Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У навагоднія і калядныя святы ў Мінску фіксуецца да 10 пажараў, звязаных з піратэхнічнымі вырабамі. У сувязі з гэтым некалькі гадоў таму гарадскія ўлады забаранілі продаж піратэхнікі на рынках і ў камерцыйных кіёсках. Аднак штраф у 3 мінімальныя базавыя велічыні не палохае прадаўцоў саматужнай піратэхнікі. Яны прадаўжаюць гандляваць петардамі, салютамі, ракетамі, феерверкамі і іншымі вырабамі, атрымліваючы вялікі "навар". А бяскрыўдная "ракета" можа стаць прычынай непапраўнай бяды, расказала карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар сталічнага ўпраўлення МНС Ала Тылецкая.

Выратавальнкі папярэджваюць, што прадугадаць траекторыю палёту петарды немагчыма. Парыў ветру, сцяна будынка або дрэва могуць змяніць напрамак руху самым нечаканым чынам. У мінулыя гады бывалі выпадкі, калі петарды і "ракеты" прабівалі двайное аконнае шкло на 8-м паверсе, прыводзячы да ўзгаранняў на балконах і ў кватэрах мінчан.

У навагоднія дні ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы і ў супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў. Многія жадаючыя стварыць шумавыя і светлавыя эфекты часта становяцца ахвярамі таннай кітайскай піратэхнікі. Кожны Новы год урачы адзначаюць да 20 няшчасных выпадкаў, звязаных усё з той жа піратэхнікай. Прычым сярод ахвяр не толькі школьнікі, але і дарослыя людзі. Так, у адно з навагодніх свят 35-гадовы мінчанін у выніку выбуху пазбавіўся некалькіх пальцаў рукі. Адарваныя пальцы, рваныя раны і апёкі твару і рук - звычайныя з'явы ў навагоднія святы, са шкадаваннем канстатуюць медыкі.

Вельмі небяспечныя ў пажарных адносінах і ёлачныя гірлянды, а таксама бенгальскія агні і свечкі. Прадаўцы гірляндаў абавязаны прадстаўляць сертыфікаты якасці па першаму патрабаванню пакупнікоў, адзначаюць выратавальнікі. Пры ўпрыгожванні гірляндамі навагодніх ёлак грамадзянам трэба помніць, што дрэва не павінна закрываць прамы доступ да электраразеткі. Ні ў якім выпадку нельга дапускаць, каб на ёлцы з гірляндамі знаходзілася вата. А пра тое, каб запаліць на ёлцы свечкі і бенгальскія агні, не можа быць і размовы. Гэтыя элементарныя правілы дапамогуць захаваць здароўе і добры настрой на працягу чарады святочных дзён, падкрэсліваюць спецыялісты МНС.

Ігар ХАДАСЕВІЧ,