, нашай карміцельцы? Думаю паставіць манумент карове з пазалочанымі рагамі і вымем, за якое можна патрымацца, было б арыгінальна. Манументальнаму мастацтву бракуе помнікаў беларускім казачным персанажам - Шляхцічу Завальні, Пакаці-Гарошку, Кавалю-Вярнідубу, Ваўкам з Зайцамі, Лісіцы-Хітрыцы, Мядзведзю, Пчолкам з залатымі крыльцамі, Каню і зніклым валам, турам, ланям і хахулям... А таксама нам не стае помнікаў песенным персанажам: да прыкладу, Ясю з канюшынай”, - кажа Сяргей Харэўскі.
 
Па словах Дзяніса Барсукова, беларускі помнік таксама можа стаць сусветна вядомым. Пры ўмове, што ён будзе “вялікай мастацкай якасці і вялікіх памераў”.У Рыа-дэ-Жанейра ёсць помнік Ісусу Хрысту, у Парыжы – Эйфелева Вежа... Таму, каб беларускі помнік стаў сусветна вядомым, ён павінен быць бачны з любой кропкі горада”, - упэўнены ён. Са свайго боку Сяргей Харэўскі кажа, што сусветную славу мог бы атрымаць дасціпны помнік. “Хлопчыка, які спраўляе патрэбу" з Брусэлю ведаюць у свеце з-за яго дасціпнасці. То бок нам, насамрэч, пакуль не хапае разняволенасці й пачуцця гумару”.
 
Фота: wikipedia.org
Фота: wikipedia.org


 
А што на гэты конт думаеце вы? Якіх помнікаў нам не стае і які беларускі помнік можа стаць сусветна вядомым?
-24%
-40%
-10%
-25%
-25%
-20%
-15%
-24%
-10%
0070970