Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Таленавітыя беларускія дзеці ўносяць свой уклад у тое, каб нашу краіну паважалі і цанілі ў свеце. У адыходзячым 2003 годзе дзеці разам з дарослымі будавалі вялікі прыгожы дом пад назвай Беларусь. Гэта адзначыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які прыняў удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", што адбылася 27 снежня ў Палацы Рэспублікі. На галоўнай ёлцы краіны прэзідэнт павіншаваў беларускіх дзяцей з Новым годам і Калядамі.

Ужо стала добрай традыцыяй, што беларускі лідэр перад навагоднімі святамі знаходзіць час сустрэцца з юнымі грамадзянамі - будучым нашай краіны. Як прызнаўся прэзідэнт, гэта і яго любімае свята. Усе чакаюць ад Новага года казак і чараўніцтва, мараць аб увасабленні іх у жыццё. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба шмат працаваць, каб казка змагла наблізіцца да нас, увайсці ў наша жыццё.

Кіраўнік дзяржавы з гордасцю адзначыў, што захапляецца поспехамі маладога пакалення. Мы рады поспехам зусім яшчэ юнай спявачкі Вольгі Сацюк, Каці Ліпоўскай на тэлевізійным конкурсе "Еўрабачанне", Сашы Салавейчык на міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", школьніцы Насці Кашчышынай, якая атрымала 6 узнагарод на Сусветным чэмпіянаце выканальніцкіх відаў мастацтваў у Галівудзе. Такімі дзецьмі краіна па праву ганарыцца, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. У дапамогу найбольш здольным дзецям створаны спецыяльны прэзідэнцкі фонд падтрымкі таленавітай моладзі.

Прэзідэнт пахваліў дзяцей і за дапамогу дарослым у добраўпарадкаванні нашых гарадоў і вёсак. Важна, што школьнікі з дзяцінства прывыкаюць наводзіць парадак на сваёй роднай зямлі. Аляксандр Лукашэнка заклікаў дзяцей і падлеткаў акружыць клопатам і ўвагай кожнага ветэрана, што асабліва важна ў гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Беларусі лідэр падкрэсліў, што дапамагаць старым - гэта вялікая і святая справа. Многія з юных гасцей, што прыехалі на свята, - удзельнікі атрадаў дапамогі ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Вітаючы дзяцей, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта дзякуючы мужнасці і стойкасці ўдзельнікаў вайны наша краіна займае цяпер дастойнае месца ў свеце, а ўсе мы жывём на сваёй, а не на чужой зямлі.

Амаль 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з розных рэгіёнаў рэспублікі пабывалі ў гэты дзень на прэзідэнцкай ёлцы. Такі гонар выпаў менавіта гэтым дзецям - кожны з іх у мінулым годзе пастараўся ўнесці сваю маленькую лепту ў жыццё нашай краіны. Дзеці старанна вучыліся, займаліся спортам і дасягалі сваіх вяршынь - пакуль яшчэ маленькіх, але наперадзе іх чакае вялікае будучае. У ліку юных гледачоў былі прадстаўнікі ўсіх дзіцячых арганізацый і школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, пераможцы фестываляў, аглядаў, конкурсаў, алімпіяд, юныя спартсмены, выдатнікі вучобы і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На свята былі запрошаны дзеці, якія прадстаўляюць БРСМ, піянерскую і скауцкія арганізацыі, асацыяцыю беларускіх гайдаў, асацыяцыі шматдзетных бацькоў і дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, Магілёўскі абласны фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў "Мы - адраджэнне".

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,